Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзярждэпартамэнт ЗША: мы запрасілі назіральнікаў ад АБСЭ


Алеся Сёмуха, Вашынгтон Беларускае МЗС і амбасада Беларусі ў Вашынгтоне абвінавачваюць ЗША ў тым, што яны “яўна парушаюць свае міжнародныя забавязаньні перад АБСЭ”, бо два штаты і фэдэральная акруга Калюмбія адмовілі прадстаўнікам беларускага пасольства ў акрэдытацыі як міжнародным назіральнікам падчас прэзыдэнцкіх выбараў у ЗША.

Па камэнтар ці парушае ЗША свае абавязацельствы перад АБСЭ не дапусьціўшы прадстаўнікоў пасольства назіраць за выбарамі, я зьвярнулася ў Дзярждэпартамэнт ЗША. Прэсавы прадстаўнік Дзярждэпартамэнту Стыў Пайк вось як пракамэнтаваў гэту сытуацыю:

(Пайк: ) “ЗША ў Капэнгагэнскай дамове 1990 году, дакладней у яго другой вэрсіі ад 1996 году, пагадзіліся быць адкрытымі для назіраньня, запрашаць назіральнікаў АБСЭ і ў прыватнасьці Бюро па дэмакратыі АБСЭ, які арганізуе назіраньне за выбарамі. Гэта камісія была ў Францыі, у Вялікай Брытаніі, і цяпер яна тут (у ЗША). Мы зрабілі запрашэньне, як мы гэта і рабілі раней. Назіральнікі АБСЭ прыяжджалі ў 2002 і 2003 гадох, і мы ізноў іх запрасілі. Наша роля як фэдэральнага ўраду – толькі памагчы зрабіць кантакт з прадстаўнікамі штатаў, якія кіруюць выбарчым працэсам. Мы маем фэдэральную сыстэму, такая нашая Канстытуцыя”.

Нагадаем, што прадстаўнікі АБСЭ былі запрошаныя ўрадам ЗША і прыехалі назіраць за выбарамі, у іх ліку ёсьць і прадстаўнікі Беларусі. Што ж да запыту назіраць за выбарамі пасольствам якой бы там не было краіны, дык гэта не ўваходзіць у кампэтэнцыю Капэнгагенскага пагадненьня і абавязацельстваў фэдэральных улад ЗША, патлумачыў Стыў Пайк. Гэта пытаньне павінна вырашацца канкрэтным штатам. Фэдэральны ж урад нясе адказнасьць толькі за выдачу візы любога замежніка, які хоча прыехаць і назіраць за выбарамі.
XS
SM
MD
LG