Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чакаецца, што актыўнасьць амэрыканцаў на прэзыдэнцкіх выбарах у ЗША будзе надзвычай высокай


Алеся Сёмуха і Сяргей Навумчык, Вашынгтон Чакаецца, што актыўнасьць амэрыканцаў на прэзыдэнцкіх выбарах у ЗША будзе надзвычай высокай

Абедзьве палітычныя партыі й іхныя прыхільнікі плянуюць патраціць прынамсі па дзесяць мільёнаў даляраў на тэлерэкляму сваіх кандыдатаў у гэтыя апошнія перадвыбарчыя дні. Аднак многія спэцыялісты ў ацэнцы грамадзкай думкі кажуць, што ня так рэкляма, як выбуховая навіна за дзень-два перад выбарамі можа прадвызначыць выбар тых, хто дагэтуль ня вызначыўся з выбарам.

Тым часам кандыдаты працягваюць перадвыбарчыя паездкі па штатах, якія прэса называе выбарчай перадавой. Гэта пераважна цэнтральныя і сярэдне-заходнія штаты ЗША. Гэтыя штаты маюць вялікую колькасьць выбаршчыкаў і вядомыя тым, што не аддаюць яўнай перавагі ані дэмакратам, ані кансэрватарам.

У гэтых штатах Джон Кэры апэлюе да выбаршчыкаў ісьці галасаваць, бо ж вядома, што выбарчая актыўнасьць сярод бяднейшых амэрыканцаў досыць нізкая, а гэта патэнцыйныя галасы за для дэмакратаў.

Джордж Буш таксама апэлюе да выбарцаў ісьці галасаваць, але ягоная аўдыторыя – гэта найперш веруючыя амэрыканцы, якія нэгатыўна ставяцца да лібэралізацыі грамадзтва й гатовыя аддаць перавагу праблематыцы забароны абортаў і гомасэксуальных шлюбаў над праблематыкай эканамічнай.

Абедзьве партыі бачаць сваёй задачай прывесьці да выбарчых участкаў як мага болей выбарцаў з сваёй катэгорыі прыхільнікаў. Чакаецца, што сёлета ўдзел насельніцтва ў выбарах будзе вышэй, чым у папярэднія прэзыдэнцкія выбары.

Чатыры гады таму ў выбарах бралі ўдзел 106 мільёнаў амэрыканцаў – гэта 54% грамадзянаў ЗША, якія маюць права галасаваць. Паводле прагнозаў, гэтым разам вастрыня перадвыбарчай кампаніі прыцягне на ўчасткі больш выбаршчыкаў, і яўка можа дасягнуць 60 адсоткаў.

***

Паводле апытаньня, праведзенага па замове агенцтва Ройтэр, цяпер Джордж Буш апярэджвае Джона Кэры толькі на адзін працэнт. За Буша гатовыя прагаласаваць 48 адсоткаў, за Кэры – 47. У гэтыя дні які заўгодна крок аднаго альбо другога кандыдата можа істотна паўплываць на іхны рэйтынг.
XS
SM
MD
LG