Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Што засьведчыла выбарчая кампанія ў рэгіёнах?


Валер Карбалевіч, Менск (эфір 28 кастрычніка). Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Удзельнікі: сябра Партыі БНФ прафэссар Алесь Астроўскі з Горадні й галоўны рэдактар газэты “Згода” Аляксей Кароль зь Менску.

(Валер Карбалевіч: ) “Любая маштабная электаральная кампанія, нават такая, што прайшла ў недэмакратычных умовах, дае шмат матэрыялу дзеля аналізу стану грамадзкай сьвядомасьці, суадносінаў палітычных сілаў, формаў і мэтадаў піяру. Тым больш калі паралельна адбываюцца дзьве кампаніі: парлямэнцкія выбары і рэфэрэндум. Нашае радыё ўжо шмат аналізавала вынікі і выбараў, і рэфэрэндуму. Але, магчыма, дамінавалі высновы з сталічнага гледзішча. А ці ёсьць адрозьненьні выбарчай кампаніі ў рэгіёнах у параўнаньні зь Менскам? Ці вялікія яны? Чым адрозьнівалася тактыка ўладаў, настрой насельніцтва, умовы працы апазыцыйных камандаў у рэгіёнах?”

(Алесь Астроўскі: ) “У рэгіёне выбарчая кампанія адбываецца ў больш складаных умовах. Адна з самых цяжкіх праблемаў — тут вельмі цяжка знайсьці нейкую матэрыяльную падтрымку, каб арганізаваць кампанію. Фактычна даводзілася праводзіць кампанію на адным энтузіязьме, голымі рукамі. Думаю, што ў рэгіёнах большы ўзровень страху, асабліва калі браць раённы ўзровень. Там яшчэ цяжэй сфармаваць каманду, каб арганізаваць кампанію. Трэці чыньнік — значна меншы ўзровень інфармацыйнай абароненасьці. Тое, што адбываецца ў рэгіёнах, часта застаецца па-за ўвагаю незалежных СМІ”.

(Карбалевіч: ) “Спадар Кароль, вы балятаваліся ў Маладэчна. З вашага гледзішча, ці ёсьць адрозьненьні выбарчай кампаніі ў рэгіёнах у параўнаньні зь Менскам?”

(Аляксей Кароль: ) “Безумоўна, былі пэўныя асаблівасьці кампаніі ў рэгіёнах. Але яны ішлі цалкам у рамках зададзенай зь верху схемы. Схема гэтая была такая: палова галасоў плюс 3–7% павінна давацца прадстаўніку ад уладаў, рэшта — астатнім. І гэтая схема вытрымлівалася паўсюль. У некаторых рэгіёнах кампанія кандыдатаў, якія ішлі не ад улады, праводзілася ў жорсткіх умовах. А ў некаторых месцах умовы былі больш мяккія. Напрыклад, у Маладэчна, аддаю належнае, сілавых мэтадаў па перашкоду нашай кампаніі не было. Але выніковывыя лічбы былі падведзеныя пад зададзеныя”.

(Карбалевіч: ) “Большасьць удзельнікаў выбарчай кампаніі з апазыцыйнага асяродзьдзя досыць аптымістычна ацэньвае тэндэнцыі ў грамадзкай сьвядомасьці, кажуць пра рост антыўладных настрояў, цікавасьць да апазыцыі. Але, здаецца, незалежныя сацыёлягі не пацьвярджаюць такіх высноваў. Паводле “экзыт-полу”, праведзенага Балтыйскай філіяй Інстытуту Гэлапа, у падтрымку пытаньня, вынесенага Лукашэнкам на рэфэрэндум, прагаласавала каля 54% ад тых, што прыйшлі на выбары, і 48% ад сьпісачнага складу выбаршчыкаў.

