Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старасьць і старыя


Вячаслаў Ракіцкі, Менск (эфір 28 кастрычніка). Новая перадача сэрыі “Беларуская Атлянтыда”. Удзельнічае этнакультуроляг Тацяна Валодзіна.

(Вячаслаў Ракіцкі: ) “Спрэчкі пра самае важнае і дарагое на сьвеце часьцей зводзяцца да аднаго: няма нічога даражэйшага за самое жыцьцё. І баіцца чалавек найперш сьмерці. Але апошнім часам пачалі паўставаць і такія пытаньні: а чаго перадусім баіцца жанчына? Статыстыка проста шакуе: ня сьмерці, не хваробаў — жанчына баіцца старасьці. Мілыя, дарагія сэрцу бабулі, у хусьцінках і доўгіх спадніцах, акружаныя ўнукамі ды з хатнімі прысмакамі саступаюць месца эмансыпаваным лэдзі ў штоніках і з фарбаванымі начосамі. А побач дамы састарэлых і жудаснае жабрацтва, ваяўнічы кансэрватызм. Старасьць... Мудра і страшна адначасна...”

(Тацяна Валодзіна: ) “Старасьць у народным разуменьні — ня толькі ўзроставы адрэзак, што набліжае да канца жыцьця, але пэўная катэгорыя, напоўненая асаблівымі сакральнымі сэнсамі. Адыход ад актыўнай гаспадарчай дзейнасьці суправаджаўся ўзмацненьнем духоўнага складніка існаваньня старога чалавека, калі ягоны сацыяльны статус ня проста падвышаўся, але ўваходзіў у плашчыню маральнага і каштоўнаснага. Блізкасьць да сьмерці, пераходу ў засьветы вызначала стаўленьне да старых як да асобаў, што наўпрост ужо могуць кантактаваць з замагільнымі сфэрамі”.

(Ракіцкі: ) “У размове пра этнакультурны фэномэн старасьці й стаўленьне да старых у беларусаў трэба вызначыцца: у якім узросьце чалавек пераходзіць у гэтую катэгорыю, становіцца старым?”

(Валодзіна: ) “Катэгарычнага адказу тут няма як даць, бо залежны ён і ад канкрэтнай гістарычнай эпохі, і ад фізіялягічных асаблівасьцяў чалавека. Цяпер вучоныя адрозьніваюць нават біялягічную і псыхалягічную старасьць. Але што тычыцца народнай традыцыі, пачатак старасьці пазначала жаніцьба малодшага зь дзяцей. Дзядулем і бабуляй станавіліся яны раней, калі нараджалася немаўля ў старэйшага сына альбо дачкі. Ад гэтага часу і пачыналася іхная апошняя і найважнейшая функцыя — выхаваўчая”.

(Ракіцкі: ) “Ці не азначае гэта, што старым толькі тое і заставалася, што калыхаць унукаў ды баяць байкі? А як жа ўдзел у справах, гаспадарцы?”

(Валодзіна: ) “Пры разьдзеле сям’і састарэлыя бацькі заставаліся жыць часьцей у малодшага з сыноў. Пры гэтым стары атрымліваў частку маёмасьці й надзел зямлі “на пракармленьне”, якія і перадаваў сыну. Але згодна са звычаёвым правам дзядуля ня мог самастойна распараджацца ні маёмасьцю, ні зямлёй. Значна горшым было становішча тых старых, што дажывалі ў зяця, пляменьніка ці ў чужых людзей. Іх называлі “дажывотнікамі”, “запечнікамі” і часам проста мірыліся зь іхным існаваньнем”.

(Ракіцкі: ) “Добра яшчэ, што мірыліся. А то ж з гісторыі вядома, што розныя барбарскія народы сваіх старых проста дабівалі”.

(Валодзіна: ) “Маюцца ўскосныя зьвесткі пра такія звычаі і ў беларусаў. Праўда, успрымаецца ўсё гэта цяпер як легенды. Прыкладам, як у легендзе, якую запісаў А.Сержпутоўскі:

“У вадном мейсцы быў абычай — дабіваць старых людзей, каб яны дарэмна ня елі хлеба, калі ня магуць рабіць. Часам і самі старыя людзі прасіліса, каб іх дабілі, бо ведама, ім цяжко было лупаць ачыма, чакаць, пакуль ім дадуць есьці або піць. От жыў адзін чалавек, і было ў яго многа дзяцей, да ўсе ўдалыя, добрыя. Саўсім састарэўса бацько, а яны яго слухаюць, шануюць. Але от давай суседзі прыставаць, каб яны дабілі свайго бацька дармаеда, бо ён ужо вельмі стары і ні к чому ня гож. Шкода дзецям старэнькага бацька. І схавалі яны яго ў пограб ды насілі яму туды есьці й піць”.

