Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінская апазыцыя за дзень да выбараў выкрывае пляны фальсыфікацыяў


Валер Каліноўскі, Кіеў У нядзелю 31 кастрычніка ва Ўкраіне пройдуць чарговыя, чацьвёртыя за час незалежнасьці прэзыдэнцкія выбары. Выбаршчыкі атрымаюць бюлетэні з 24 прозьвішчамі, але рэальна будуць абіраць толькі між двух кандыдатаў – лідэрам апазыцыйнага блёку “Наша Ўкраіна” Віктарам Юшчанкам і прэм’ерам Віктарам Януковічам.

Віктар Юшчанка за дзень да галасаваньня правёў перамовы зь некаторымі іншымі кандыдатамі ў прэзыдэнты ў справе супрацоўніцтва з мэтай супольнага кантролю падліку галасоў. А ўвечары ён наведаў магілу паэта Тараса Шаўчэнкі ў Каневе, зрабіўшы такім чынам яшчэ адзін сымбалічны крок. Раней ён папрасіў блаславеньня ў сваёй маці, якая жыве ў Сумскай воласьці.

Ягоны асноўны канкурэнт, прэм’ер Віктар Януковіч карыстаецца падтрымкай так званага адміністратыўнага рэсурсу. Але і ён пайшоў на пэўныя сымбалічныя крокі – наведаў царкву, а ў дзень галасаваньня зьбіраецца ў праваслаўны кляштар.

А вось як распавядалі пра свае выбарчыя сымпатыі і антыпатыі жыхары Кіева:

(Спадарыня: ) “Юшчанка, канечне. Ён прынамсі ў турме не сядзеў”.

(Спадарыня: ) “За Юшчанку”.

(Карэспандэнт: ) “А чаму?”

(Спадарыня: ) “Таму што бачна, што ён разумее эканоміцы й палітыцы. Калі ён быў прэм’ер міністрам, дык тое, што ён зрабіў, было карысна для Ўкраіны”.

(Спадар, гаворыць па-расейску: ) “Справа ў тым, што ў нас выбары безальтэрнатыўныя. Толькі Януковіч. З двух зол мы заўсёды абіраем меншае. Разумееце, гэтая агалцелая арыентацыя на несяброўскія нам краіны й народы – яна проста да дабра ніколі не прывядзе”.

Паводле апошніх зьвестак кіеўскага сацыялягічнага цэнтра Разумкова, на сёньня лідзіруе Віктар Юшчанка – за яго гатовыя прагаласаваць 32 адсоткі апытаных, за Януковіча – 28. Такім чынам, сацыёлягі прагназуюць, што ў першым туры пераможцы ня будзе – пры ўмове, што ўдасца пазьбегнуць масавых фальсыфікацыяў.

Менавіта гэтага пабойваецца апазыцыя. Гаворыць давераная асоба Віктара Юшчанкі Мікола Кацерынчук:

(Кацерынчук: ) “Рыхтуюцца беспрэцэдэнтныя намаганьні сфальсыфікаваць вынікі галасаваньня. І ў гэтай фальсыфікацыі, на маю думку, бярэ ўдзел дзяржава. Таму што маштаб падрыхтоўчых захадаў зьяўляецца беспрэцэдэнтным”.

У прыватнасьці, Віктар Кацерынчук кажа, што асноўныя фальсыфікацыі магчымыя шляхам маніпуляцыяў са сьпісамі выбаршчыкаў, незаконным выкарыстаньнем так званых адмацавальных талёнаў, зь якімі некаторыя могуць прагаласаваць і па некалькі разоў, і нават наўпросты подкуп выбаршчыкаў на ўчастках, выкуп іх бюлетэняў. Спадар Кацерынчук таксама кажа пра вялікія цяжкасьці для тэлеканалаў і іншых СМІ, якія намагаюцца аб’ектыўна й незалежна ад волі ўладаў асьвятляць ход выбараў і падвядзеньне іх вынікаў.

Тым ня менш, у штабе Юшчанкі гатовыя процістаяць усім фальсыфікацыям і парушэньням, мабілізавана 400 тысячаў назіральнікаў і сябраў участковых камісіяў.

Напярэдадні са зваротам да нацыі выступіў дзейны прэзыдэнт Леанід Кучма. Ён заявіў, што мае дастаткова магчымасьцяў, каб захаваць у краіне спакой, і заклікаў кандыдатаў у прэзыдэнты стрымліваць жарсьці. Тым часам міністар унутраных справаў Украіны Мікола Білоконь заявіў, што падчас выбараў рыхтуюцца правакацыі. У плянаваньні гэтых правакацыяў улада і апазыцыя не першы дзень абвінавачваюць адна адну. У штабе Юшчанкі заяўляюць, што ўвогуле не рыхтуюць ніякіх масавых акцыяў у дзень галасаваньня каля будынку Цэнтральнай выбарчай камісіі.
XS
SM
MD
LG