Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чарговы наступ уладаў на недзяржаўныя выданьні закрануў беларускамоўны часопіс “Arche”


Падрыхтаваў Міхал Стэльмак Агляд незалежнага друку

“Народная воля” пачынае друкаваць успаміны вядомага беларускага вучонага, грамадзкага дзеяча і палітыка Станіслава Шушкевіча пад назовам “Мой лёс”. Дарэчы, газэта паведамляе, што значная частка артыкулаў, якія знойдуць месца на яе старонках, ужо была агучаная ў эфіры Радыё “Свабода”. У сёньняшнім нумары, у прыватнасьці, увазе чытачоў гэтага выданьня прапануецца расповед Станіслава Шушкевіча пра дзіцячыя гады.

Сёньня ж “Народная воля” інфармуе сваіх чытачоў пра чарговы наступ уладаў на беларускія недзяржаўныя выданьні. Гэты наступ, як вынікае з публікацыі, закрануў беларускамоўны часопіс “Arche”, ад продажу якога адмаўляюцца цэнтральныя менскія кнігарні аб’яднаньня “Белкніга”. Згаданыя рэпрэсіі супраць “Arche” пачаліся пасьля таго, як часопіс надрукаваў матэрыялы, прысьвечаныя 10-годзьдзю кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі. “Народная воля” нагадвае, што летась гэтае выданьне пацярпела ад “Акадэмкнігі”, якая адмовілася яго прадаваць з той прычыны, што “Arche” нібыта ня купляюць. Між тым, як вынікае з публікацыі, гэты часопіс мае ў Беларусі сваю аўдыторыю – чытачоў узросту 25-40 гадоў, якіх прынята называць інтэлектуальнай элітай.

А вось у Бабруйску праблемы маюць самі ўлады. Як паведамляе “Вячэрні Бабруйск”, бюджэт гэтага гораду напрыканцы кастрычніка адчуў востры фінансавы крызыс. Да рэфэрэндуму й выбараў гэтага крызысу не адчувалася з той прычыны, што гарадзкую скарбонку выручалі банкаўскія крэдыты. Аднак зараз надышоў час вяртаць доўг. Больш таго, з надыходам халадоў горад адчуў дэфіцыт фінансавых сродкаў і на набыцьцё энэргарэсурсаў. На ацяпленьне Бабруйску, паводле выданьня, патрэбна ўжо зараз больш як мільярд рублёў. Але дзе іх узяць, бабруйскія чыноўнікі ня ведаюць.

“Рэгіянальная газэта”, якая выдаецца ў Маладэчне, паведамляе пра краязнаўчыя падзеі Вілейскага раёну. Тут апошнім часам ня стала трох помнікаў. У прыватнасьці, Вілейшчына зьбяднела на каменны могільнік, што месьціўся каля вёскі Ільля. А яшчэ тут з будынку анкалягічнага дыспансэра зьнікла мэмарыяльная дошка, якая паведамляла пра тысячы загіблых. У будынку дыспансэра была турма. У ёй, як сьведчыў надпіс на мэмарыяльнай дошцы, было закатавана 7 тысяч чалавек. У іхным ліку, як лічаць мясцовыя краязнаўцы, былі й ахвяры бальшавіцкага тэрору. Чаму зьнялі дошку? “Каб не наносіць маральнай траўмы анкалягічным хворым”, патлумачыла ў інтэрвію “Рэгіянальнай газэце” навуковы супрацоўнік Вілейскага гісторыка-краязнаўчага музэя Марына Барташэвіч.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG