Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галадоўка як форма змаганьня набывае папулярнасьць у Беларусі?


Сяргей Астраўцоў, Горадня Галадоўка як форма змаганьня за свае правы ўсё часьцей ужываецца ў Беларусі. Нярэдка галадоўку выкарыстоўваюць гарадзенцы, а цяпер два чалавекі галадаюць у Ваўкавыску. Як уплывае такая форма пратэсту на ўлады, і як ставяцца да галадовак іншыя людзі?

Адразу зазначу, што кіраўнік дзяржавы дазваляе сабе публічна адгукацца аб галадоўніках у зьдзеклівым тоне. Так было, напрыклад, з галадоўкай дэпутатаў групы “Рэспубліка”.

Зразумела, што чыноўнікі зважаюць на Лукашэнку.

Я наведаў Ваўкавыск, дзе галадае галоўны рэдактар “Местной газеты” Андрэй Шантаровіч. Міністэрства інфармацыі прыпыніла выхад газэты, а мясцовыя ўлады не даюць згоды на юрыдычны адрас рэдакцыі.

Прыяжджаў таксама вядомы юрыст Міхаіл Пастухоў – ён назваў галадоўку Шантаровіча “актам адчаю”.

Спадар Пастухоў ня трапіў да старшыні райвыканкаму Савельева, але ўчора размаўляў зь ім па тэлефоне. Дык чыноўнік яму сказаў: вось калі міністэрства адновіць выпуск газэты, хай Шантаровіч прыходзіць на прыём, паразмаўляем. А пакуль рэдакцыя зарэгістраваная ў Смаргоні, а не ў Ваўкавыску – дык пра што тады турбавацца?

Пытаньне толькі ў тым, ці здолее Шантаровіч працягваць сваю галадоўку да таго часу, пакуль Міністэрства інфармацыі не адновіць выпуск газэты. Выхад газэты прыпынены да 14 лістапада, Шантаровіч галадае з 20 кастрычніка. Учора ён мне сказаў, што ўпершыню адчуў сябе горш...

Трэба сказаць, што галадаюць ня толькі на свабодзе – часта галадоўкі адбываюцца за кратамі. Прынамсі, разоў пяць галадаў у гарадзенскім спэцпрыёмніку Зьміцер Іваноўскі – намесьнік старшыні рэспубліканскага грамадзкага аб’яднаньня “Пэрспэктыва”. Яго садзілі за мітынгі, пікеты, а ён пратэставаў супраць несправядлівага прысуду. Яго меркаваньне:

(Іваноўскі: ) “Стаўленьне арыштаваных вельмі добрае. Адносіны начальства да галадоўкі іншыя. Яны павінны пусьціць усе паперы па галадоўцы ўверх, у Міністэрства ўнутраных спраў, і яны да гэтага ставяцца адмоўна. Па-другое, яны абавязаны правесьці са мной размову, каб пераканаць мяне скончыць галадоўку. Па-трэцяе, галадоўка зьяўляецца грубейшым парушэньнем турэмнага зьняволеньня”.

Але Зьміцер Іваноўскі зазначае, што кіраўніцтва спэцпрыёмніку ведае, што за 10-15 сутак галадоўнік не памрэ, і для яго гэта галоўнае. Ягоныя сябры яго разумеюць, але не ўхваляюць:

(Іваноўскі: ) “Сябры, якія ведаюць, што я трымаю галадоўку, яны супраць гэтага. Яны за тое, каб еў. Я разумею іх, таму што я супраць, каб хтосьці з маіх сяброў траціў здароўе. Але сам я прымаю такое рашэньне па галадоўцы, паколькі ўсе іншыя захады з майго боку зроблены. Гэта апошняя мера — што я магу канкрэтна зрабіць”.

Зьміцер Іваноўскі гаворыць, што рашэньне аб галадоўцы заўсёды прымаецца ўзважана:

(Іваноўскі: ) “Калі людзі аб’яўляюць, яны бачаць у гэтым сэнс. З аднаго боку, уладам напляваць на гэта ўсё. З другога боку, людзі павінны паверыць у сябе, адзін раз выйсьці на вуліцу й сказаць: хопіць гэтага ўсяго. На жаль, яны не выходзяць, таму знаходзяцца адзінкі, якія гавораць гэта за іх”.

Таксама часта галадаў у гарадзенскім спэцпрыёмніку Валеры Леванеўскі, па 10-15 сутак – дык ён мне сказаў аднойчы, што там нармальнаму чалавеку есьці ўвогуле немагчыма. Дарэчы, у верасьні Леванеўскага пасадзілі ў турме ў камэру, у якой для яго не было ложка, і ён мусіў спаць седзячы за сталом. З-за гэтага ён абвясьціў галадоўку, і ў выніку яму далі ложак.
XS
SM
MD
LG