Лінкі ўнівэрсальнага доступу

С. Антончык: “Я ня ведаю прыкладаў, каб некаму забаранілі правесьці ўстаноўчы сход – іншая справа, што ўжо пасьля не рэгіструюць”


Ігар Карней, Менск Сяргей Антончык зробіць яшчэ адну спробу правесьці ўстаноўчы зьезд грамадзкага аб’яднаньня “Айчына”. Старшыня аргкамітэту ў справе ўтварэньня грамадзкай арганізацыі “Айчына” Сяргей Антончык назваў новыя тэрміны правядзеньня ўстаноўчага зьезду. Пасьля таго, як 24 кастрычніка гарадзкія ўлады за дзень да мерапрыемства скасавалі свой жа дазвол правесьці зьезд у менскім Лядовым палацы, чарговы збор дэлегатаў плянуецца 14 або 20 лістапада.

У мінулыя выходныя адмову на арэнду Лядовага палацу гарадзкія ўлады патлумачылі тым, што там нечакана пацёк лёд.

У якасьці альтэрнатывы дазволілі сабрацца на плошчы Бангалор. Аргкамітэт “Айчыны” палічыў гэтую прапанову абразай, і новы збор дэлегатаў Сяргей Антончык плянуе на 14 ці 20 лістапада ў тым жа Лядовым палацы. Я запытаўся: ці не чакае ён ад менскага лёду новых нечаканасьцяў?

(Антончык: ) “Я ня ведаю прыкладаў, каб некаму забаранілі правесьці ўстаноўчы сход. Іншая справа, што ўжо пасьля не рэгіструюць арганізацыю, Мін’юст цягне і г.д. Але забараніць устаноўчы сход, на якім абвяшчаецца грамадзкае аб’яднаньне (не палітычнае) — такога проста ня ведаю. Да таго ж, мы гэта робім адкрыта, паколькі хочам зрабіць арганізацыю масавай — некалькі сотняў тысяч сябраў. Будзем існаваць на ўнутраныя ўнёскі, таму нам вельмі важна, каб нас было шмат”.

Спадар Антончык асабліва падкрэсьліў, што “Айчына” ня будзе карыстацца ні заходнімі, ні ўсходнімі грантамі. А мэты новай арганізацыі акрэсьліў як выключна гуманітарныя. Гаворыць Сяргей Антончык:

(Антончык: ) “Цяпер мы хацелі б зрабіць шырокую арганізацыю, якая дапамагала б людзям ня толькі матэрыяльна, а аказвала б і прававую дапамогу. З гэтай мэтай плянуем адчыніць юрыдычныя канторы. Нават хацелі б арганізаваць некалькі цырульняў са значна ніжэйшымі расцэнкамі, чым у дзяржаўных. Гэта тычыцца і іншых кірункаў”.

Як сказаў спадар Антончык, аргкамітэт новай масавай арганізацыі ствараўся цягам двух гадоў, і цяпер прадстаўнікі “Айчыны” ёсьць у 240 населеных пунктах Беларусі.
XS
SM
MD
LG