Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Флярыда, Пэнсыльванія й Агаё вызначаць вынік выбараў прэзыдэнта ЗША


Алеся Сёмуха, Вашынгтон Да адкрыцьця выбарчых участкаў у ЗША застаюцца гадзіны. Гэтыя апошнія гадзіны перадвыбарчай кампаніі для двух галоўных кандыдатаў, прэзыдэнта Буша й сэнатара Кэры, праходзяць таксама, як і самы пачатак кампаніі – уся праца й рэсурсы канцэнтруюцца ў некалькіх штатах: Флярыдзе, Пэнсыльваніі й Агаё. Гэтыя штаты маюць вялікую колькасьць выбаршчыкаў, і аніводзін з кандыдатаў ня мае яўнай перавагі ў гэтых штатах. Аднак той, хто выйграе змаганьне ў гэтых штатах, выйграе і выбары. Абодва кандыдаты бачаць сваёй звыш задачай мабілізаваць на галасаваньне як мага больш выбарцаў з катэгорыі сваіх прыхільнікаў.

Хто ўваходзіць у катэгорыю прыхільнікаў Джорджа Буша? Статыстычна – гэта беласкурыя мужчыны ад трыццаці гадоў і вышэй. Зь ідэялёгіяй кансэрватараў таксама сымпатызуюць амэрыканцы, якія рэгулярна наведваюць царкву.

Сярод жанчын, паводле зьвестак розных апытаньняў, прэзыдэнт Буш менш папулярны, чым сэнатар Кэры. І хоць жанчыны, як і мужчыны, вельмі вялікую ўвагу надаюць пытаньням бясьпекі, а ў гэтай катэгорыі дамінуе сёньняшні прэзыдэнт, жанчыны ставяць важнасьць эканамічных пытаньняў нароўні ці нават вышэй за пытаньні бясьпекі.

Для жанчын на першых месцах стаяць пытаньні працы, пэнсый і мэдычнага страхаваньня. І ў гэтых пытаньнях дэмакраты маюць больш прывабную для сярэдняй клясы праграму, чым рэспубліканцы. Больш за 40 мільёнаў амэрыканцаў зараз ня маюць мэдычнай страхоўкі. Падчас прэзыдэнцтва Джорджа Буша болей працоўных месцаў было экспартавана за межы краіны й страчана, чым створана. Усе гэтыя праблемы досыць балючыя для працоўнае клясы і для маладзейшых амэрыканцаў, якія толькі пачынаюць сваю працоўную кар’еру.

Надзвычай важнымі ў гэтыя прэзыдэнцкія выбары сталіся й сацыяльныя пытаньні, такія як права на спыненьне цяжарнасьці й кантроль над валоданьнем зброі. Жорсткая пазыцыя прэзыдэнта Буша на забарону абортаў, канстытуцыйную забарону гомасэксуальных шлюбаў і слабы кантроль за продажам зброі ўнутры краіны моцна падзяліла грамадзтва й папоўніла шэрагі дэмакратаў.

Да апошняга дня ня ёсьць відавочнай перамога ніводнага з галоўных прэтэндэнтаў. Некаторыя палітолягі кажуць, што высокі ўдзел выбарцаў у галасаваньні заўсёды абарочваецца нядобра для існуючага прэзыдэнта, бо паказвае на незадаволенасьць у грамадзтве.

Адначасова, сэнатар Кэры ня мае манаполіі на лібэральную праграму. Больш за палова штатаў будуць мець у выбарчых бюлетэнях і трэцяе імя – Ральфа Найдэра. Ягоная сацыяльна-лібэральная праграма можа, як і ў папярэднія выбары, забраць некалькі адсоткаў галасоў ад сэнатара Кэры. Аднак, пры ўсёй падзеленасьці, усе сыходзяцца на адным спадзяваньні – што вынікі выбараў стануць вядомыя на наступны дзень пасьля галасаваньня, а не праз некалькі месяцаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG