Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму ў Беларусі амаль не чытаюць “раёнкі”?


Аляксандар Уліцёнак, Менск Сёньня ў Беларусі зарэгістравана амаль 900 газэт. Заснавальнікамі кожнай сёмай зь іх выступаюць абласныя, раённыя й гарадзкія выканаўчыя камітэты. Разавы наклад мясцовай прэсы прыблізна ўдвая перавышае плянку, узятую цэнтральнымі дзяржаўнымі выданьнямі. Так званыя “раёнкі” робяць заўважны ўплыў на фармаваньне грамадзкай думкі ў краіне. Пра тое, як разьвіваецца мясцовы друк, і пойдзе размова ў чарговай тэматычнай перадачы з сэрыі “Палітычная геаграфія”.

Як і раней, праблемай нумар адзін для “раёнак” застаецца тыражная палітыка: у параўнаньні з савецкім пэрыядам большасьць зь іх значна страціла колькасьць чытачоў, замест чатырох разоў выходзіць двойчы на тыдзень, а некаторыя толькі адзін раз…

Цытую сьвежы нумар валожынскай “Працоўнай славы”: “На працягу апошніх гадоў наш рэдакцыйны калектыў прыкладае шмат намаганняў, каб разбурыць нябачную сцяну супрацьстаяння і павысіць узровень падпіскі менавіта ў Івянцы, дзе пражывае больш за пяць тысяч чалавек… І кожны раз нашы памкненні разбіваюцца аб нежаданне чытаць раёнку. Такі ў івянчан менталітэт”… Няўжо віна найперш у чытацкай псыхалёгіі? Што думаюць падпісчыкі?

(Аляксей: ) “Я так лічу, што раней у нас раённая газэта была трохі лепшая. Цяпер яна слабаватая. Аднабокая. Не адлюстроўвае ўсяго жыцьця раёну”.

(Вера: ) “Я не хачу казаць, дрэнная раёнка ці добрая. Калі чэсна, то я не выпісваю раёнкі. Таму што я люблю “Камсамолку”.

(Антон: ) “Артыкульчыкі проста пішуць, каб заняць палосы, дый усё”.

(Іван: ) “Я выпісваю “Советскую Белоруссию”, “Труд” купляю”.

Такім чынам, прага да чытаньня прэсы ў людзей засталася, хоць і паменела. Адпаведна ва ўмовах усё большага дэфіцыту ўвагі да газэтаў рэзка расьце цана іх якасьці: інфармаванасьці, праўдзівасьці, апэратыўнасьці… Каб быць канкурэнтаздольнымі, рэдакцыі мусяць рэзка актывізавацца. Гэта ў тэорыі. А што адбываецца насамрэч?

(Екель: ) “Газэта выпусташаная… А я веру, што ў кожным нумары ёсьць, мусіць быць свая маленькая, але трапяткая душа! Дык яна выпусташаная… На вялікі жаль, так сумна бывае, як зойдзеш у рэдакцыю… Ну, затурканыя – гэта зразумела. Але ім нават бывае нецікавай газэта, нецікава тое, што пра іх гавораць, хто і колькі на іх падпісваецца…”

Гэта меркаваньне старшыні Беларускага саюзу журналістаў Леаніда Екеля. Праўда, ён казаў таксама, што ў раёнках хапае й прафэсіяналаў. Але ў цэлым крэатыўнага пачатку бракуе. І найперш спадар Екель тлумачыць гэта наступным:

(Екель: ) “Я думаю, вялікая бяда ў тым, што сярод галоўных рэдактараў вельмі шмат абсалютна непрафэсійных людзей. Хіба ж нармальна, калі ў калектыў адпаведныя чыны прыводзяць рэдактара, і першыя яго словы такія: “Я нічога ў вашай працы ня ведаю, не разумею, будзем вучыцца разам…” Хіба гэта нармальна? Але гэта стала амаль “нармальнай” зьявай… У нас лічаныя рэдактары здатныя напісаць хоць бы на адзін парадак вышэй за сярэдняга супрацоўніка”.

У ідэалягічнай сфэры беларускае кіраўніцтва арыентуецца на досьвед савецкае эпохі. Але пры КПСС-КПБ практычна не было выпадкаў, каб рэдакцыі ачольвалі непрафэсіяналы. Цяпер жа самае галоўнае – абы прызначэнец быў “наш”... Вось як характарызуе сытуацыю з газэтай “Жодзінскія навіны” нядаўні кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Аляксей Лапіцкі:

(Лапіцкі: ) “Галоўны рэдактар Людміла Курбанава. Раней яна была кіраўніком ідэалягічнага аддзелу выканкаму, і сёньня ёсьць як бы інфармацыйным падразьдзяленьнем гэтага аддзелу і правай рукой мэра гораду. Гэтае выданьне дае інфармацыю ўжо апрацаваную ў ідэалягічным пляне. Ніколі няма пра альтэрнатыўных асобаў”.

