Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як засьцерагчыся ад грыпу


Кастусь Бандарук, Прага Што варта ведаць пра, здавалася б, банальны, але насамрэч вельмі небясьпечны грып? Як увосень і ўзімку засьцерагчыся ад гэтай хваробы? Пра гэта – новая перадача з сэрыі “Жывіце доўга – новае ў сучаснай мэдыцыне”.

Традыцыйна, у сярэдне-эўрапэйскім клімаце восень і зіма – гэта пэрыяд імклівага росту захворваньняў на інфэкцыі дыхальных шляхоў. Зь іх ліку самая небясьпечная хвароба – грып.

Гэтая хвароба вядомая чалавецтву з найдаўнейшых часоў. Першую эпідэмію грыпу апісаў ў 412 годзе да нашай эры Гіпакрат. Штогод на грып па ўсім сьвеце хварэюць у сярэднім 100 мільёнаў чалавек. Эпідэміі грыпу паўтараюцца амаль рэгулярна кожныя 2-3 гады.

Калі эпідэмія хутка пашыраецца і ахоплівае некалькі краінаў і нават кантынэнтаў, тады мы маем дачыненьне з “ пандэміяй”. Найстрашнейшай ў гісторыі была пандэмія грыпу званага “гішпанкай”. У 1918-1919 гадох на яе агулам захварэла 550 мільёнаў, а памерла 25 мільёнаў чалавек – болей чым загінула ў часе Першай усясьветнай вайны. Пандэмія азіяцкага грыпу ў 1957 годзе забіла 1 мільён чалавек, а ў 1968 годзе ад грыпу названага “гонк-конг” памерлі 700 тысяч чалавек. Шмат ахвяраў прынёс таксама ў 1977 годзе гэтак званы “расейскі” грып. Агулам, у XX на гэтую хваробу памерла каля 50 мільёнаў чалавек.

Упершыню вірус грыпу быў распазнаны й апісаны ў 1933 годзе. Цяпер вядома, што хваробу выклікаюць вірусы з групы RNA. Яны дзеляцца на тры асноўныя тыпы: A, B і C, якія адрозьніваюцца адзін ад аднаго антыгенамі.

Найбольш небясьпечны зь іх вірус тыпу А, які дзеліцца на 22 падгрупы. Ён характарызуецца здольнасьцю да хуткай мутацыі, што не дазваляе знайсьці адзін унівэрсальны спосаб барацьбы зь ім. Вірус тыпу А выклікае інфэкцыі ня толькі ў людзей, але ў хатняй жывёлы і птушак. Гэтак званы “курыны” грып можа пераносіцца на людзей, і чалавечая імунная сыстэма ня ў стане справіцца зь ім.

Тыповыя сымптомы грыпу – гэта высокая тэмпэратура (часам нават да 40 градусаў), дрыжыкі, боль галавы, горла, суставаў і цягліцаў, агульная слабасьць, катар, кашаль і кан’юнктывіт. У дзяцей бываюць таксама ваніты й панос. Сымптомы грыпу нагадваюць сымптомы звычайнай прастуды, але розьніца паміж імі прыблізна такая, як паміж кулаком і “панцэрфаўстам”.

Крыніцай інфэкцыі зьяўляецца хворы чалавек. Вірусы пераносяцца паветрана-кропельным шляхам. Гэта значыць, што можна заразіцца ад інфэктаванага чалавека, асабліва, калі ён чхае і кашляе, а мы знаходзімся ў адлегласьці ня большай за мэтар.

Вірусы грыпу знаходзяцца ў сьлізістых абалонках і ў сьліне. Інфэктаваны чалавек расьсявае вірусы перш, чым у яго зьявяцца сымптомы хваробы. Найболей падатлівыя на заражэньне – людзі з аслабленай імуннай сыстэмай, дзеці і старэйшыя за 65 гадоў. Найперш з думкай пра іх штогод распрацоўваюцца новыя прышчэпкі супраць грыпу.

Прышчэплівацца ад грыпу трэба ўжо ў верасьні, але можна гэта зрабіць і пазьней, у студзені й нават у лютым. Дасьледаваньні, праведзеныя з вакцынамі, паказалі, што іх пасьпяховасьць складае 70-90%. Арганізм здаровага чалавека набывае імунітэт ад віруса грыпу ўжо два тыдні пасьля прышчэпкі. Вакцына дзейнічае цягам 12 месяцаў, а таксама зьніжае верагоднасьць таго, што мы захварэем у наступным годзе.

У выпадку грыпу, бадай, найбольш небясьпечныя для жыцьця ўскладненьні, найперш – запаленьне бронхаў і лёгкіх, мозгу і сэрца, а таксама пашкоджаньне нырак. Прычынай гэтых захворваньняў не зьяўляюцца вірусы грыпу, але бактэрыі, зь якімі аслабленаму арганізму цяжка змагацца. У Злучаных Штатах пасьлягрыпавыя ўскладненьні зьяўляюцца шостай па распаўсюджанасьці прычынай сьмерці. Ускладненьні, як правіла, патрабуюць працяглай шпіталізацыі й антыбіётыкавай тэрапіі.

Ад вірусаў грыпу нас засьцерагае нашая імунная сыстэма. Верагоднасьць таго, захварэем мы альбо не, шмат у чым залежыць ад саміх нас, ад таго, як мы харчуемся, як сьпім, ці дастаткова займаемся фізычнымі практыкаваньнямі й адпачываем.

Перш чым зьявяцца першыя сымптомы хваробы, прымайце вітамінна-мінэральныя прэпараты багатыя вітамінам С, цынкам і сэленам. Таксама варта браць гомэапатычныя лекі, якія стымулююць імунную сыстэму, напрыклад – экстракт з ахінацэі. Акрамя таго, пажадана штодзень спажываць садавіну і гародніну. Дзякуючы ім у арганізьме павялічыцца вытворчасьць лейкацытаў, якія змагаюцца зь вірусамі й бактэрыямі. У наш дзённы рацыён павінны ўваходзіць кашы, якія дасканала “разаграюць” цела знутры. Гэтак жа дзейнічаюць і розныя прыправы: маяран, перац, імбір. Памяркоўны рух, штодзённы шпацыр, пераменны цёплы і халодны душ і саўна таксама выдатна засьцерагаюць ад грыпу.
XS
SM
MD
LG