Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чым ёсьць лазьня ў жыцьці беларуса?


Алег Дашкевіч, Менск Гісторыя лазьні ў Беларусі сягае ў сівую даўніну. Як любая вартая й папулярная зьява, лазьня зрабілася ня толькі мастацтвам, але й тэхналёгіяй. Лазьневая тэма прыцягвала й прыцягвае ўвагу – як творцаў, гэтак і вытворцаў. Якая ж традыцыя й сучаснасьць беларускай лазьні?

Для беларусаў звычка памыцца-папарыцца мела й мае не адно практычна-гігіенічны сэнс, але яшчэ й глыбокі філязофскі падтэкст. Вось што піша ў “Нашай Ніве” полацкі літаратар Уладзімер Лобач:

(Лобач: ) “У традыцыйнай беларускай культуры лазьня была ня толькі месцам мыцьця, але й дзейсным каналам камунікацыі зь “іншасьветам”. Будыніна, што нагадвала жылую хату й заўсёды знаходзілася на пэрыфэрыі сялібы, была своеасаблівай памежнай зонай, дзе з “гэтага” сьвету можна было зазірнуць у “той” і атрымаць адтуль вестку. Лазьня была неад’емнай часткай большасьці абрадаў пераходнага тыпу (Каляды, Вялікдзень), дзе чалавек упоравень з Космасам дасягаў рытуальнае чысьціні, нарадзіўшыся наноў”.

Паводле Ўладзімера Лобача, традыцыя лазьні на тэрыторыі краіны найбольш распаўсюджаная ў паўночна-ўсходняй Беларусі, што адпавядае арэалу расьсяленьня крывічоў, таму й найбольш адлюстраваная менавіта ў крывіцкіх паданьнях.

Зьбіральнік фальклёру й лідэр гурту “Палац” Алег Хаменка – вялікі прыхільнік гаркавай вясковай пары, і можа апавесьці на гэтую тэму шмат цікавага.

(Хаменка: ) “У лазьні жывець лазьнік, такая істота. Ён ніяк не выглядае, яго амаль што не відаць, ён амаль што празрысты, але рукі ў яго такія калматыя й касматыя. Калі людзі заплюшчваюць вочы ад мыла, ён можа рабіць усякія недарэчнасьці й дрэнныя рэчы, нават можа ўкрасьці дзіця, калі ў часе мыцьця ці параньня здымаюць крыж або пакідаюць нямытыя венікі. А ўвогуле, лазьня – гэта заўсёды кампанія, гэта вясёлыя гісторыі, дзе мужчыны могуць пагаварыць пра ўсё – ад палітыкі да жанчын”.

Філёляг Юрась Бушлякоў на старонках часопісу “Архэ” тлумачыць паходжаньне й сэнс самога слова лазьня.

(Бушлякоў: ) “Лячыцца параю – лазiлi, долу цi ўгору – адсюль лазьня. Нашыя продкi лiчылi, што ў аблоках пары ў лазьнi крыецца добры дух. І гучэла, i гучыць сёньня лазьневае павiтаньне беларусаў – лёгкi дух. Лёгкi – значыць прыемны, той, якi нясе радасьць i палёгку. У нашыя днi той, хто не махнуў на сябе рукою й ня страцiў цiкавасьцi да жыцьця, учашчае ў лазьню – у агульную грамадзкую або ў сваю, на вясковым падворку цi на летнiкавай дзялянцы. Усё часьцей называюць лазьню саўнай – фiнскiм словам, якое азначае вельмi гарачую, з сухiм паветрам, лазьню. Лазьня зьбiрае людзей розных, бо, як кажуць, парыцца можа ўсякi, хто здольны дайсьцi да лазьнi”.

На сёньняшні дзень і грамадзкія, і прыватныя мыйныя ўстановы ня скардзяцца на адсутнасьць кліентаў, хоць паравіны году й час сутак накладаюць свой адбітак на колькасьць наведнікаў. Гаворыць дырэктар менскай лазьні № 6, што на вуліцы Мар’еўскай, Аляксандар Бабрыцкі:

(Бабрыцкі: ) “У летні пэрыяд вялікі спад кліентаў – як у агульным аддзяленьні, так і ў саўнах. Нехта на дачы, нехта адпачывае недзе. Узімку ўжо прыбаўляецца люду. Люксы карыстаюцца попытам у вечаровы час, ранкам вельмі мала”.

Што да цэнаў, то ў лазьні № 6 наведваньне агульнага аддзяленьня з басэйнам каштуе каля чатырох тысяч, без басэйну – каля дзьвюх. Гэта вельмі мала, лічыць дырэктар, таму ягонае прадпрыемства знаходзіцца на датацыі.

(Бабрыцкі: ) “На сёньня вельмі дарагі носьбіт вады і цеплавой энэргіі. У нас і так нізкія цэны. Калі ўзяць параўнаць з Масквой, то там сямнаццаць даляраў каштуе такая самая лазьня ў “Сандунах” ці на Краснай Прэсьні”.

Колькі каштуе сэанс у Варшаве ці ў Вільні, дырэктар ня ведае.