Хоць у Жодзіне 60 тысяч жыхароў, толькі кожны дзесяты выпісвае мясцовую газэту. У прыватнасьці, таму, што людзі бачаць яе непрыхаваную ангажаванасьць. Побач з традыцыйным ухваленьнем “адзіна правільнага курсу” рэдакцыя бязьлітасна “распраўляецца” зь яго “крытыкамі”. Як кажа спадар Лапіцкі, тут сапраўдная “алергія на дэмакратаў”...

(Лапіцкі: ) “Судзіцца з гэтай газэтай няма сэнсу. Я неяк падаваў ім заявы. Калі захочуць, яны заяваў не рэгіструюць у адпаведным рэжыме. І ўсе альтэрнатыўныя матэрыялы – артыкулы, заўвагі, звароты – як ад прыватных асобаў, так і ад арганізацыяў, проста не праходзяць...”

Суседнія выданьні мала чым розьняцца. Бо гаспадары тыя самыя. У выніку мясцовы друк – ці не на адно аблічча...

(Екель: ) “Як толькі загаворым усе ў адзін голас, ды яшчэ й аднолькавымі словамі – усё! Якая тады свабода слова? Калі сумленны журналіст вымушаны гаварыць ня тое, што думае, ня тое, што ёсьць – гэта вельмі небясьпечна. Гэта ніколі ня можа аздаравіць грамадзкае жыцьцё – ніколі…”

Але пры гэтым спадар Екель ізноў настойліва падкрэсьлівае: нельга агулам вінаваціць раёньнікаў у адсутнасьці грамадзянскіх пачуцьцяў, павагі да сваёй працы.

(Екель: ) “Разглядаць толькі як беспасярэдніх служкаў, у якіх няма ўласных меркаваньняў, абы толькі выжыць – гэта няправільна, памылкова… Але яны ўвесь час паміж молатам і кавадлам. Увесь час! Яго вызвалі раз – адчысьцілі. Другая такая ж сустрэча, трэцяя – зь ім могуць разьвітацца. Але менавіта тут важнае – не зламацца! Зламаўся тут – і далей пойдзеш!”

Дарэчы, у свой час я працаваў у “раёнцы”, і з тае пары маю шмат добрых знаёмых па ўсёй краіне. Калі рыхтаваў гэтую перадачу, сяму-таму патэлефанаваў. Думаў, што пасьля выбараў, рэфэрэндуму ціск на іх паменеў, людзі разгаворацца. Аднак памыліўся – ледзь ня ўсе прасілі зьвязацца пазьней: “Разумееш, ідуць разборкі, падатковая трасе, адміністрацыя коса глядзіць...”

Дык што, улада закручвае “гайкі” намёртва? Прасторы для манэўру зусім не застаецца? Зьвязваюся з рэдактарам традыцыйна моцнай маладэчанскай газэты Аляксандрам Хазяніным – чалавекам, які й пры саветах меў мужнасьць адстойваць уласную пазыцыю.

(Хазянін: ) “Мы робім 12-, 16-палосныя суботнія газэты…”

(Карэспандэнт: ) “Вы лічыцеся адным з пасьпяховых дзяржаўных рэгіянальных выданьняў…”

(Хазянін: ) “Пасьпяховым, але… Я кажу, што кожны радок пішацца крывёю сэрца і сокам нэрваў, так яно й ёсьць: цягну, цягну й цягну…”

(Карэспандэнт: ) “А што перашкаджае іншым? Адны і тыя самыя адгаворкі: улада цісьне, няма паразуменьня з вэртыкальлю: рот раскрыеш – хуценька закрыюць… Таму й газэта не такая, і няма таго гарэньня, пра якое ты кажаш”.

(Хазянін: ) “Рэч у тым, што сам рэдактар павінен быць ня толькі мудры, але й мужны. Часам браць адказнасьць, удар на сябе. Цяперака іншае пакаленьне. Вось прыяжджала да мяне падвучыцца маладая рэдактарка з Салігорску – але не, гэта ня тое…”

Дарэчы, улады бачаць, што імідж дзяржаўных СМІ падае. Каб неяк паправіць становішча, робяць захады, якія збоку падаюцца даволі эфэктыўнымі, але не кранаюць асновы асноў – безумоўнага падпарадкаваньня ўладам. Напрыклад, рэдакцыі спрэс відочна амалоджваюцца. А малады – гэта, паводле лёгікі, сьмелы, бесстаронны, бескампрамісны, таленавіты... Аднак ці так гэта? Адказвае наваполацкая журналістка Любоў Трапезьнікава:

(Трапезьнікава: ) “Яны толькі пачынаюць свой шлях у журналістыцы, але лічаць, што ўсё ведаюць, што яны “асы” гэтай справы. Гэткі юнацкі максымалізм. Але ён з часам пройдзе, а што застанецца? Добра, калі юнак зразумее, што яму трэба вучыцца, у тым ліку і ў старэйшых калегаў. Пакуль жа ў прэсе шмат матэрыялу, непрафэсійна падрыхтаванага, нават чытаць ня хочацца”.

