Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як і дзе праводзіць беларуская моладзь вольны час?


Франак Вячорка, Менск Новая перадача сэрыі “Маладыя галасы”.

Сёньня ў праграме:

– Мода на ролевыя гульні: моладзь імітуе жыцьцё першабытных плямёнаў, Ангельшчыну часоў Робіна Гуда й масавыя рэпрэсіі 30-х гадоў у Беларусі. Хто прыдумляе такія гульні? Што карыснага можна вынесьці з выкананьня ролі ката? І ці магчыма зьяўленьне гульні пра Беларусь часоў кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі?

– Рэпартаж зь менскіх тусовак. Навошта па вечарах маладыя людзі зьбіраюцца разам у цэнтры гораду? Чым яны займаюцца? Як на тусоўкі рэагуюць мінакі й міліцыянты?

– Роварныя падарожжы круглы год. Група аматараў беларушчыны аб’ехала на колах ўсю краіну. Вандроўкі не прыпыняюцца нават узімку. У нашае праграме – аповед пра “ровары на сьнезе”.

– Маладыя праграмісты беларусізуюць кампутарныя праграмы. Якое начыньне ўжо працуе па-беларуску? Ці ёсьць попыт на такі прадукт? Дзе яго можна знайсьці?

ГАВОРКІ ПРА РОЛЕВЫЯ ГУЛЬНІ

Вы сыходзіце з электрычкі на станцыі Новае жыцьцё. Вецер даносіць гукі паляўнічага рогу, ці грукат рытуальных тамтамаў. Праз некалькі дзесяткаў крокаў у гаі вы бачыце лягер лясных злодзеяў, альбо нехта, вымазаны попелам і апрануты ў скуры, скача на вас з дрэва. Пры ўсіх гэтых акалічнасьцях раю вам захоўваць спакой. Папросту вы сталі сьведкам ролевай гульні.

Гэта падобна на аматарскі тэатар. Самыя розныя, і часам незнаёмыя маладыя людзі прыдумляюць сцэнар, шыюць сабе строі, а пасьля зьбіраюцца разам і гуляюць. Ад усяго працэсу, як цьвердзіць нашая суразмоўца Насьця, удзельнікі атрымліваюць вялізнае задавальненьне.

(Насьця: ) “Нядаўна пад Менскам праходзіла гульня “Вясёлая Англія”. Яна была прысьвечаная легендам пра Робіна Гуда. І там было высокае саслоўе – раманы, рыцары; і нізкае саслоўе – саксы, якія былі сялянамі, простымі гараджанамі. Калі гулец вопытны, яму даюцца нейкія вядучыя ролі, каб калі што падтрымаць гульню, а калі не – даюцца нейкія простыя ролі. Кожны чалавек гуляе для сябе. У нас няма нейкіх кіраўнікоў, які кантралююць, так ты гуляеш ці не. Гэта як тэатар: ёсьць нейкая п’еса, якую нам трэбы сыграць”.

(Франак Вячорка: ) “Якая самая экстрэмальная гульня, у якой ты ўдзельнічала, і твая самая экстрэмальная роля?”

(Насьця: ) “Гэта гульня была “Дзіўны Новы сьвет”. Яна праходзіла на 9 траўня гэтага году. Гэта гульня пра сьвет пасьля апакаліпсісу, калі не было вады, не было зямлі, і людзі проста выкопвалі зь зямлі рэчы, якія засталіся ад мінулай эпохі. Кожны чалавек прыносіў з сабой літар вады й тушонку. Гэта было на 2 дні, мы стаялі на вахце ноччу, выкопвалі зь зямлі рэчы... гэты было экстрэмальна!”

(Франак Вячорка: ) “Як адбываецца ролевая гульня: вы прыяжджаеце ў лес і пачынаеце там жыць па сваіх ролях? Ці ёсьць нейкая падрыхтоўка, спэцыялізаваная пляцоўка?”

