Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрства адукацыі й Беларуская праваслаўная царква выступаюць супраць Гэлоўіну “адзіным фронтам”


Ігар Карней, Менск Раз на год, у апошні дзень кастрычніка, увесь сьвет зьдзекуецца ды забаўляецца з замагільных сілаў, пераапранаючыся ў касьцюмы чарцей, ведзьмакоў і мерцьвякоў. У Беларусі Гэлоўін таксама набывае немалую папулярнасьць, аднак і супраціў аматарам “экстрыму” робіцца таксама ўсё больш адчувальны. Летась міністэрства адукацыі выказалася наконт заганнай сутнасьці паганскага сьвята; сёлета да дзяржаўнага ведамства далучылася Беларуская праваслаўная царква, якая папярэдзіла, што гэта першы крок да сатанінскай сэкты. Ці не перабольшаная небясьпека Гэлоўіна?

Напярэдадні Гэлоўіну міністэрства адукацыі фактычна прадублявала сваё мінулагодняе папярэджаньне. Маўляў, ведамства не рэкамэндуе праводзіць Гэлоўін у навучальных установах, прыклаўшы пералік “дазволенага”: падчас канікулаў адзначыць Дзень памяці продкаў, павіншаваць вэтэранаў з Днём кастрычніцкай рэвалюцыі, займацца фізкультурай і спортам.

Перашкодай да стоадсоткавага выкананьня падобных інструкцыяў ёсьць хіба тое, што апошнім часам Гэлоўін перастае быць выключна дзіцячай забавай, і 31 кастрычніка менавіта дарослыя палохаюць замагільных пэрсанажаў “да сьмерці”.

У гэтыя выходныя амаль усе начныя клюбы ладзяць пад Гэлоўін “тэматычныя” праграмы. У сталічным клюбе “Алькатрас” на маючы адбыцца Гэлоўін ускладаюць вялізныя спадзяваньні і ставяцца да яго з максымальнай адказнасьцю: імпрэза пачнецца роўна апоўначы, уваход – толькі ў “замагільнай” экіпіроўцы. Тлумачэньне простае:

(Супрацоўнік клюбу: ) “Ну, вы ж зразумейце: атмасфэра сьвята павінная быць адпаведнай. У нас гэта абавязкова будзе. Усё павінна быць вельмі цікава. Дарэчы, першыя дваццаць чалавек, якія прыйдуць у касьцюмах, мы запусьцім бясплатна. Астатнія будуць весяліцца за грошы. Мы ўжо запрасілі нашых артыстаў і артыстаў з Масквы”.

Падобныя “сьвяткаваньні” рэзка крытыкуе Беларуская праваслаўная царква. Вось што распавёў прэсавы сакратар Беларускага Экзархату Андрэй Петрашкевіч:

(Петрашкевіч: ) “Звычайны эфэкт маскультуры. Сьвята чыста амэрыканскае і распаўсюджваецца разам з амэрыканскім ладам жыцьця і іхнай сыстэмай каштоўнасьцяў. Яно гэтак жа неадназначна ўспрымаецца і ў іншых краінах, дзе людзі разумеюць, што Гэлоўін – “хараство” ўсіх пякельных сілаў у іх прыдуркавата-дзіцячым выглядзе. Я толькі што зь Нямеччыны, і там у кожнай вітрыне выстаўленыя “тавары да Гэлоўіну”. Не было раней у Нямеччыне такога. Гэта бізнэс. А самыя вялікія грошы робяцца на чалавечай дурноце. Але ніякіх каранёў у гэтага сьвята ні ў Эўропе, ні тым больш у Беларусі няма. Таму было б дзіўна яго трываць ці, тым больш, прапагандаваць”.

Сапраўды, шмат хто схільны вінаваціць у культывацыі Гэлоўіну менавіта Амэрыку. Аднак адмыслоўцы кажуць, што карані паганскага сьвята паходзяць зусім зь іншага месца – з краіны кельтаў, Ірляндыі. І ў Новы сьвет Гэлоўін прывезьлі якраз ірляндцы. На амэрыканскім кантынэнце працэдура запужваньня замагільных сілаў была пераўтвораная ў карнавал, а галоўным сымбалем сьвята стаўся вялізны жоўты гарбуз. Таму можна казаць, што зараз гэта ўжо не рэлігійнае сьвята, а проста падстава пацешыцца над забабонамі. Якраз такой пазыцыі трымаюцца арганізатары забаўляльных шоў у “пякельную ноч”. Праўда, царква такой пазыцыі зноў жа рашуча не падзяляе:

(Петрашкевіч: ) “Гэтая падзея заснаваная на спэкуляцыях на сымболіцы і сілах д’ябальскіх, таму ўсё кажа само за сябе. А там, дзе ўсялякая нечысьць, нежыць, прывіды, чарадзейства і магія, то гэта ня мае ніякіх адносінаў да таго, што складае сутнасьць прадмету, клопату і зьместу царквы. Гэта тое ж самае, як людзі выбіраюць паміж здаровым ладам жыцьця і наркотыкамі. Натуральна, што царква супраць усялякіх праяваў пекла ў такім яго выглядзе. А пекла любіць прыймаць маскі, каб быць прывабным і для дзяцей, і для дарослых”.

Пакуль дзяржаўныя ведамствы ды царква крытыкуюць беларускую моладзь за захапленьне маскультурай, менскі ўнівэрсам “Цэнтральны” запрашае далучыцца да Гэлоўіну й набыць на сьвята вялізны жоўты гарбуз.
XS
SM
MD
LG