Сталыя журналісты заўважаюць, што з маўклівае згоды маладых журналістаў дзяржаўныя СМІ фактычна адмовіліся ад роднага слова. Вось і раённая газэта “Полацкі весьнік”, якая ад 1926 году выдавалася па-беларуску, сёньня амаль цалкам перайшла на мову расейскую. І гэта – заўважым – у такім адметным сваёй беларускасьцю рэгіёне! Нядаўна тамтэйшы публіцыст Алесь Аркуш прааналізаваў мясцовую прэсу:

(Аркуш: ) “Дзяржаўныя газэты знаходзяцца сёньня ў своеасаблівай інфармацыйнай рэзэрвацыі. Аб палітыцы пісаць нельга, бо афіцыйны палітык у нас толькі адзін, а ўсе апазыцыянэры – “нячэсныя” альбо “адмарозкі”. Аб карупцыі пісаць нельга, бо афіцыйна лічыцца, што ў нас самая нізкая карупцыя сярод постсавецкіх краінаў. Да таго ж можна выпадкова закрануць інтарэсы нейкіх таемных бізнэс-структураў, якія кантралююцца альбо адміністрацыяй прэзыдэнта, альбо спэцслужбамі. Аб нацыянальнай культуры пісаць непажадана, бо яе разьвіцьцё не заахвочваецца ўладай. І гэтак далей. А ці можа быць цікавай газэта, калі ў ёй пад забаронай столькі тэмаў? Таму й выходзяць яны бяззубыя, шэрыя, малацікавыя”.

Мясцовыя “вэртыкальныя” газэты, паводле сьведчаньня полацкага публіцыста, папросту дэградуюць, іх ужо не ўратуе ні праграма тэлеперадач, ні фінская папера, ні каляровы друк, ні іншыя вонкавыя аздобы, бо галоўнае – зьмест – не задавальняе самага непераборлівага чытача. Вось што кажуць, напрыклад, жыхары Клецку пра сваю “раёнку”:

(Алена: ) “У нас “Чырвоная зорка”. Але я яе не выпісваю. Бо там няма чаго чытаць. Пішуць, колькі там убралі хлеба”.

(Натальля: ) “А мне раёнка падабаецца. У нас там ёсьць такія пісьменьнікі. Цудоўна пішуць пра жыцьцё. Чытаеш, і яшчэ хочацца”.

(Алег: ) “Як вы вычытаеце праўду ў раённай прэсе, калі яна падкантрольная райвыканкаму?”

Рэдагуе клецкую “Чырвоную зорку” Віктар Сабалеўскі. Якім тэмам ён аддае перавагу? І чым матывуе свой выбар?

(Сабалеўскі: ) “Найбольш пашыраная краязнаўчая, літаратурная і культурная спадчына. Безумоўна, паколькі раён сельскагаспадарчы, то значная частка ўвагі ўдзяляецца сельгасработам, вяскоўцам, пажылым. Ну і акрамя таго, як і ўсе газэты, падаём афіцыйныя зьвесткі, урадавыя паведамленьні”.

Набор “немудрагелісты” – такі, па словах спадара рэдактара, “як ува ўсіх”... Таму тут, як і ў “іншых” раёнках, практычна зьніклі, напрыклад, матэрыялы пра недагледжаныя вуліцы ды неадрамантаваныя будынкі, завышаныя камунальныя выплаты – гэта кідае цень на “вэртыкаль”. Хоць менавіта такая “дробязь жыцьця” й цікавіць найперш чытачоў... Слова Леаніду Екелю:

(Екель: ) “Рэакцыя адназначная: ага, калі ты нешта выглядзеў ня тое (з гледзішча галавы адміністрацыі раёну ці яго намесьнікаў), нешта адмоўнае ў жыцьці раёну паказаў, значыць, ты “ня наш”. “Ня наш”! Так і адбываецца амярцьвеньне… Інакш кажучы, рэзка пахіснулася самае галоўнае: сумленнасьць журналіста. “Прайшло, праскочыла” – “схАвают”, кажучы па-расейску… Гідкі дзеяслоў…”

Вось і атрымліваецца: улада зацуглівае рэдактара “партыйнай”, так бы мовіць, дысцыплінай, той патрабуе палітычнай самацэнзуры ад журналістаў, і над усім – пагроза пазбаўленьня калектыву дзярждатацыяў, калі газэта паспрабуе стаць “нянашай”… Аднак выданьне, якое ўсё робіць з аглядкаю на начальства і ня мае самастойнага погляду на жыцьцё, ня можа разьлічваць на чытацкую падтрымку…

І гэта сталася сапраўднай драмай для тых журналістаў зь дзяржаўных СМІ, якія ўсё ж імкнуцца захаваць вернасьць прафэсіі. Размаўляем з Аляксандрам Хазяніным:

(Хазянін: ) “Часам ідзеш па лязе – і не парэзацца трэба. Ідзеш над абрывам – і трэба не сарвацца…Прадбачыць і быць абачлівым!”

(Карэспандэнт: ) “Ці не падаецца табе, што калі параўнаць Беларусь і Расею, дык там трохі лепшая сытуацыя, бо прэса больш разьдзяржаўленая? Не кажу ўжо пра Літву, Польшчу, Украіну… Дык калі глянуць на пэрспэктыву?”

(Хазянін: ) “Калі прэса больш свабодная, то гэта лепш…”
XS
SM
MD
LG