Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікола Статкевіч: “Гуляць толькі ў выбары з гэтым рэжымам бессэнсоўна”


Любоў Лунёва, Менск 29 кастрычніка Суд Цэнтральнага раён у Менску пакараў 15 суткамі арышту за ўдзел у акцыі пратэсту на Кастрычніцкай плошчы лідэра маладзёвай арганізацыі “Супраціў” Сяржука Мацкойца. Яшчэ адну ўдзельніцу акцыі, Ірыну Патанаву, арыштавалі на трое сутак. У той жа дзень павінны былі выйсьці на волю з разьмеркавальніка на вуліцы Акрэсьціна 11 чалавек, арыштаваных на 10 сутак за актыўны ўдзел у дэманстрацыі 19 кастрычніка. Сярод іх – лідэр народнай Грамады Мікола Статкевіч і актывісты арганізацыяў “Малады фронт” і “Зубр”. Аднак з Акрэсьціна вязьняў перавезьлі ў будынак управы сьледчага камітэту Менску, дзе іх дапытвалі з нагоды крымінальнай справы, распачатай па факту ўдзелу ў дэманстрацыях 18 і 19 кастрычніка.

Скончыўся допыт усіх арыштаваных на 15 сутак удзельнікаў апазыцыйнай акцыі 19 кастрычніка. Выйшаў лідэр Народнай Грамады Мікола Статкевіч, выйшлі і астатнія актыўныя ўдзельнікі акцыі – сябры моладзевага руху “Зубр” і “Маладога фронту”.

Міколу Статкевіча апытвалі больш за астатніх: завялі ў кабінэт і пачалі апытваць самым першым, а скончылі допыт самым апошнім. Мікола Статкевіч лічыць, што, хутчэй за ўсё, крымінальная справа пацягне ўа сабой нейкія наступствы і, магчыма, дойдзе да суду. Зараз побач са мной – Мікола Статкевіч, які скажа некалькі словаў для Радыё Свабода:

(Статкевіч: ) “Добры вечар, я вітаю ўсіх слухачоў Радыё Свабода, і найперш хачу падзякаваць усім тым, хто браў удзел у вулічных акцыях, якія ўратавалі гонар беларускай дэмакратыі, якія даюць нам надзею на тое, што Беларусь будзе вольнай. Асабліва хачу падзякаваць маладым людзям, якія ахвяравалі сваёй свабодай, якія пайшлі пад міліцэйскія дубінкі, каб абараніць свабоду. Я думаю, што гэтая крымінальная справа й любыя наступныя крымінальныя справы ня спыняць нас. Ужо відавочна, што гуляць толькі ў выбары з гэтым рэжымам бессэнсоўна. Я думаю, што электаральныя кампаніі павінны быць падмацаваныя моцнымі вулічнымі акцыямі, і гэта будзе рабіцца. Дзякуй вам”.

Адвакат Міколы Статкевіча кажа, што хутчэй за ўсё сьледчыя працягнуць допыты, і арыштаваных удзельнікаў акцыі 18-19 кастрычніка, якім далі 15 сутак – а сярод іх яшчэ адзін актыўны ўдзельнік, гэта лідэр “Маладога фронту” Павал Севярынец – таксама павязуць на допыт. Усе адзначылі, што ніхто ня ведаў, куды іх вязуць, ніхто не патлумачыў, што іх чакаюць сьледчыя. Людзі толькі ў кабінэтах даведаліся, што іх абвінавачваюць у нейкіх крымінальных злачынствах, але пакуль што ўсе яны маюць статус сьведкаў.
XS
SM
MD
LG