Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці здолее кампанія “Ітэра” пабудаваць электрастанцыю ў Беларусі?


Юлія Шарова, Менск З рэалізацыяй праекту кампаніі “Ітэра” ў будаўніцтве электрастанцыі ўзьніклі праблемы. Згодна з заявамі беларускіх чыноўнікаў, пакуль не ўдалося падабраць пляцоўку пад узьвядзеньне гэтага аб’екта. Незалежныя ж экспэрты лічаць гэтую інвэстыцыйную прапанову ня досыць пэрспэктыўнай.

Праект “Ітэры” прадугледжваў будаўніцтва ў Беларусі электрастанцыі магутнасьцю 900 мэгават, але падрабязны бізнэс-плян пакуль не разгалошваўся – магчыма, з тае прычыны, што яго яшчэ ня склалі. Пакуль абіраюць пляцоўку, на якой павінны гэтую электрастанцыю ўзьвесьці. Тут умовамі “Ітэры” былі блізкасьць да польскай мяжы, газаправод і наяўнасьць вадаёму – але пляцоўка пад Зэльвай у Гарадзенскай вобласьці, якую беларускія ўлады давалі, расейцаў не задаволіла.

Першы намесьнік міністра энэргетыкі Беларусі Эдуард Таўпянец на мінулым тыдні заявіў, што зараз цяжка спрагназаваць вынік праекту: гарантаваць, што гэты вынік будзе станоўчым, чыноўнік ня можа. У кампаніі “Ітэра” камэнтароў на гэты конт пакуль не даюць. Гаворыць прэсавы сакратар кампаніі Яўгеній Астапаў:

(Астапаў: ) “Тут няма чаго камэнтаваць, бо калі намесьнік міністра заявіў, то так яно й ёсьць. Вядуцца перамовы. Шмат усялякіх плошчаў для ўзьвядзеньня прамысловых аб’ектаў. Я ня ведаю, у чым праблема”.

Цяпер створаныя працоўныя групы канцэрну “Белэнэрга” і “Ітэры”, якія, паводле словаў Эдуарда Таўпянца, павінны пераканацца ў пэрспэктыўнасьці ці беспэрспэктыўнасьці новага праекта.

Наколькі такі праект сапраўды можа быць пэрспэктыўным і выгадным для абодвух бакоў? Аглядальнік штотыднёвіка “Белорусский рынок” Тацяна Манёнак кажа, што ў кампаніі “Ітэра”, наагул, вельмі вялікая зацікаўленасьць у пашырэньні ўплыву ў Беларусі. На сёньняшні дзень кампанія мае тут каля 20 буйных праектаў, прычым ня толькі ў энэргетычнай сфэры.

Што да выгады для Беларусі ў будаўніцтве новай электрастанцыі, то тут спадарыня Манёнак даволі скептычна ацэньвае такі праект. Зь ейных словаў, Беларусь сама можа забясьпечваць сябе электраэнэргіяй. Іншая справа, што існыя магутнасьці значна зношаныя, і больш карысьці ад інвэстыцыяў “Ітэры” было б на мадэрнізацыі Бярозаўскай ці Лукомльскай ГРЭС. Такая прапанова да расейцаў паступала, але яны адмовіліся яе прымаць. Таму Беларусі варта больш дбаць пра сваю выгаду ў гэтай справе, лічыць Тацяна Манёнак:

(Манёнак: ) “Трэба, каб “Ітэра” прыцягнула ў Беларусь прыродны газ. Канечне, даволі цяжка дамовіцца пра пастаўкі нават на будучы год, хоць цяпер у “Ітэры” ёсьць магчымасьць пастаўляць больш за 7 мільярдаў кубамэтраў. Але ж патрэбная дамоўленасьць з Газпромам, а Газпром ня хоча цяпер гэтыя пазыцыі “Ітэры” здаваць. Ці будзе гэта, ці ня будзе – сказаць вельмі цяжка, бо “Ітэра” – гэта пакуль несамастойная кампанія ў сэнсе паставак прыроднага газу. Калі “Ітэра” і Газпром будуць пастаўляць прыродны газ па тых жа коштах, то такога вялікага сэнсу ў праекце ня будзе”.

Іншы бок праблемы – канкурэнтаздольнасьць электраэнэргіі, якую будуць прадукаваць на новай станцыі. “Ітэра” мусіць знайсьці пакупнікоў у Эўропе, аднак кампанія не зьяўляецца профільнай у электраэнэргетыцы, таму ёй будзе цяжка шукаць рынкі збыту, кажа Тацяна Манёнак.
XS
SM
MD
LG