Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Застаюцца суткі да пачатку галасаваньня на выбарах прэзыдэнта Злучаных Штатаў


Сяргей Навумчык, Нью-Ёрк Аглядальнікі выказваюць розныя прагнозы, але сыходзяцца ў адным: ад таго, хто зойме Авальны кабінэт Белага Дому, будзе залежыць ня толькі бліжэйшая будучыня ЗША, але й сытуацыя ў сьвеце.

На працягу апошніх двух дзён рэйтынгі Буша і Кэры практычна выраўняліся; невялікая перавага ў Буша. І паколькі гэтая перавага трымаецца ўжо два-тры дні – некаторыя выказваюць меркаваньне, што Буш пераможа зь мізэрнай перавагай, можа быць, у палову працэнта. Але, канешне, гэта толькі прагноз: да таго ж, да галасаваньня застаюцца яшчэ суткі, і ўсё можа здарыцца.

Тым ня менш, нейкая частка амэрыканцаў ужо прагаласавала датэрмінова. Мы памятаем, як некалькі тыдняў назад у Беларусі кіраўнікі ўстановаў прымушалі сваіх падначаленых галасаваць датэрмінова, і паводле назіральнікаў, гэта было выкарыстана ў мэтах фальсыфікацыі.

Працэдура датэрміновага галасаваньня існуе і ў Штатах. На сёньняшні дзень у некаторых штатах датэрмінова прагаласавалі да 8-мі адсоткаў выбаршчыкаў. Але ўмовы, пры якіх можна галасаваць датэрмінова, абмежаваныя выбарчым заканадаўствам. Дзеля таго, каб скарыстаць так званы “бюлетэнь адсутнасьці”, трэба падаць заяўку ў мясцовую выбарчую камісію і пазначыць прычыну. Прычына павінна быць паважнай, а менавіта – хвароба, тэрміновая праца, інваліднасьць, ад’езд, вучоба, затрыманьне за дробнае правапарушэньне ці шпіталізацыя. Пасьля гэтага можна альбо прыйсьці на выбарчы ўчастак і прагаласаваць датэрмінова, альбо – адправіць бюлетэнь праз пошту.

Што датычыць магчымага прымусу галасаваць датэрмінова ці, напрыклад, фальсыфікацыі такіх бюлетэняў – такіх прыкладаў у ЗША няма. Я магу сказаць, што толькі за пазначэньне няправільных зьвестак у бюлетэні для галасаваньня прадугледжана пакараньне да 4 гадоў турмы; прымус жа ці фальсыфікацыя пры падліку цягнуць значна большую адказнасьць па сукупнасьці злачынстваў. Таму ахвотных ісьці на гэта, наколькі мне вядома, не было.

Яшчэ раз коратка нагадаем, як выбіраюць у Амэрыцы прэзыдэнта. У верасьні грамадзяне выбіраюць выбаршчыкаў ад дэмакратычнай ды рэспубліканскай партыяў, прычым галасуюць за іх зарэгістраваныя члены партыяў. І колькасьць гэтых выбаршчыкаў роўная колькасьці кангрэсмэнаў, якія прадстаўляюць свае акругі, а менавіта – 538. Вось яны і будуць галасаваць непасрэдна за таго альбо іншага кандыдата ў прэзыдэнты.

Але: галасаваць яны будуць у адпаведнасьці з тым, які кандыдат – Буш ці Кэры – атрымае перамогу ў тым штаце, які яны прадстаўляюць. І ніяк інакш. А вызначыцца гэта 2 лістапада. Калі Кэры і Буш атрымаюць аднолькавую колькасьць галасоў – прэзыдэнта ў студзені будзе абіраць Палата прадстаўнікоў Кангрэса.

Ну і колькі словаў пра саму працэдуру галасаваньня. У кожных штатах яна розная – гэта можа быць машына з выкарыстаньнем пэрфакартаў, ці непасрэднага электроннага галасаваньня, ці аптычнага сканаваньня. Ёсьць і галасаваньне шляхам апусканьня ў вурну звычайных бюлетэняў.
XS
SM
MD
LG