(Насьця: ) “Як я ўжо казала, пад Менскам праходзіла гульня “Вясёлая Англія”, за год да гэтага чацьвёра ці пяцёра сказалі, што зьбіраюцца рабіць гульню. Яны вывесілі інфармацыю на сваім сайце, і кожны ахвотны мог стаць гульцом, але для гэтага яму трэба было пашыць строй і прыдумаць сабе легенду. Потым усе гэтыя людзі прыехалі ў лес, на палігон. Там гэтая гульня й адбылася”.

(Франак Вячорка: ) “А ў Беларусі ёсьць пэўны палігон для ралевікоў?”

(Насьця: ) “І не адзін. Адно – гэта станцыя Асіна, накірунак на Стаўбцы. Другое – гэта станцыя Новае Жыцьцё – гэта Крупкі”.

(Франак Вячорка: ) “Ці існуе нейкая этычная мяжа ў выбары тэмаў?”

(Насьця: ) “Вядома, існуе, і гульцы самі выбіраюць, гуляць ім у гэта ці не гуляць. Напрыклад, ня так даўно прайшла гульня пра Беларусь у 30-я гады мінулага стагодзьдзя. Гэтая гульня праходзіла ў горадзе. Было некалькі месцаў дысьлякацыі: Пралетарскі тэатар, дзе ставіліся п’есы Янкі Купалы, НКВД, здаецца, таксама было. Некаторыя ролі былі вельмі жорсткія – напрыклад, адзін мой знаёмы, ён іграў журналіста. Яму трэба было здрадзіць сваім сябрам. Ён вырашыў застрэліцца. Гульня была даволі жорсткая, але кожны чалавек выбірае, гуляць яму ці не. І многія людзі былі ёй задаволены, былі задаволеныя ролямі”.

(Франак Вячорка: ) “Ты казала, што ролевыя гульні прыносяць асалоду. А якую асалоду можа прынесьці чалавеку роля ката?”

(Насьця: ) “Я не кажу, што ўсе ролі існуюць для асалоды. Некаторыя ролі людзі выбіраюць, каб чамусьці навучыцца, ці паглядзець, якімі б яны былі ў той ці іншай сытуацыі. Можа, такая сытуацыя будзе далей у іх жыцьці, можа, такой ня будзе ніколі, але ж ім цікава, як бы яны паводзілі”.

(Франак Вячорка: ) “Сучаснае палітычнае жыцьцё Беларусі вельмі нагадвае ролевую гульню. Ці не прыходзіла ідэя наладзіць ролевую гульню кшталту “Выбары прэзыдэнта 2006” ці “Рэфэрэндум 2004”, “Прэзыдэнт і яго атачэньне”? Ці магчыма такую гульню арганізаваць у хуткім часе?”

(Насьця: ) “Я ня думаю, што такія гульні хутка зьявяцца. Такой сытуацыі нам хапае ў жыцьці. Мы гуляем у гэтую гульню кожны дзень”.

ГАВОРКІ ПРА ТУСОЎКІ

Начное моладзевае жыцьцё 2-х мільённага Менску – гэта тусоўкі. Зладзіць іх вельмі проста: неабходныя людзі колькасьцю больш за аднаго і пераносны магнітафон, каб было пад што тусавацца. А далей усё само пойдзе. Музыка прыцягне ўвагу маладых мінакоў, тыя далучацца, пасьля падкоцяць хлопцы на скейтбордзе, а нехта прыцягне пару пляшак піва. Так тусоўка і праходзіць.

Фінал можа быць такім жа хуткім: у лепшым выпадку – прысутныя перабазуюцца ў іншую, больш цікавую кампанію, у горшым – зьявяцца міліцыянты і папросяць разысьціся.

Мы вырашылі дасьледаваць менскія тусоўкі. Па прыгоды скіраваліся на вуліцы начнога гораду.

