Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чуткі й плёткі: дэзінфармацыя ці групавая тэрапія?


Галіна Жарко, Менск Чуткі й плёткі – зьява старажытная, як гэты сьвет. У антычным пантэоне ўвасабленьнем чуткі была нават нейкая Фама. А малявалі чутку ў выглядзе зьмяі. Што кажуць людзі і як яны самі ставяцца да імі ж сказанага?

Кажуць, што 30 % інфармацыі чалавек атрымлівае з інтанацыі і ня болей за 8 % – са значэньня словаў. Каб паверылі, ня столькі важна – што, колькі – як сказаць... Людзям хочацца, каб ім верылі. І каб слухалі. Вось яны й кажуць...

(Галасы: ) “Курам нельга кінуць недаедзенае скібкі, бо ад хлеба куры дохнуць”.

“Кавалачак каўбасы ў “Фанце” растае за ноч”.

“Калі пачынаеш смажыць бананы, дык зь іх выпаўзаюць чарвякі!”

Навошта смажыць бананы?! Пачуўшы пра чарвякоў, пра гэта ўжо ня думаеш.

(Спадарыня: ) “Чым чуткі небясьпечныя?.. Кожны раз, купляючы банан, ты думаеш, ёсьць там “гаспадар” у сярэдзіне ці няма”.

(Сяліцкі: ) “У сучасных тэхналёгіях мэнэджмэнту чуткі зьяўляюцца магутнай зброяй, каб скампрамэтаваць тавар, фірму. Маніпуляцыя пакупніком. Тэорыя чутак займае сваю нішу ў канкурэнтнай, рэклямнай барацьбе. Тое, у чым мы кульгаем”.

Так лічыць кандыдат эканамічных навук Валер Сяліцкі. Кіраўнік рэклямнае кампаніі Аляксандар Васілевіч кажа, што плёткі й чуткі дзейнічаюць на даволі вузкае кола людзей.

(Васілевіч: ) “Напрыклад, мы прадаем нешта такое, што могуць купіць радыёстанцыі, нам цікава папрацаваць з чуткамі. Сярод дырэктараў, якія паміж сабою кантактуюць, можна кінуць чутку наконт нейкага абсталяваньня альбо нейкага спэцыяліста...”

Віртуальная прастора бязьмежная, але й тут ладзяцца стасункі ў вузкім коле. Назіраньні адміністратара Аляксандра з парталу tut.by:

(Аляксандар: ) “Існуюць нейкія суполкі, якія зьбіраюцца на форумах. Мабыць, спачатку нехта на форуме кажа: “Я ведаю, што...” Было вельмі многа чутак і плётак, калі адчыняўся ў Беларусі МТС. Кожны дзень зьяўляліся чуткі, што тэлефанаваць можна будзе бясплатна, што будзе тое, будзе гэта... Калі ён адчыніўся, аказалася, што ніхто ня меў рацыі. Інтэрнэт нічога рэвалюцыйнага сабою не ўяўляе, дык і плёткі тут настолькі ж шкодныя, наколькі шкодныя яны ў рэальным жыцьці”.

А ў рэальным жыцьці людзі кажуць, што...

(Спадарыня: ) “Самыя страшныя плёткі – гэта калі расказваюць пра сяброў. І тады ня ведаеш, як рэагаваць. Становіцца брыдка, што прымаеш у гэтым удзел, бо слухаеш. Гэтая інфармацыя знаходзіць месца ў душы. Сустракаеш абылганага сябра й думаеш: сказаць ці не сказаць...”

(Спадарыня: ) “Я вельмі люблю пляткарыць. Сядзеш зь сяброўкамі, папляткарыш, неяк лягчэй робіцца. Абмеркаваць навуковага кіраўніка, начальніка... Гэта нешта накшталт псыхатэрапіі. Ня з кожным чалавекам будзеш пляткарыць”.