Уладальнікі прыватных лазьняў, якіх з кожным днём робіцца ўсё болей, больш абазнаныя ў замежных коштах, але ісьці на размову пагаджаюцца зь цяжкасьцю. Гаворыць кіраўнік аднаго з такіх менскіх прадпрыемстваў спадар Віктар:

(Віктар: ) “Цяпер такая шарая гадзіна, і вылазіць на сьвятло без патрэбы ня варта ў любым бізнэсе. Калі казаць пра канкурэнцыю, то яна пакуль што нязначная. Рынак паслугаў у нашай сфэры не запоўнены. Да таго ж, мы арыентуемся на такую-сякую сярэднюю клясу, а дзяржаўныя ўстановы – на электарат. У нас чысьцей, камфортней, вальней у сэнсе нейкіх інтымных рэчаў. Бываюць, вядома, выпадкі, калі якая кампанія шалёная трапіць, але такім наступнага разу ня будзе прададзены час. Самая галоўная праблема – гэта пажарнікі й падатковая, але й гэты мэханізм збольшага адладжаны”.

Сэанс у прыватнікаў (звычайна дзьве гадзіны) для шасьці-дзесяці чалавек каштуе ў межах ад трыццаці да ста тысяч.

Калі я зьвярнуўся да мінакоў на вуліцах з пытаньнем, што такое лазьня ў іхным жыцьці, то атрымаў шэраг цікавых адказаў.

(Спадар сталага веку: ) “Усё маё жыцьцё – гэта лазьня: ад вайны да самых да акраін”.

(Спадарыня: ) “Ой, пажыцьцёвае прэзыдэнцтва – лазьня для нас усіх”.

(Юнак: ) “Ну, у прынцыпе... а зь півам ці без?”

Спартоўцы збольшага сьпіртнога не ўжываюць і палітыкай не займаюцца, але без парыльні абысьціся ня могуць. Чэмпіёнка й прызэрка найбольшых сусьветных спаборніцтваў у лёгкай атлетыцы Ірына Ятчанка не адмаўляе ніводнага стылю й традыцыі.

(Ятчанка: ) “Люблю любую, і зь венічкам, і так проста папарыцца. Лазьню параўнаць няма з чым, таму што лазьня ёсьць лазьня. Мы ж вагі не ганяем, як баксёры, барцы. Атрымліваеш задавальненьне, кайфуеш ад пары, ад венічка, калі цябе б’юць. Я не мазахістка, але цягліцы патрабуюць, каб іх прапарылі. Пры падрыхтоўцы да Алімпіядаў, чэмпіянатаў сьвету, Эўропы ў нас у Стайках два разы на тыдзень лазьня: наколькі я ведаю, ходзяць усе”.

Пра тое, якое месца займае сёньня лазьня ў сьвядомасьці людзей, яскрава сьведчыць правядзеньне ў Менску на працягу некалькіх апошніх гадоў чэмпіянату Беларусі па спартовай лазьні. Умовы даволі жорсткія, аднолькавыя, дарэчы, для мужчынаў і жанчын. Форма адзеньня: для мужчынаў – плаўкі, для жанчын закрытыя купальнікі, галава не пакрытая, позу мяняць, расьціраць цела нельга. Кожныя паўхвіліны на камяні ліецца паўлітра вады, тэмпэратура ў парыльні – дзевяноста градусаў.

Гаворыць сталы ўдзельнік гэтых спаборніцтваў Андрэй Казлоў:

(Казлоў: ) “Людзі там зьбіраюцца розныя, узрост ад васямнаццаці й да сямідзесяці гадоў. Я быў падрыхтаваны, у лазьню хаджу з маленства, таму адразу, як зайшоў у парыльню, здавалася, што высядзіш там шмат часу, але, калі лінулі раз-другі на камяні, адчуваньні рэзка зьмяніліся. Недзе на шостай паддачы прыходзілася сядзець празь сілу. Што да фіналу, то мужчыны пратрымаліся пятнаццаць-васямнаццаць хвілін, а жанчыны дваццаць адну. Атрымалася, што жанчыны больш стойкія”.

Як на любых спаборніцтвах, у часе чэмпіянату здараюцца траўмы, збольшага – апёкі, але бываюць і вельмі спэцыфічныя.

(Казлоў: ) “Адзін з удзельнікаў не разьлічыў сваіх сілаў, і судзьдзям прыйшлося сілком яго з парыльні выводзіць, бо ён ужо неадэкватна рэагаваў”.

Дый на міжнароднай арэне, паводле словаў спадара Андрэя, жанчыны апярэджваюць моцны пол, стала займаючы прызавыя месцы на п’едэстале.

Жыцьцё дыктуе свае ўмовы. Эмансыпацыя дакацілася й да гэтай галіны. Цяпер, кажуць, і ў самой лазьні фальклёрнага лазьніка з касматымі рукамі ўсё больш выціскае прывабная істота, з манерамі й выглядам начной фэі.

Калі ж сур’ёзна, то, будуючы дом, рэдкі беларус сёньня не плянуе там сабе, як цяпер кажуць, саўны. І гэта абсалютна правільна, бо здароўя ж ня купіш, а найлепшы сродак ад хваробы – лёгкая пара ды ладна запараны венік.
XS
SM
MD
LG