Далей легенда апавядае пра тое, што здарылася вялікая засуха, прапала збожжа, і пачаўся голад. Людцам нечага было ні есьці, ні засеяць поле. І тады стары бацька параіў сыну ўзарваць саламяную страху ды класьці салому ў ворыва. З тых зярнят і ўратаваліся людцы, і ўсе разам пачалі дзякаваць старому за параду. Як рэзюмуе легенда: “От з тае пары годзі дабіваць старых людзей, а пачалі ім служыць, даглядаць іх да шанаваць”.

(Ракіцкі: ) “Ці толькі ў беларусаў фіксаваліся гэткія аповеды? І як даўно гэта было — калі было, вядома?”

(Валодзіна: ) “У шматлікіх фіксацыях вядомая легенда ва ўкраінцаў, менш у расейцаў і шырока ў паўдзённых славянаў. Ну і, натуральна, іншых народаў, перадусім манголаў. Часьцей старых на спэцыяльных санях, на лубе пускалі з гары ў ямы, вадаёмы, пакідалі ў лесе. Што ж тычыцца датаваньня, то ўжо на пачатку тысячагодзьдзя друкаваныя крыніцы адносяць звычай забіваньня старых да “сівой даўніны”.

(Ракіцкі: ) “І ў чым жа мараль легенды? У тым, што раней людзі былі больш жорсткімі, а затым падабрэлі? А сёньняшнія жабрацкія дамы састарэлых, асабліва правінцыйныя — гэта як: бацьку “на санях з гары”, альбо ад людзей “у склеп”?”

(Валодзіна: ) “Натуральна, усе гэтыя факты і іх легендарнае ўвасабленьне толькі пазначаюць этапы стаўленьня да старых і продкаў, пераход ад адной стадыі культу продкаў да наступнай. У нашай легендзе фіксаваны той ровень разьвіцьця, пры якім жыцьцёвы вопыт старэйшага пакаленьня мае асаблівую каштоўнасьць. Старыя, старэйшыны набываюць значную вагу ў грамадзтве, прызнаецца іхнае права на кіраваньне”.

(Ракіцкі: ) “Узрост кіраўніка, павадыра — гэта важна. Толькі ж павадыр — не заўсёды мудрэц, а роля мудрацоў у гісторыі мала датычная да трону. Зрэшты, не пытаньне ўлады нас сёньня цікавіць, а роля старых у нашай духоўнай скарбонцы. Стары там — найперш хто?”

(Валодзіна: ) “Як сівабароды стары выяўляецца мудрэц, і сьвятыя-дарадцы, і нават сам Бог, што хадзіў калісь па вёсках ад хаты да хаты ды сачыў за парадкам.

“Ссыпае раз бедны-гарапашны ў кадушку жыта. Толькі ось падыходзіць к яму якісь дзядок. “Памагай Бог”, — кажа дзядок. “Дзякуй, старэнькі”, — кажа бедны. От як убачыў бедны старэнькага дзядка, шкода яму стала старога й пасылае ён яго ў хату к бабе. Каб трохі падсілкаваўся ды аддыхнуў. Падзякуваў стары да пайшоў у хату. Пайшоў дзедок, а бядняк усё ссыпае жыта і ссыпае, кадушкі й засекі насыпаў, а кучка тая ня меншыца. Дагадаўся тады бедны, што то ня проста дзядок, а сам Бог прыходзіў”.

(Ракіцкі: ) “Але ж мы менавіта дзядамі называем сваіх продкаў, нават дзень іхнага шанаваньня так і завецца — Дзяды. Акрамя таго, дзед — найменьне апорнага слупа, і пячнога стаўба, і зажынкавага снапа…”

(Валодзіна: ) “Аб’ядноўвае гэтых “дзядоў” значэньне апоры, падтрымкi, грунту, асновы. Адметна, беларускай мове было ўласьцiвае ўтварэньне ад асновы дзед такiх паняцьцяў як дзедзiнец — двор перад парогам, дзе, магчыма, хавалi памерлых; дзедзіна, дзедзізна — Айчына (параўн. Бацькаўшчына), спадчына i нават нябеснае царства, рай, вечнае жыцьцё, што нiяк не супярэчыць мiталягiчнаму субстрату гэтага тэрмiну”.