Францускі вучоны-псыхоляг Жан Наэль Капфэрэр стварыў Фонд вывучэньня чутак. Па параду зьвяртаюцца пацярпелыя ад нагавору кіназоркі, якім дапамагаюць трохі падправіць рэпутацыю. Але й папярэджваюць, што злы нагавор – гэта пакараньне за тое, што “зоркі” хаваюць ад цікаўных асабістае жыцьцё. Жыць навідавоку – плата за папулярнасьць.

(Галасы: ) “Кажуць, што ў прэзыдэнта нарадзілася ўжо другое маленькае дзіця”.

“Урала Латыпава й Паўла Якубовіча хутка здымуць з пасадаў”.

“Элеанора Язерская выйшла замуж за амэрыканскага мільянэра”.

Але ўсё гэта звычайныя чуткі.

(Спадарыня: ) “Пра жанчыну, напрыклад, павінна быць шмат чутак і плётак. Асабліва калі адзінокая, прыгожая. Гэта ёй пасуе. Ёсьць плёткі, якія жывуць у вяках. Калі яны тычацца цікавых людзей. Яны становяцца легендамі, паданьнямі. Рамантызуюцца”.

У паэта Леаніда Дранька-Майсюка сваё меркаваньне:

(Дранько-Майсюк: ) “Чуткі нічога страшнага не ўяўляюць. А плёткі звычайна выходзяць зь нізкіх душ, наносяць маральныя раны. Калі хіжы чалавек, амаральная істота ведае, што той ці іншы мастак, паэт ці ўвогуле добры чалавек не валодае сродкамі абароны, такога чалавека можна вельмі лёгка маральна растаптаць”.

А вось думка навукоўца Валера Сяліцкага:

(Сяліцкі: ) “Тыя, хто распрацоўвае тэорыю чутак, лічаць, што нельга зьняпраўджваць чуткі, бо гэта выклікае дадатковую цікавасьць у людзей. Чуткі маюць тэндэнцыю затухаць. Найлепшы спосаб абвяржэньня чуткі – запусьціць кантрачутку. А калі апраўдвацца перад кожнай аўдыторыяй, гэта толькі ўзмоцніць чутку”.

Агенцтва навінаў АБС – “адна бабка сказала” – мае неабмежаваны штат супрацоўнікаў.

(Быкоўскі: ) “Чуткі й плёткі заўсёды ёсьць, заўсёды будуць. Калі грамадзтва вельмі закрытае, адсутнасьць інфармацыі дае перавагу плёткам. Мы ніколі ня ведалі за савецкім часам, што робіцца ў Крамлі, бо маглі толькі бачыць, што робіцца на маўзалеі, хто ў якім парадку падпісаўся ў нэкралёгу...

У Беларусі цяпер не такая адкрытая сыстэма, як у дэмакратычных краінах. Чуткі й плёткі займаюць досыць шмат месца. Бо мы ня ведаем прычынаў прыняцьця некаторых нарматыўных актаў, нейкіх пастановаў дзяржаўнага роўню. Але чуткі – гэта тое, што дае журналісту магчымасьць пачынаць працаваць. Мы можам шукаць крыніцу чуткі, ці зьяўляецца яна аўтарытэтнай ці неаўтарытэтнай. Мы можам, адштурхнуўшыся ад чуткі, пачаць зьбіраць матэрыял”.

А яшчэ давайце паслухаем меркаваньне псыхоляга. Алег Віткоўскі:

(Віткоўскі: ) “Кожны чалавек мае права на свой індывідуальны погляд. Гэта ягонае індывідуальнае скажэньне рэчаіснасьці. Кожны – гэта люстэрка, і ніводнае люстэрка ня ёсьць абсалютна ідэальным. Сынтэз назіраньняў і высноваў нараджае ўласную трактоўку. Гэта можа быць трактоўка калегі з працы. Гэта можа быць трактоўка Бог ведае чаго. А ёсьць жа магутнае жаданьне выказаць сваю думку! Ты ж зрабіў нейкія высновы! А наступны, пачуўшы гэта, прыклаў да свайго бачаньня і таксама нешта прамовіў. Нават ня з мэтаю некага абылгаць – проста ёсьць жаданьне зрабіць нейкі пасыл у гэты сьвет”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG