Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Камэры спэцпрыёмніка штодня папаўняюцца новымі палітвязьнямі


Любоў Лунёва, Менск 15 суткамі арышту за ўдзел у апазыцыйнай акцыі пратэсту пакараў Цэнтральны суд Менску лідэра незарэгістраванай арганізацыі “Супраціў” Сяржука Мацкойца. Яшчэ адну ўдзельніцу акцыі на Кастрычніцкай плошчы Ірыну Патанаву арыштавалі на 3 сутак.

Сяржука Мацкойца абвінавацілі ў дробным хуліганстве і ў парушэньні грамадзкага парадку ў часе правядзеньня масавага вулічнага мерапрыемства. Амонаўцы ў судзе сьведчылі, што Сяржук у аўтобусе нібыта нецэнзурна лаяўся.

Нагадаем, штодня з 18 кастрычніка а 6-й вечара на Кастрычніцкай плошчы Менску зьбіраюцца людзі на знак пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў галасаваньня. Амаль кожны вечар амонаўцы затрымліваюць людзей, якія трымаюць плякаты, альбо папросту адмаўляюцца пайсьці з плошчы.

28 кастрычніка затрымалі трох чалавек. У дзяжурнай частцы міліцыі непаўнагадовага адпусьцілі, а Сяржука Мацкойца і Ірыну Патанаву адвезьлі ў спэцпрыёмнік-разьмеркавальнік на вуліцу Акрэсьціна.

Сяржук Мацкойц паведаміў Радыё Свабода, што яшчэ ў камэры яму зрабілася кепска. У яго абвастрылася язва страўніка. Нягледзячы на гэта, міліцыянты адвезьлі яго ў суд. Пакараньне — 15 сутак арышту — ня стала нечаканасьцю для лідэра руху “Супраціў”. Пасьля вынясеньня прысуду, калі канвойныя вялі яго ў машыну, Сяржук пасьпеў сказаць некалькі словаў Радыё Свабода:

(Мацкойц: ) “Прысуд быў вынесены, нягледзячы на тое, што ў мяне абвастрылася хранічная язва яшчэ ў камэры падчас знаходжаньня ў РУУС. Хутчэй за ўсё, я буду зараз выклікаць “хуткую дапамогу”. Гэты прысуд ніякага значэньня для мяне ня мае і на маю далейшую палітычную дзейнасьць не паўплывае. Настрой бадзёры”.

Паколькі Ірыну Патанаву затрымалі ўпершыню, суд абмежаваўся трыма суткамі арышту.

Камэры спэцпрыёмніка папоўніліся яшчэ двума палітвязьнямі. Увечары адтуль выходзяць на волю 11 чалавек, арыштаваных на 10 сутак за актыўны ўдзел у дэманстрацыі 19 кастрычніка. Сярод іх лідэр “Народнай грамады” Мікола Статкевіч і актывісты Маладога фронту і моладзевага руху “Зубр” Дар’я Малдаванава, Руслан Харкевіч, Павал Юхневіч, Павал Хівук і іншыя палітвязьні. На волю выйдзе і лідэр Партыі Свабоды Сяржук Высоцкі. Яго пакаралі трыма суткамі арышту.
XS
SM
MD
LG