Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ушанаваньне ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў на Вілейшчыне


Міхал Стэльмак, Менская вобласьць Ахвяраў палітычных рэпрэсіяў сёньня згадвалі і ў Вілейскім раёне. Акцыю памяці рэпрэсаваных і загіблых у сталінскую эпоху тут правялі прадстаўнікі мясцовых дэмакратычных арганізацый. У акцыі ўзялі ўдзел каля двух дзесяткаў актывістаў дэмакратычнага руху.

Самае змрочнае месца ў Вілейцы – былая турма. Паводле лідэра тутэйшай філіі партыі БНФ Аляксея Сюдака, тут пралілося шмат бязьвіннай крыві:

(Сюдак: ) “Увесь час там праводзіліся расстрэлы. Тыя косткі – рэшткі людзей, якіх знайшлі ў 1994 годзе пры будаўніцтве анкалягічнай лякарні, якіх знайшлі каля гэтай турмы, каля яе будынка. Відаць, што гэтыя косткі – менавіта вынік бальшавіцкіх расстрэлаў. Колькі дакладна чалавек там захавана напэўна, ніхто ня ведае. Але ж тады, у 1994 годзе, чатыры скрыні памерам мэтар на мэтар на два мэтры былі вывезеныя і перазахаваныя на новых вілейскіх могілках”.

Удзельнікі акцыі ўсклалі кветкі да памятнага знаку. Затым адбылося наведаньне яшчэ адной кропкі на Вілейшчыне, каля вёскі Касута, дзе таксама ляжаць бязьвінныя ахвяры. Алесь Сюдак працягвае:

(Сюдак: ) “Гісторыя гэтага пахаваньня такая. Напачатку вайны, у 1941 годзе, калі наступалі немцы і ўжо падыходзілі да Вілейкі, атрады НКУС, якія ахоўвалі турму, атрымалі загад усіх зьняволеных, якія тут ёсьць, этапіраваць у Барысаў. Іх пастроілі ў калёны, завязалі рукі калючым дротам, як сьведкі кажуць, і пагналі па дарозе. Але паколькі людзі былі слабыя, многія, пэўна, не маглі ісьці, то час ад часу іх расстрэльвалі. Проста каля дарогі, і там жа закопвалі. Дык вось, першае пахаваньне расстраляных знаходзіцца каля вёскі Касута”.

Што тычыцца вілейскіх уладаў, то, паводле лідэра мясцовай філіі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ўладзіміра Малярчука, грамадзкія мерапрыемствы, зьвязаныя з ушанаваньнем памяці ахвяраў палітычных рэпрэсій, яны ігнаруюць:

(Малярчук: ) “Гэтая дата ў нейкай меры характарызуе ўладу зь нядобрага боку. Відаць, яны ўспрымаюць гэта на свой рахунак. Таму ўлады і адзначаюць толькі тыя даты, якія спускаюць ім зьверху”.
XS
SM
MD
LG