Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму беларускай амбасадзе ў ЗША адмовілі ў просьбе назіраць за прэзыдэнцкімі выбарамі?


Алеся Сёмуха, Вашынгтон Выбарчы працэс як на фэдэральныя, гэтак і на штатаўскія пасады ў ЗША рэгулюецца заканадаўствамі паасобных штатаў. Гэтае права замацаванае ў Канстытуцыі ЗША. Штаты вырашаюць пытаньні працэдуры, спосабаў галасаваньня і акрэдытацыі журналістаў і назіральнікаў.

Заява Міністэрства замежных спраў Беларусі спасылаецца на ноту Дзярждэпартамэнту ЗША, у якой гаворыцца што “фэдэральныя ўлады ЗША ня ўводзяць абмежаваньняў ці працэдур на акрэдытаваньне дыпляматаў, якія жадаюць назіраць за выбарамі ў ЗША”. І сапраўды, фэдэральныя ўлады ЗША не ўвялі аніякіх абмежаваньняў на акрэдытацыю замежнікаў у якасьці назіральнікаў. Гэта права паасобных штатаў. Таксама фэдэральныя ўлады ня маюць працэдуры акрэдытацыі замежнікаў, бо гэткая працэдура – справа паасобных штатаў.

Пасольства Беларусі ў ЗША зьвярнулася да чатырох штатаў і атрымала адмову ад трох зь іх, сярод іх штат Мэрылэнд і штат Заходняя Вірджынія. Я зьвярнулася да прадстаўнікоў выбарчых камісіяў гэтых штатаў па тлумачэньне.

Прадстаўніца выбарчай камісіі Мэрылэнда так патлумачыла прычыны адмовы: “Штат сёлета ўвёў новую сыстэму галасаваньня, чакаецца, што ўдзел выбарцаў па ўсіх акругах чакаецца надзвычай высокі, таму на ўчастках будуць вялікія натоўпы людзей, выбары вельмі шырока асьвятляюцца сродкамі інфармацыі і нарэшце патрэбы забесьпячэньня бясьпекі. Так што мы пазьбягаем любой дэзарганізацыі”.

Прадстаўніца выбарчай камісіі таксама сказала, што Беларусь ня стала выключэньнем, бо рашэньне было прынятае адмовіць усім бяз вынятку міжнародным назіральнікам.

Прадстаўнікі ад сакратарыяту губэрнатара штата Заходняя Вірджынія сказалі мне, што паводле заканадаўства штата ніхто апроч прадстаўнікоў выбарчай камісіі ня мае права знаходзіцца бліжэй за пэўную адлегласьць ад выбарчых участкаў. Гэта тычыцца і прадстаўнікоў улады, і паліцыі, і любых арганізацый. Што да міжнародных назіральнікаў, дык заканадаўства штата не прадугледжвае іх прысутнасьці. Аднак палітычныя партыі могуць вылучаць кандыдатаў на працу ў выбарчай камісіі, і гэткая асоба можа быць і замежнікам.

На пытаньне, якім чынам штат гарантуе празрыстасьць і справядлівасьць выбарчага працэсу, прадстаўніца сакратарыяту штата адказала так: “Паводле закону, мы маем прынамсі 5 прадстаўнікоў выбарчай камісіі на кожным участку. І таксама паводле закону, яны павінны прадстаўляць ня толькі розныя, але апазыцыйныя палітычныя партыі. Закон забавязвае нас мець у камісіях прадстаўнікоў супрацьлеглых палітычных партый, каб забясьпечыць гэтую празрыстасьць”.

Таксама паводле закону штата, аніякая прапаганда не дазволеная ў ці каля ўчасткаў для галасаваньня. Аднак прадстаўнікі прэсы маюць права знаходзіцца каля ўчасткаў дзеля правядзеньня так званага “экзыт-полу” (апытаньня на выхадзе).

Варта зазначыць, што паводле заканадаўства ўсіх штатаў ЗША, выбарчыя камісіі заўсёды фармуюцца на шматпартыйнай аснове.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG