Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці назіраюць прадстаўнікі Беларусі за выбарамі прэзыдэнта ЗША?


Юры Сьвірко, Менск Паводле агенцтва БелТА, сябра Савету Рэспублікі Мікалай Чаргінец наведаў акруговую выбарчую камісію нью-ёркскага раёну Мангэтэн як міжнародны назіральнік ад АБСЭ. У той жа час беларуская амбасада ў ЗША зрабіла заяву, што Злучаныя Штаты адмаўляюцца акрэдытоўваць незалежных назіральнікаў на выбары амэрыканскага прэзыдэнта. Прэсавая сакратарка Бюро АБСЭ заклікае бачыць розьніцу паміж фэдэральнымі ўладамі ЗША ды ўладнымі структурамі асобных штатаў.

Само Міністэрства замежных справаў Беларусі прызнае, што атрымала ноту Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША ад 15 кастрычніка, дзе гаварылася, што “фэдэральныя ўлады ЗША ня ўводзяць абмежаваньняў ці працэдураў на акрэдытаваных дыпляматаў, якія жадаюць назіраць за выбарамі ў Злучаных Штатах”.

Аднак беларускае МЗС і амбасада Беларусі ў Вашынгтоне абвінавачваюць ЗША ў тым, што яны “яўна парушаюць свае міжнародныя забавязаньні перад АБСЭ”, бо два амэрыканскія штаты — Мэрылэнд і Заходняя Вірджынія — і фэдэральная акруга Калюмбія адмовіліся акрэдытаваць у якасьці назіральнікаў беларускіх дыпляматаў. Адмовы ад яшчэ аднаго штату Вірджынія няма.

Як гаворыцца ў заяве беларускай амбасады ў ЗША, “адмова амэрыканскіх уладаў у акрэдытацыі незалежных міжнародных назіральнікаў выклікае сур’ёзныя сумневы ў празрыстасьці, свабодзе, сумленнасьці й дэмакратычнасьці будучых выбараў адпаведна стандартам АБСЭ”. На думку афіцыйнага Менску, ЗША не гатовыя кіравацца прынцыпамі й нормамі Капэнгагенскага дакумэнту АБСЭ 1990 году ды іншых міжнародных забавязаньняў што да правядзеньня выбараў.

Прэсавая сакратарка Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ Урдур Гунарсдотыр, якая знаходзіцца цяпер у Вашынгтоне, паведаміла Радыё Свабода, што ў складзе назіральнай місіі АБСЭ ў Злучаных Штатах ёсьць тры прадстаўнікі Беларусі. Аднак ніякага адмысловага стаўленьня да беларускіх прадстаўнікоў фэдэральныя ўлады ЗША ня маюць, іх праблемы выкліканыя іншымі прычынамі, кажа спадарыня Гунарсдотыр:

(Гунарсдотыр: ) “Мы не прымалі гэтага ў Беларусі й не прымаем у іншых краінах — калі нам кажуць, што некаторыя назіральнікі могуць прыехаць, а некаторыя не. Альбо ўсе прыяжджаюць, альбо ніхто. Мажліва, ня ўсе яны працуюць з намі. Некаторых назіральнікаў проста накіравала беларускае МЗС ці амбасада, яны працуюць незалежна ад нас”.

Прэсавая сакратарка Варшаўскага бюро АБСЭ заклікае бачыць розьніцу паміж фэдэральнымі ўладамі ЗША ды ўладнымі структурамі асобных штатаў:

(Гунарсдотыр: ) “Не заўсёды лёгка атрымаць акрэдытацыю на ўзроўні штату ці графства. Гэта цалкам адрозьніваецца ад Эўропы. Гэта вельмі складана, таму што гэта значыць, што вам трэба падаваць не адну заяўку, як вы робіце ў эўрапейскіх краінах, а ня ведаю колькі заявак — 50? На кожны штат, а потым на кожнае графства, дзе вы хочаце назіраць”.

Спадарыня Гунарсдотыр кажа, што АБСЭ яшчэ не прыйшла да высновы, ці варта лічыць такія працэдуры парушэньнем нормаў АБСЭ — “сытуацыя абмяркоўваецца, але гэта справа вельмі складанай юрыдычнай інтэрпрэтацыі”.

Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ толькі другі раз назірае за выбарамі ў ЗША. Упершыню назіраньне ў Злучаных Штатах бюро вяло ў 2002 годзе, але тады былі прамежкавыя парлямэнцкія выбары. За прэзыдэнцкімі выбарамі ў ЗША назіраньне з боку АБСЭ вядзецца ўпершыню.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG