Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Галіна Жураўкова: “Мая асноўная памылка — што я занялася нафтавым бізнэсам”


Алег Грузьдзіловіч, Менск Былая кіраўніца справаў прэзыдэнта сьцьвярджае, што стала ахвярай пастаўшчыкоў нафты, якія нікога не дапускаюць на беларускі рынак, каб трымаць завышаныя кошты на нафтапрадукты.

У Вярхоўным судзе Беларусі працягваецца працэс над Галінай Жураўковай, былой кіраўніцай справаў прэзыдэнта, і шэрагам яе падначаленых. У гэтай справе фігуруюць мільёны даляраў, нібыта накрадзеныя спадарыняй Жураўковай. Суд толькі пачаў высьвятляць умовы, якія спрыялі гэтаму.

“Мая асноўная памылка, што занялася нафтай”, — заявіла суду Галіна Жураўкова. Яна лічыць, што кошты на бэнзын у краіне могуць быць ніжэйшыя, але тых, хто гэтаму спрыяе, выціскаюць з рынку. Фірма “Белая Русь” прыйшла на рынак неўзабаве пасьля таго, як Галіну Жураўкову прызначылі кіраўніцай справаў прэзыдэнта ў 2001 годзе. Ужо ў 2003 годзе фірма імпартавала амаль 200 тысяч тон “чорнага золата” штомесяц — прыблізна восьмую частку ўсяго імпарту. Паводле сакрэтнай дамовы з расейскімі пастаўшчыкамі, 1 даляр на кожную тону нафты трэба было заплаціць асабіста кіраўнікам “Белай Русі”. Гэтыя грошы потым дзяліліся ў злачыннай групоўцы на чале з Галінай Анісімаўнай, сьцьвярджае сьледзтва. Сама Жураўкова кажа, што нічога ня ведала пра махінацыі. Маўляў, уцягнулі ў крымінальную справу, бо яна разбурыла “манаполію камэрсантаў”, і тыя пазбавіліся звышпрыбыткаў.

Ці магла Галіна Жураўкова стаць ахвярай разьбіральніцтваў на нафтавым рынку краіны? Эканамічны аглядальнік Яраслаў Раманчук лічыць гэта верагодным. Аднак ён зазначае, што насамрэч нафтавы рынак кантралюецца дзяржаўнымі стуктурамі, а камэрсанты, якіх на яго пусьцілі, дзейнічаюць ад імя карумпаваных чыноўнікаў. Гэты рынак цалкам закрыты, што і дапамагае штучна трымаць высокія кошты на нафтапрадукты, лічыць Яраслаў Раманчук.

(Раманчук: ) “З-за гэтай непразрыстасьці, з-за таго, што дзяржава зрабіла манаполію на гэтым рынку, і кошты такія высокія, і нікога не падпускаюць туды. Нават спадарыню Жураўкову, якая думала, што яна ў гэтай краіне ўсё можа”.

А што адбываецца зь іншымі гучнымі справамі? Паводле зьвестак зь Вярхоўнага суду, справа былога старшыні Белдлзяржтэлерадыёкампаніі Ягора Рыбакова дагэтуль вывучаецца судом, час пачатку працэсу яшчэ не прызначаны. Нагадаем, Ягор Рыбакоў абвінавачваецца ў хабарніцтве. Нібыта ён атрымаў звыш паўмільёну даляраў. Яму, як і Галіне Жураўковай, пагражае шматгадовае турэмнае зьняволеньне.

У сувязі са справамі Галіны Жураўковай і Ягора Рыбакова варта нагадаць лёс былога кіраўніка беларускай чыгункі Віктара Рахманька, якога летась суд прызнаў вінаватым у шэрагу злачынстваў, у тым ліку хабарніцтве. Аднак былы кіраўнік чыгункі не патрапіў за краты, суд палічыў, што сваё пакараньне ён ужо адбыў. Цяпер Віктар Рахманько жыве і працуе ў Маскве. Паводле зьвестак, ягоныя справы ідуць нядрэнна.
XS
SM
MD
LG