Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнцкія выбары на Ўкраіне прайшлі ў чаканьні правакацыяў і фальсыфікацыяў


Валер Каліноўскі, Кіеў Ва Ўкраіне адбыліся чацьвёртыя за час незалежнасьці прэзыдэнцкія выбары. Кампанія была значна больш напружанай за папярэднія. Украіна атрымала рэальны шанец на перамены. У бюлетэнях былі прозьвішчы 24 кандыдатаў, але рэальнымі прэтэндэнтамі на пасаду прэзыдэнта зъяўляюцца два: лідэр апазыцыйнага блёку “Наша Ўкраіна” Віктар Юшчанка – празаходні палітык, які ўвасабляе рух за дэмакратычныя перамены – і дзейны прэм’ер ды спадкаемца Леаніда Кучмы Віктар Януковіч, абраньне якога адкрыта лабіруе расейскае кіраўніцтва. За Юшчанку стаяць захад і цэнтар Украіны, за Януковіча – поўдзень і ўсход, і асабліва ягоны родны Данбас. Абодва асноўныя кандыдаты ўжо заявілі пра сваю ўпэўненасьць у перамозе.

У Кіеве цёпла, “бабіна лета”, каштаны ўсыпаныя аранжавым лісьцем, аднаго колеру са сьцягамі й плякатамі Віктара Юшчанкі. З аранжавымі стужкамі й сёньня па горадзе езьдзяць многія машыны. Большасьць кіеўлянаў, зь якімі ўдалося гэтымі днямі пагаварыць, упэўненыя ў перамозе манавіта Юшчанкі.

(Спадарыня: ) “Канешне, за Юшчанку, таму што гэта надзея Ўкраіны, таму што гэта чалавек новага тыпу, чалавек прагрэсіўны, чалавек з новай ідэалёгіяй, якому можна паверыць, ён наш”.

(Спадар: ) “За Віктара Андрэевіча Юшчанку, таму што ён мне падабаецца як чалавек, як разумны мужчына, культурны, пісьменны”.

Зь вялікай цяжкасьцю ў Кіеве ўдаецца знайсьці людзей, якія галасавалі за Януковіча, ягоны электарат пераважна на ўсходзе краіны.

(Спадар: ) “Я хачу за Януковіча галасаваць. Вось мой выбар, таму што ў мяне ёсьць радня ў Расеі. І я яму давяраю”.

На адным з участкаў мне ўдалося сустрэць Алега Скрыпку, лідэра гурта “Воплі Відаплясава”, які заявіў, што прагаласаваў за Юшчанку:

(Скрыпка: ) “Я шчыра яго падтрымаў, я хачу добрай будучыні ў кантэксьце Эўропы. Я хачу, каб Эўропа прыйшла да нас, а Украіна ўвайшла ў Эўропу. На патрэбен саюз не з Расеяй, а з Эўропай”.

Віктар Юшчанка зъявіўся на ўчастку для галасаваньня ў атачэньні сваіх шматлікіх дзяцей, прычым старэйшая дачка была цяжарнай, а на руках у Юшчанкі быў сын Тарас, якому меней года. Віктара Юшчанку сустракалі воплескамі, і ён заявіў пра тое, што чакае перамогу ўжо ў першым туры.

(Юшчанка: ) “Сябры, усё зразумела, перамога ў першым туры, у другі тур не трэба заходзіць, я ўдзячны Богу, і я шчасьлівы, што выбарчая кампанія дасягнула сваёй мэты. Мы маем іншых грамадзянаў, іншыя палітычныя сымпатыі, іншы выбар. І я перакананы, што з намі Бог, бо з намі праўда”.

Тым часам канкурэнт Юшчанкі Віктар Януковіч таксама заявіў, што ён упэўнены ў перамозе, і ў верагодным другім туры галасаваньня ён разьлічвае на падтрымку камуністаў і сацыялістаў.

(Януковіч:) “Я галасаваў за будучыню Ўкраіны, таму што лічу, што нашыя дзеці, наш абавязак перад імі, каб яны мелі будучыню. І яна павінна быць у надзейных руках”.

Тым часам пасьля галасаваньня ў Кіеве чакаюць масавых выступленьняў апазыцыі й прыхільнікаў Януковіча. Ахова будынку ЦВК узмоцненая дадатковай агароджай і бронетранспарцёрамі, на ВДНГ улады арганізавалі для студэнтаў вечарынку зь бясплатным півам і закускай. Не выключаныя сутыкненьні, штаб Віктара Юшчанкі й ініцыятыва “Пара” свае мітынгі перанесьлі на панядзелак. З усходу на захад Украіны і ў Кіеў на спэццягніках і аўтобусах прыехала шмат людзей.

Акрамя сутычак, апазыцыя чакае масавых фальсыфікацыяў, зрыву галасаваньня на пэўных участках, на гэты час вядома толькі што ў асобных абласьцях са складу выбарчых камісіяў выключаныя прадстаўнікі апазыцыйных кандыдатаў, у Закарпацкай вобласьці з раніцы не змаглі адкрыцца 25 выбарчых участкаў.

* Незалежны кансорцыюм сацыёлягаў абвясьціў папярэднія вынікі экзыт-полу. Было апытана каля 50 тысячаў рэспандэнтаў, вынікі – папярэднія на 14 гадзіну дня 31 кастрычніка. Паводле ананімнага анкетаваньня 20-ці тысячаў рэспандэнтаў, Віктар Юшчанка набраў каля 45% галасоў, а ягоны асноўны канкурэнт Віктар Януковіч атрымаў каля 37% галасоў.

Паралельна праводзілася апытаньне звычайным, не ананімным мэтадам. Гэтыя вынікі крыху адрозьніваюцца: за Юшчанку – 42%, за Януковіча – 40% галасоў.

Сацыёлягі адзначаюць, што захавалася ранейшая тэндэнцыя ў галасаваньні грамадзянаў Украіны: на ўсходзе больш галасуюць за Віктара Януковіча, на захадзе і ў цэнтры Ўкраіны – за Віктара Юшчанку. Таксама выяўлена, што ў сельскай мясцовасьці больш галасуюць за Віктара Юшчанку, а не за Януковіча. Сацыёлягі тлумачаць гэта тым, што гарады больш русыфікаваныя.

*

У сталіцы Ўкраіны працягваецца падлік галасоў на прэзыдэнцкіх выбарах. Паводле першых зьвестак наперадзе прэм’ер-міністар Украіны Віктар Януковіч. Пасьля падліку 29% булетэняў было адзначана, што за Віктара Януковіча аддалі свае галасы 47,3% выбарцаў. У падтрымку Віктара Юшчанкі выказаліся 32,7% удзельнікаў галасаваньня. Паводле практычна ўсіх экспэртаў, пераможца выбараў вызначыцца ў другім туры. Назіральнікі зафіксавалі шматлікія парушэньні пад час выбараў. Яўка выбарцаў склала 75%.

На фота: Віктар Юшчанка адказвае на пытаньні журналістаў перад выбарчым участкам пасьля галасаваньня
XS
SM
MD
LG