Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Яшчэ ў брэжнеўскія часы ў Беларусі ў параўнаньні з Расеяй было чысьцей на вуліцах, у пад’ездах. Так што Лукашэнка тут ні пры чым”


RFE/RL Водгукі слухачоў – 28 кастрычніка. Кожны дзень з 21:00 вечара да 09:00 раніцы вы можаце затэлефанаваць на менскі нумар 229-22-71 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку.

(Мікола Саскевіч: ) “Дзень добры, шаноўнае панства! Я ня здолеў устрымацца, калі пачуў ад вашых калегаў, журналістаў расейскай службы Радыё Свабода, размову пра нашу цяперашнюю Беларусь. Як быццам бы пры Лукашэнку на Беларусі стала чыста на вуліцах і вакол добрыя дарогі.

Хачу сказаць паважаным журналістам, што яны памыляюцца. Я жыў у Расеі і вучыўся там з 1979 па 1984 год. І я ведаю, што яшчэ ў тыя камуністычныя брэжнеўскія часы ў Беларусі ў параўнаньні з Расеяй былі чыстыя дарогі, было чысьцей на вуліцах, у пад’ездах. Так што Лукашэнка тут ні пры чым. Проста народ у нас больш адказны, працавіты, спакойны, карацей кажучы – эўрапейскі народ. І вельмі шкада, што да ўлады ў Беларусі прыйшлі разбуральнікі, невукі, не эўрапейцы, якія забіваюць бяскроўна наш народ у Беларусі. Жыве Беларусь!”

(Спадар: ) “Радыё Свабода! Я прапаную новы спосаб галасаваньня на выбарчых участках. Выбаршчык прыходзіць, адзначаецца, прад’яўляе пашпарт, потым з кучы бярэ запячатаны капэрт і ідзе ў кабіну для галасаваньня. Там ён расьпячатвае капэрт, дастае адтуль 2 экзэмпляры бюлетэняў, склееныя паміж сабой, папера такая, як на накладных. Адбітак на другім экзэмпляры капіюецца. Усе бюлетэні пранумэраваныя, таксама як накладныя, папарна. Калі ён паставіць гэтую птушку, ён выходзіць. Стаяць дзьве урны: адна для назіральнікаў, а другая для выбарчай камісіі. І кідае кожны экзэмпляр у сваю урну. Такім чынам таямніца нумара захоўваецца. І пасьля падлічваюцца галасы асобна выбарчай камісіяй і назіральнікамі. У сувязі з узьнікненьнем нейкіх няўзгодненасьцяў два бюлетэні зьвяраюцца нейкай пагаджальнай камісіяй, і выяўляецца, дзе праўда, а дзе не. Такім чынам можна дабіцца справядлівага падліку галасоў.”

(Спадарыня: ) “Добрай раніцы! Надыходзяць Дзяды – ушанаваньне продкаў. 31 кастрычніка адбудзецца шэсьце ў Курапаты. Збор у 10:30 каля мэтро парк Чалюскінцаў, гадзіньнікавы завод на бульвары Талбухіна. Запрашаем усіх, у тым ліку журналістаў Радыё Свабода, прыняць удзел у шэсьці, ушанаваць нашых продкаў. Усяго добрага”.

(Канановіч Вольга: ) “Зьвяртаюся да кіраўніцтва Радыё Свабода ў Менску. Настойліва прашу перадаць інфармацыю ў эфір, што атрыманы дазвол на шэсьце 31 кастрычніка ў 10:30 ад станцыі мэтро парк Чалюскінцаў, бульвар імя Талбухіна, да Курапатаў у гонар дня Дзядоў. Заяўнікамі шэсьця зьяўляецца Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя. Ужо два дні вы маеце гэтую інфармацыю, але ў ранішніх перадачах яе не чуваць”.

(Спадар: ) “На вашае пытаньне, што сёньня рабіць, адказваю. Гісторыя сьведчыць, што дыктатары не перамагаліся сваім уласным народам. Спадзявацца на хатнюю перамогу – гэта значыць марнаваць час. Таму застаецца адно – спадзяваньне на дапамогу звонку ад міжнароднай супольнасьці, дэмакратычных эўрапейскіх краінаў. У дыктатара – сьляпая сіла, узброеная тэхнікай, і бязьмежнае вераломства, нахабства, цынізм і недасьведчанасьць насельніцтва ўласнай краіны. На пытаньне, што рабіць сёньня, калі час прысьпешвае, я бачу адказ: спадзявацца на свабодных суседзяў і на нацыянальнае непадпарадкаваньне. Дзякуй”.

(Спадар: ) “Добры дзень, шаноўныя супрацоўнікі Радыё Свабода! Я слухаю вашыя перадачы ўжо вельмі даўно, і ў мяне выклікае зьдзіўленьне, што вы вельмі ўжо так выціраеце сьлёзы гэтым Вячоркам, Падголам, Беленькім, што яны ўжо так турбуюцца пра жыцьцё беларускага народу. Я лічу, што яны проста рвуцца да ўлады. А паколькі ўлады гэтай не хапае, бо пасада прэзыдэнта толькі адна, а ўсялякіх гэтых Вячоркаў тысячы, дык вось таму вы і ўціраеце ім сьлёзы, а людзям ад іх нічога лепшага ня будзе. На вашай радыёстанцыі бывае Экспэртыза Свабоды – чаму ж яны на экспэртызе сваёй не абмяркуюць, скажам, лёс грашовых укладаў, якія яны нам абясцэнілі, якія я б хацеў таксама, каб нам вярнулі.

І скажам пра бел-чырвона-белы сьцяг. Ці станем мы лепш жыць калі ў нас зялёна-чырвоны сьцяг зьменіцца на бела-чырвоны? Жабракі як былі так і застануцца жабракамі. Наконт беларускай мовы. Я таксама за тое, каб яна захавалася. Але зноў такі, калі нават 99,9 % людзей пачнуць размаўляць па-беларуску, жыцьцё ад гэтага ня будзе лепшае. Дзякуй за ўвагу”.

(Спадар: ) “Журналісты Свабоды! Будзьце больш меньш аб’ектыўнымі пры асьвятленьні палітычных падзеяў, якія адбываюцца на Беларусі. Рычард Баўчэр, бачыце, плача і шкадуе беларускіх апазыцыянэраў, калі мірную дэманстрацыю, маўляў, разагналі ў Менску, то бок людзей, якія былі ня згодныя з рэфэрэндумам і выбарамі ў Беларусі. Але ж гэта была ня мірная дэманстрацыя, гэта былі п’яныя хуліганы, якія перакрылі цэнтральную дарогу ў Менску, праспэкт Скарыны, і дзесяткі тысячаў людзей пасьля працы не маглі трапіць дамоў альбо па сваіх справах. Чаму Рычард Баўчэр ня плача, калі 1300 сапраўды мірных дэманстрантаў арыштавалі ў Нью-Ёрку, калі там праходзіў зьезд Рэспубліканскай партыі. Гэта непрыстойна і паскудна! Дзякуй”.
XS
SM
MD
LG