(Франак Вячорка: ) “Знаходжуся зараз каля Палацу Рэспублікі й маю вялікае задавальненьне назіраць за групаю тусоўшчыкаў, месца якіх называецца “квадраты”. Тры маладзенькія 12-гадовыя дзяўчаты знайшлі тут сабе цудоўнае месца пафарбавацца. Хлопцы зацята паляць ці то траву, ці то цыгарэты. Некаторыя вылоўліваюць пару красовак з вады, якая тут працякае каналамі, і іншыя разьбіраюцца з амонаўцамі. Амонавец падыходзіць да кожнага маладзёна, і, магчыма, высьвятляе, што яны тут робяць і чаму яны тут тусуюцца. Маладыя на гэта вельмі канфліктна рэагуюць. Між тым сюды ўсё больш і больш падцягваецца людзей. Адным словам, тусоўка пачынае сваё вечаровае існаваньне.

На лаўцы сядзяць два хлопцы. Я вырашаю далучыцца да іх”.

(Франак Вячорка: ) “Што за кантынгент тусуецца на Квадратах?”

(Тусоўшчык: ) “Гэта моладзь гадоў ад 15 да 25, якая прыходзіць сюды вачарам паадпачываць”.

(Франак Вячорка: ) “А чым моладзь тут звычайна можа займацца. Я бачу, ты п’еш піва, жуеш кальмара – гэта адзінае, чым займаюцца маладыя людзі?”

(Тусоўшчык: ) “Гэта адно з асноўных, чым тут займаюцца. Некаторыя ня п’юць піва, а п’юць кока-колу. Хтосьці сядзіць зь дзяўчынамі”.

(Франак Вячорка: ) “Піць піва можна ў адмысловых кавярнях. Займацца спортам можна ў сэкцыях. Навошта гэтым займацца тут, на нязручным асфальце?”

(Тусоўшчык: ) “Я і мае сябры, мы жывём у розных раёнах гораду Менску, далёка ехаць адно да аднаго, таму гэтае месца – гэта аптымальны варыянт сустракацца. Зносіны не заўсёды зводзяцца да расьпіваньня сьпіртовых напояў, гэта сьпіртовыя напоі зводзяцца да зносінаў”.

Бальшыня тусовак сканчаецца ля гадзіны ночы. Менавіта тады ў мэтро ад’яжджае апошні цягнік. А да гэтага часу жыхары дамоў, ля якіх зьбіраецца кампаніі, іграюць ролі вымушаных сьведкаў і суседзяў забаваў моладзі.

Глеб жыве на рагу праспэкту Францішка Скарыны й вуліцы Леніна. Пад ягонымі вокнамі – рэстарацыя МакДональдз, тут жа – аднайменная тусоўка, адна з буйных у горадзе. Глеб і сам некалі тусаваўся, а затым паступіў ў Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт. Скончыў яго. І цяпер разважае пра тусоўкі з культуралягічнага гледзішча:

(Глеб: ) “Я лічу, што ў тусоўцы няма глыбокіх стасункаў, няма дачыненьня кшталту сябра зь сябрам ці каханага з каханкай. І калі малады чалавек прыходзіць у тусоўку, яму ўсё роўна, з кім тусавацца. Людзі прызвычайваюцца да гэтага асяродзьдзя, і ўжо пасьля ў іх не стае выбару, дзе правесьці свой свабодны час, гэта для іх звычайна – прыйсьці на месца тусоўкі і правесьці вечар за пляшкай піва ці таннага віна. Што злучвае тусоўку, гэта каштоўнасьці. Яны спрабуюць знайсьці сэнс жыцьця пра экстрэмальныя паводзіны, а аддаюць гэткую даніну модзе. Нейкія рысы экстрэмальнасьці можна знайсьці ў гэтых тусоўках. Напрыклад, адзеньне, экстрэмальны стыль, накшталт “Limp Bizkit” ці “Linkin’ Park”, на мой погляд, дамінуе ў пэўнай частцы маладзёвай культуры. Але ёсьць яшчэ адна рыса: кожная тусоўка жадае адшукаць адрозьненьні ад іншых і паставіць сябе як лепшую”.

(Франак Вячорка: ) “Ці існуюць тусоўкі ў нас у традыцыйным значэньні гэтага слова? Калі так, то на падставе чаго яны ўзьнікаюць, дзе звычайна іх можна сустрэць?”

(Глеб: ) “Гэта тусоўка каля McDonald’s’y, якая ў сваіх варыяцыях існуе і на Панікоўцы, і на так званых “Квадратах”, і на “Нямізе” Кантынгент вельмі розны: ад “залатой моладзі” да быкоў зь мікрараёнаў. Але яны згуртоўваюцца на агульных каштоўнасьцях. І калі маладзёнам 14, 15, 16 гадоў, яны паміж сабой ня вельмі адрозьніваюцца. Але празь некалькі год пачынаецца дыфэрэнцыяцыя: “залатая моладзь” згуртоўваецца ў свае тусоўкі, а іншая – сьпіваецца ці сыходзіць у крымінальныя паводзіны”.

(Франак Вячорка: ) “Вы жывяцё каля McDonald’s’y і штодня можаце назіраць паводзіны тусоўкі. Як вы і вашыя суседзі ставяцца да тусовак, да гэтых штовечаровых крыкаў, енкаў?”

(Глеб: ) ”Калі людзі проста зьбіраюцца патусавацца, дык гэта ж добра. Але калі пачынаюць крычаць, то гэта вельмі разьюшвае. Нават некаторыя суседзі выклікаюць міліцыю. Гэта адбываецца рэгулярна”.

ГАВОРКІ ПРА РОВАРНЫЯ ПАДАРОЖЖЫ

Пад здаровым ладам жыцьця кожны разумее сваё. Кіраўнік дзяржавы разам са сваім атачэньнем бегае на “Менскай лыжні”; Аб’яднаная грамадзянская партыя штогод ладзіць футбольныя турніры памяці Генадзя Карпенкі. А маладыя аматары беларушчыны сядаюць на ровары і кацяць, куды глядзяць вочы.

Раней ці пазьней дарога прывядзе іх да рэшткаў палацу, закінутай панскай сядзібы альбо сярэдневечнай царквы. Паглядзелі, павывучалі, зь мясцовым насельніцтвам пакантактавалі – і назад, дадому. Вось такі спорт.

Да нашага аповеду 18-ці гадовы Ігар дадае маленькую рэмарку: “падарожжы адбываюцца круглы год: як улетку, так і ўзімку”.

(Франак Вячорка: ) “Роварныя падарожжы ўзімку. Што для гэтага трэба?”

(Ігар: ) “Добра ўкамплектаваны ровар – гэта вельмі добрыя зімовыя пакрыўкі, амуніцыя – нічога такога асаблівага. Галоўнае: ваша падрыхтоўка, вашае імкненьне й вашае жаданьне”.

(Франак Вячорка: ) “Улетку ясна: вы апранаеце джынсы, красоўкі й майку. Узімку ж, напэўна, вы мяняеце свой гардэроб, і на вас ужо пара валёнак, кажух і тоўстая шапка”.

(Ігар: ) “На самой справе зімой мы апранаемся вельмі мала, бо, калі едзеш, а на табе яшчэ нейкі заплечнік, зь цябе сьцякае сем патоў – таму зімой, нават у любы мароз нам холадна не бывае. Ставяцца спэцыяльныя шыны й можна ехаць добра па сьнезе. Калі мы праехалі 10 кілямэтраў, там была мяжа раёнаў, адзін раён служба ачысьціла ад сьнегу, а адзін – не. Прыйшлося яшчэ кілямэтраў 5 несьці ровары ў руках, ісьці пешкі, намокнуць…”

(Франак Вячорка: ) “Рэакцыя людзей: калі ідзе вясковец і бачыць улетку групу раварыстаў, то гэта нармальна. Але калі ўзімку той самы вясковец, прабіраючыся па лясных сьцяжынах, бачыць маладых людзей, якія на сабе цягнуць ровары, альбо едуць на іх – ці не выклікае гэта зьдзіўленьня, і ці ня круціць ён пальцам ля скроні?”

