Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Баршчэўскі: “Чыноўнікі езьдзілі ў Ірак не гарбату піць. Я думаю, што дыму без агню не бывае”


Алесь Дашчынскі, Менск Афіцыйныя СМІ замоўчваюць справаздачу Долфэра пра спрычыненасьць афіцыйных асобаў Беларусі да незаконнага гандлю зброяй з Іракам – тым ня менш, схаваць інфармацыю ня так проста. Што думае беларуская інтэлігенцыя адносна інфармацыі, пададзенай у справаздачы?

Мастак Аляксей Марачкін цьвердзіць, што цягам найбліжэйшых двух гадоў, перад новымі выбарамі, прэзыдэнту Лукашэнку патрэбныя вялікія грошы для таго, каб, вобразна кажучы, пусьціць пыл у вочы. Паводле спадара Марачкіна, часта гавораць, што ў часе рэфэрэндума грамадзяне быццам бы прагалсавалі за гэты закрыты бюджэт.

(Марачкін: ) “А раз гэта закрыты бюджэт, то я думаю, што ён папаўняецца ў тым ліку і продажам зброі, і, магчыма, усім тым, што народ не кантралюе. А калі народ не кантралюе, то там, канешне, крымінальныя грошы. Тут жа справа ў тым, што прэзыдэнт сам сябе абмежаваў кантактамі толькі з гэтымі краінамі, каторыя блізкія да тэрарыстаў. Як у Эвангельлі сказана: нічога ня можа быць тайнае, каб не было яўным”.

Вядомы кінадакумэнталіст Юры Хашчавацкі ня лічыць для сябе нечаканымі факты, пададзеныя ў справаздачы Долфэра. Паводле спадара Хашчавацкага, усім вядома, якімі бурнымі былі кантакты афіцыйнага Менску з рэжымам Садама Хусэйна. Але справаздача канкрэтызавала тое, што ведае любы грамадзянін Беларусі.

(Хашчавацкі: ) “Гэтая інфармацыя, канешне ж, заслугоўвае поўнага даверу, а іначай адкуль бы ўзяліся грошы, напрыклад, на “Мэрсэдэсы”, якія былі падораныя вэртыкальшчыкам за “элегантную перамогу” 2001 года? Цяпер мы ведаем гэтыя лічбы”.

Кіраўнік беларускага Пэн-цэнтра Лявон Баршчэўскі пажартаваў, што Пэн-цэнтар гэта не спэцслужбы, таму ня можа пацьвердзіць фактуру, агучаную ЦРУ.

(Баршчэўскі: ) “Але тое, што цёплыя адносіны існавалі і чыноўнікі езьдзілі ў Ірак – гэта відавочна; і езьдзілі, напэўна, не гарбату туды піць. Далейшыя факты, я думаю – яны высьветляцца. Я думаю, што дыму без агню не бывае. Усё гэта рабілася з санкцыі Расеі, і Расея ў гэтым пляне будзе падтрымліваць Беларусь і не даваць магчымасьці нейкіх блякадаў і гэтак далей. Я падазраю, што рукамі беларускіх чыноўнікаў рабілася расейская гульня”.

Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Радзім Гарэцкі не выключае, што беларускія ўлады сапраўды прадавалі зброю для Ірака, і гэта зьяўляецца парушэньнем міжнародных нормаў.

(Гарэцкі: ) “Канешне, у мяне стаўленьне адмоўнае да ўсяго гэтага, і я думаю, што гэта незаконна і нельга так рабіць – ну але ж дыктатура ёсьць дыктатура, што захоча галоўны, тое і робіць, нас жа ніхто не слухае”.

Якім жа можа быць міжнароднае рэагаваньне? Радзім Гарэцкі выказвае засьцярогу: калі ўлады Беларусі й надалей будуць сябе так весьці, то можна дачакацца вялікіх непрыемнасьцяў.

(Гарэцкі: ) “Ня дай Бог, калі ў нас пачнецца нешта падобнае да таго ж Ірака, ці Югаславіі. На жаль, у такіх штуках перш-наперш невінаватыя людзі робяцца ахвярамі, гэта самае страшнае. Таму я й выступаю супраць такіх дыктатараў, таму што дыктатура прыводзіць народ да многіх бед, у тым ліку да тых, якія ўжо адбываліся. На жаль, часта дыктатары прыводзяць ці да вайны, ці да канфрантацыі, і перш-наперш, канешне, у ахвяру ідуць простыя людзі – вось гэта самае небясьпечнае, самае страшнае”.
XS
SM
MD
LG