Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памятны знак ад беларускіх габрэяў ахвярам Курапатаў выраблены з каменя ад помніка Сталіна


Ганна Соусь, Менск Сёньня ў Курапатах адбылося ўрачыстае адкрыцьцё памятнага знака ад беларускіх габрэяў ахвярам сталінізму. Мэмарыяльны знак выраблены з каменя, які калісьці быў часткай помніка Сталіну ў Менску.

На мэмарыяльным камяні па-беларуску і на ідыш выбіты надпіс: “Нашым адзінаверцам юдэям, братам па Кнізе, хрысьціянам і мусульманам ахвярам сталінізму ад беларускіх габрэяў”. Як распавёў актывіст грамадзкай ініцыятывы “За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты” Вацлаў Арэшка, ідэя ўсталяваньня памятнага знака ад беларускіх габрэяў узьнікла ўжо даўно:

(Арэшка: ) “Перамовы з габрэйскай і татарскай грамадамі вяліся некалькі месяцаў. Пакуль што атрымаўся толькі адзін камень ад беларускіх габрэяў. Татарскі трохі, я думаю, запозьніцца, але спадзяюся, што таксама будзе ўсталяваны. Гэта помнік не рэлігійны, гэта хутчэй знак памяці ад габрэяў Беларусі ўсім тым, хто загінуў у Курапатах”.

Памятны знак усталяваны на курапацкім пагорку мэтрах у дзесяці ад трох вялікіх курапацкіх крыжоў. Гаворыць кінарэжысэр Юры Хашчавацкі:

(Хашчавацкі: ) “Я ведаю, што гэты камень з-пад помніка Сталіну. Адмыслова хлопцы дасталі менавіта гэты камень. Цяперашнія дыктатары павінны разумець, што на рэштках тых помнікаў, якія яны ставяць пры жыцьці самім сабе, урэшце будуць напісаныя сьведчаньні іх злачынстваў”.

Спускаемся далей за курапацкі пагорак і падыходзім да адной зь ямін-магілаў. Прадстаўнік міжнароднага гістарычна-асьветніцкага таварыства “Мэмарыял” Ігар Кузьняцоў гаворыць, што гэта месца 30-га раскопу, якое было дасьледавана вайсковай пракуратурай у 1998 годзе.

(Кузьняцоў: ) “Тут знаходзяцца парэшткі 74 чалавек, якія былі расстраляныя прыблізна ўвесну ці летам 1940 году. Мойша Крамэр і Мардэхай Шулькес — гэта адзіныя два прозьвішчы людзей, чые парэшткі былі ідэнтыфікаваныя ў 1998 годзе”.

Паводле Ігара Кузьняцова, больш ніводнага прозьвішча расстраляных у Курапатах людзей невядома. Некалькі дзясяткаў чалавік, якія сёньня прыйшлі ў Курапаты, ушанавалі памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў хвілінай маўчаньня. Гаворыць лідэр Партыі БНФ Вінцук Вячорка:

(Вячорка: ) “Мы ўсе памятаем сваіх, але мы ўсе памятаем усіх, таму што мы — адзін народ. Мы народ гэтай зямлі. Баронячы Курапаты, мы баронім увесь беларускі народ і кожную яго частку”.

Сёньня ж скульптар Алесь Шатэрнік прывёз у Курапаты і ўсталяваў адрэстаўраваную частку ад мэмарыяльнага знаку “Ад народаў Злучаных Штатаў народу Беларусі дзеля памяці”. Лаву Клінтана неаднаразова апаганьвалі невядомыя вандалы, і ніколі вінаватыя не былі знойдзеныя.
XS
SM
MD
LG