Гэтыя лічбы прыкладна стасуюцца з колькасьцю тых, што галасавалі за Лукашэнку падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2001 году. І тады, і цяпер прыкладна палова насельніцтва падтрымлівае сёньняшні палітычны курс. Ці можна з гэтага зрабіць выснову, што агітацыйная атака камандаў апазыцыйных кандыдатаў падчас выбарчай кампаніі не дала таго плёну, які можна было б зафіксаваць з дапамогаю сацыялягічных апытаньняў?”

(Астроўскі: ) “Такія тэарэтычныя разьлікі, можа, і правільныя з фармальнага гледзішча, але яны мала што даюць для палітычнай дзейнасьці. Я перакананы, што стан грамадзтва дасьпявае ў патрэбны бок. Большасьць чакае альтэрнатыву і гатовая яе падтрымліваць. На маёй акрузе таксама праводзіўся “экзыт-пол”. І ён высьветліў, што я перамог, а ў самым горшым выпадку, павінен удзельнічаць у другім туры. А ў падтрымку пытаньня рэфэрэндуму прагаласавала менш за траціну выбаршчыкаў.

І галоўная выснова для мяне: я магу мець апору ў грамадзтве. Мяне, як прадстаўніка БНФ, і мае ідэалы цяпер гатовая падтрымаць большасьць. Акрамя таго, за час кампаніі былі канчатковы разьвеяныя ілюзіі наконт таго, што Расеі і, у прыватнасьці, Пуцін дапамогуць усталяваць дэмакратыю ў Беларусі. Думаю, цяпер ужо ніхто ня будзе падымаць пытаньня адносна таго, што рацэпт вырашэньня беларускага пытаньня знаходзіцца ў Маскве. Уся выбарчая кампанія была своеасаблівым экспэрымэнтам, досьледам, у выніку якога мы можам цяпер абаперціся на рэальную глебу, рэальнае разуменьне таго, што адбываецца ў Беларусі”.

(Кароль: ) “Кампанія паказала, што выбары, як дэмакратычная працэдура ў Беларусі, зьліквідаваныя. Але ёсьць і аптымістычная ацэнка выбараў. Насельніцтва цяпер з досьведу прымусовай мабілізацыі на датэрміновае галасаваньне й галасаваньне “за” ў пытаньні рэфэрэндуму зразумела пра два вялікія падманы з боку ўладаў. Разам з тым насельніцтва зразумела, што ўлада поўнасьцю кантралюе вэртыкаль і сыстэму выбараў. Гэта ўзмацніла чыньнік страху. І адначасова гэтыя прычыны садзейнічалі ўдзелу ў выбарах менавіта 17 кастрычніка.

І яшчэ адзін вынік, які ў пэўным сэнсе супярэчыць “экзыт-полу” і адначасова пацьвярджае яго. Чыньнік страху паўплываў падчас адказаў. Але ёсьць зрух у настроях насельніцтва. Ёсьць разуменьне, што іх падманваюць, імі маніпулююць. І гэты падман наслаіўся на разуменьне яшчэ аднаго падману. Маю на ўвазе сьцьвярджэньні, што ў нас добры заробак, заможнае жыцьцё. Таму што людзі аж плакалі, крычалі: “Дзе гэтыя 190 даляраў, калі я атрымліваю 30–40 тысяч беларускіх рублёў?”

(Карбалевіч: ) “Вось спадар Кароль выказаў думку, што выбары як дэмакратычная працэдура ў Беларусі зьліквідаваныя. Сапраўды, паколькі вынікі выбараў і рэфэрэндуму ўлады праводзілі такім брутальным чынам, то магчыма, мела рацыю пазыцыя Пазьняка і ягонай Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ наконт байкоту?”