(Ігар: ) “Калі мы прыяжджаем у горад, моладзь нам можа сказаць: “глядзіце, нейкія дурныя едуць!” Могуць нават пасьмяяцца. Калі мы прыяжджаем у вёску – рэакцыя зусім іншая, яны кажуць: “Вось табе на! Вось гэта тэхніка!” Калі мы праяжджаем празь вёску, то ім будзе перш за ўсё цікава паглядзець, увогуле, што нехта едзе. Яны адразу зьвяртаюць увагу на гэта.

Сустракаюць, хто як. У цэрквах вельмі шмат крадуць іконы, таму розныя бабкі з насьцярожанасьцю ставяцца да прыежджых, каб чаго не вынесьлі. Першая рэакцыя такая: “Так, нешта тут ня тое!” Асабліва калі нешта фатаграфуеш. Але цуд здараецца, калі пачынаеш зь імі размаўляць на беларускай мове, неяк яны ветлівымі становяцца. Памятаю, мы праяжджалі вёску Дуды, там царква барочная стаіць, вельмі прыгожая. Нас не хацелі туды пускаць, але калі мы пачалі размаўляць, яна пачала з намі размаўляць, кажучы: “Вось я ведаю, што вы нармальныя”. Бо яна кажа, што ўсе прахадзімцы мовы ня ведаюць”.

(Франак Вячорка: ) “Ты маеш назапашаны досьвед пастаяннага вандроўніка – чаму ты дагэтуль не стаў якім-небудзь кансультантам у турыстычных фірмах? Ці ты беражэш гэты каштоўны досьвед, каб адкрыць пасьля сваю ўласную справу?”

(Ігар: ) “Вядома, у мяне было жаданьне адкрыць сваю ўласную справу. Я падыходзіў у агенцтвы, казаў, што ёсьць такія цікавыя маршруты нестандартныя, дзе ня езьдзяць, дзе людзям будзе цікава. Яны мне на гэта адказваюць, што ня змогуць сабраць групу. Справа ў тым, што агенцтвы лічаць, што ў нас ёсьць толькі Мірскі замак, Нясьвіскі палац, можа, яшчэ Гальшаны. Фірмы лічаць, што людзям будзе нецікава туды зьезьдзіць паглядзець, але ў Беларусі ёсьць вельмі шмат чаго цікавага. У нас ёсьць вельмі вялікі патэнцыял, у нас можна зрабіць краіну вельмі нават турыстычную”.

ГАВОРКІ ПРА КАМПУТАРНЫЯ ПРАГРАМЫ

Вы пажадалі завітаць на сайт, але раптам усясьветнае павуціньне выдае паведамленьне “The page cannot be displayed”. А цяпер параўнайце: усё тое самае, але на экране надпіс “Старонка ня можа быць паказаная”. І ў першым, і ў другім выпадку вашае жаданьне так і не зрэалізавалася, аднак, пагадзіцеся – прыемней, калі кампутар размаўляе на вашае роднай мове.

Беларусізацыя праграмаў пакуль што ня мае статус дзяржаўнай палітыкі. Гэтым займаюцца аматары. Але за апошнія гады яны наперакладалі столькі, што ў Інтэрнэце зьявіўся адмысловы партал www.belsoft.tut.by.

Стваральнік сайту – лідзкі праграміст Алег Азароўскі. Ён з намі на тэлефоннай сувязі.