(Ракіцкі: ) “А вось са значэньняў і асацыяцыяў слова “баба” прыгадваецца чамусьці толькі Баба Яга…”

(Валодзіна: ) “Як парны да “дзеда” тэрмiн “баба”, “бабы” ў лякальных варыянтах гэтаксама замяшчае сабой назву памiнальнага дня (наступнага за дзядамi) i самiх продкаў; называе парных пэрсанажаў рытуальна-гульнёвых дзеяў (як дзед i баба ў “Жанiцьбе Цярэшкi”) i абазначае антрапаморфную выяву дажынкавага снапа. Ну і, натуральна, тут Баба Яга-касьцяная нага, жонка ўпыра Бурая баба, што чэша нагою лысую галаву; баба сьляпа і сапліва, што сядзіць пад мостам ды чакае, калі яе пацалуе першы падарожны”.

(Ракіцкі: ) “Вось яны — жанчыны... Няўжо традыцыя адмаўляе ім ва ўзроставай мудрасці?”

(Валодзіна: ) “Тая ж Баба Яга ня толькі крыважэрная, але і самая разумная баба, што дапамагае Іваньку перамагчы Кашчэя. Ёсьць нават меркаваньнi, што баба — гэта ў дыяхранii ня мацi бацькоў, а менавiта пажылая, вопытная жанчына з валоданьнем неабходнай сакральнай iнфармацыяй. Мы і сёньня кажам: бабка-знахарка, шаптуха, бабка-павiтуха, хаця імі могуць быць і сярэдняга веку маладзіцы”.

(Ракіцкі: ) “Такім чынам, мы маем апазыцыю: “дзед-мудрэц-сьвяты” і “баба-вядзьмарка-чарадзейка”.

(Валодзіна: ) “Каб быць дакладнымі, то і дзед — рэгулярнае абазначэньне галоўных пэрсанажаў гульнёва-абрадавых дзеяў, жабрака i нават нячысьцiка. У беларусаў дзедка — захавальнік скарбаў; дзедзя гарыць — скарб сьвеціцца. Дзедам называюць і вясковага знахара. У казках сустракаецца “дзед з кокаць, барада з локаць”. Дамiнавальнай прыкметай усiх гэтых вобразаў выступае судачыненьне са сьветам памерлых, са сфэрай звышнатуральнага i зьвязаныя з гэтым мiталягiчныя адценьнi. Сам тэрмiн — адчуваньне пастаяннай фiзычнай прысутнасьцi продкаў сярод жывых”.

(Ракіцкі: ) “Але, як у выслоўі, — старасьць ня радасьць... Ня радасьць яшчэ і таму, што ўсьведамляецца блізкасьць канца. Як ставіліся да гэтага ў колішніх вёсках?”

(Валодзіна: ) “Што дакладна, дык без драматызму і трагізму. Цьвёрдае разуменьне сябе на сваім месцы і ў сваім узросьце — бяз гэтатак званай другой маладосьці, плястычных апэрацыяў і настальгічных дзівацтваў. Рэзка мянялася адзеньне старых, яго фасон і колеравая гама. Абавязковай умоваю было рыхтаваньне сабе адзеньня “на сьмерць”. Рэглямэнтацыя заняткаў і сакральных дзеяў, кантактаў і рэпэртуару”.

(Ракіцкі: ) “А каб падмаладзіцца ды затрымаць троху час? Як у песьні: “Ажаніўся стары дзед, узяў жонку дваццаць лет...”

(Валодзіна: ) “…ды зачапіў званочак ля падала”. Ну і чым гэта скончылася? “Званочак звоніць у лузе ля хаты, а муж ня чуе, бо глухаваты”. Але варта заўважыць, у песенным і гульнёвым фальклёры тэрміны “дзед і баба” — устойлівае абазначэньне проста мужчыны і жанчыны, безадносна да ўзросту: “Ай, дзед, ты мой дзед, а я твая бабка…”, “А дзед бабу разуваў” ды іншае”.
XS
SM
MD
LG