(Астроўскі: ) “Я быў пазбаўлены ілюзіяў. Я проста ставіў перад выбарамі свае мэты, магчымасьць рэалізаваць якія адкрывалася за кошт выбарчай кампаніі, і рэалізоўваў іх. Шмат гадоў у нас не было магчымасьці сустрэцца з грамадзтвам у такім маштабе, у якім мы гэта зрабілі падчас гэтай выбарчай кампаніі, запрэзэнтаваць свае ідэі, альтэрнатыву, як пэрсанальную, так і ідэйную. І ня выкарыстаць такую магчымасьць было б грубай памылкай. Я так лічыў перад выбарамі, так я лічу цяпер — удвая”.

(Карбалевіч: ) “Але чаму нельга было ісьці да выбаршчыкаў са сваёй праграмаю, сваімі каштоўнасьцямі і, адначасова, агітаваць за байкот?”

(Астроўскі: ) “Тады ўзьнікае парадокс, гэткая неадназначнасьць сытуацыі, уладкаваць якую ў сваім уяўленьні можа толькі высока інтэлектуальны чалавек. Патрабаваць такога ад усяго грамадзтва, масы, было б нерэальна. Людзям патрэбнае адназначнае бачаньне сытуацыі. І цяпер сытуацыю можна змадэляваць так. Мы ідзем на выбары і прэзэнтуем нашыя погляды. За нас галасуе большасьць. А потым трэба данесьці інфармацыю да выбаршчыкаў, што іхны выбар на нашую карысьць быў сфальсыфікаваны. І адбываецца дасьпяваньне грамадзтва да разуменьня той сытуацыі, у якой яно апынулася. Мяркую, менавіта такая тэхналёгія зьяўляецца аптымальнай”.

(Кароль: ) “Справа ў тым, што байкот, як кампанія, патрабуе высокай палітычнай сьпеласьці насельніцтва. Пакуль што такой ідэі ў сьвядомасьці беларускага грамадзтва не існуе. Байкот быў бы памылкаю. І вынікі гэтай кампаніі сьведчаць аб тым, што мы зрабілі правільна. Таму што цяпер людзі, па сутнасьці, праводзяць свае “экзыт-полы”, пытаюцца ў сяброў, суседзяў, знаёмых, як хто галасаваў. І высьвятляецца, што большасьць галасавала “супраць”. І пачынаюць зьдзіўляцца, дзе ж тыя 80% “за”? Гэта распаўсюджаныя настроі ў грамадзтве. І ад іх адзін крок да сьвядомых дзеяньняў у будучым. А кампанія байкоту больш бы заблытала пазыцыю ў грамадзтве”.

(Карбалевіч: ) “Якія высновы з досьведу выбарчай кампаніі можна зрабіць на пэрспэктыву?”

(Астроўскі: ) “Найперш трэба зрабіць добры аналіз кампаніі. А пэрспэктыва заключаецца ў фармаваньні вобразу ня столькі апазыцыі, колькі альтэрнатывы як такой, альтэрнатывы, якая здольная забясьпечыць нашаму грамадзтву значна лепшае матэрыяльнае і культурнае жыцьцё. Трэба сфармаваць праграмны вобраз будучай беларускай дзяржавы. Пасьля гэтага трэба забясьпечыць гэты вобраз інфармацыйна, зрабіць арганізацыйныя высілкі, і на самым апошнім этапе павінен сфармавацца лідэр. Вядома, што насельніцтва пытаецца, хто можа замяніць Лукашэнку. Спрабаваць даваць на яго неадкладны адказ — гэта стратэгічная памылка”.

(Кароль: ) “Пакуль высновы могуць быць толькі агульныя. Гэта аб’яднаньне, згуртаваньне нацыянальнай эліты, арганізацыйнае ўмацаваньне дэмакратычных сілаў і тлумачальная праца”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, найважнейшыя высновы з прамінулай электаральнай кампаніі для апазыцыі палягаюць у наступным: згуртаваньне нацыянальнай эліты, стварэньне новага праекту пераўтварэньняў у Беларусі, забясьпечанага інфармацыйна і арганізацыйна, і, як гэта ні банальна, — праца з насельніцтвам”.
XS
SM
MD
LG