(Алег Азароўскі: ) “Прыкладна пару гадоў назад мяне зацікавіла гэтая тэма. У нас у той час амаль усе праграмы былі на рускай мове, і цікава было атрымаць нейкую праграму па-беларуску. І з гэтага пачалося, а потым сам пачаў рабіць пераклады праграмаў, якімі я карыстаўся, а потым іх выкладваў на сваю старонку ў сеціве. Праграмы вельмі розныя. Напрыклад, той самы Total Commander, архіватар WinRAR, The Bat – паштовая праграма, і іншыя праграмы, зьвязаныя з музыкай, тэкстам, апрацоўкай графікі, інтэрнэтам. Цяпер ня толькі я займаюся перакладам – цяпер любы жадаючы, любы наведнік сайту можа мне даслаць свае пераклады, я іх таксама выкладу на сваёй старонцы”.

(Франак Вячорка: ) “Сама тэхналёгія перакладу – ці цяжка гэтым займацца?”

(Алег Азароўскі: ) “Спачатку гэта было ня вельмі проста, бо патрабавала некаторых спэцыяльных ведаў. Але апошнім часам софтавыя кампаніі, якія займаюцца выпускам праграмаў, даюць магчымасьць перакладаць свае праграмы на іншыя мовы іншым людзям. Працэс вельмі спрасьціўся. У большасьці выпадкаў да пэўнае праграмы прыкладаецца спэцыяльны моўны файл, які можна перакласьці на любую мову, і праграма атрымае інтэрфэйс на гэтай мове. Такія праграмы перакладаць ня так і складана. Трэба сказаць, што парушэньня капірайту няма, бо не зьмяняецца праграма”.

(Франак Вячорка: ) “Адна справа мець беларускамоўную вэрсію праграмы, а іншая – мець цэлую апэрацыйную сыстэму па-беларуску: ці то гэта будзе Windows, ці то Linux. Наколькі магчыма займець такую праграму ў бліжэйшы час?”

(Алег Азароўскі: ) “Наконт апэрацыйных сыстэмаў, то гэта вельмі цяжкая справа. Я ведаю, што ў сеціве ёсьць праект, які перакладае Linux на беларускую мову, але гэты перакладнік знаходзіцца яшчэ ў працэсе. Што тычыцца Windows, трэба перш за ўсё зацікаўленасьць кампаніі-распрацоўніка гэтай апэрацыйнай сыстэмы, Microsoft. Вось калі яны зацікавяцца гэтай праблемаю, то праблемы зь перакладам ня стане”.

(Франак Вячорка: ) “Ці ёсьць попыт на такога віду софт, ці ёсьць зьвесткі, колькі скачвалася тая ці іншая праграма?”

(Алег Азароўскі: ) “У мяне няма статыстыкі наконт канкрэтных праграмаў, але калі мець колькасьць наведнікаў, якая з кожным месяцам усё павялічваецца, то мы можам сказаць, што зацікаўленасьць у такіх перакладах ёсьць, і яна павышаецца з кожным разам”.

(Франак Вячорка: ) “Імкненьне ствараць беларускамоўныя праграмы выклікана пачуцьцём патрыятызму, ці гэта проста даніна цікавасьці?”

(Алег Азароўскі: ) “Проста цікава мець свой кампутар на беларускай мове. Ня ведаю, магчыма, гэта і ёсьць патрыятызм”.

У гэтым выпуску “Маладых галасоў” мы наўмысна пазьбягалі палітычных тэмаў. Моладзь, як і астатняя частка грамадзтва, стамілася ад рэфэрэндуму і парлямэнцкіх выбараў, якія фінішавалі ў Беларусі. Адчуваючы гэта, мы склалі праграму так, каб цікавага у ёй было больш, чым палітычна актуальнага.

З вамі быў Франак Вячорка. Да хуткае сустрэчы!
XS
SM
MD
LG