Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Які вынік прэзыдэнцкіх выбараў ва Ўкраіне больш спрыяльны для Беларусі?


Уладзімер Глод, Менск У нядзелю 31 кастрычніка ва Ўкраіне пройдуць прэзыдэнцкія выбары. Паводле агульных прагнозаў, барацьбу за пасаду кіраўніка краіны павядуць дзейны прэм’ер Віктар Януковіч і прадстаўнік апазыцыі Віктар Юшчанка. Да маючых адбыцца выбараў існуе вялікая цікавасьць у шэрагу краінаў. А як ставяцца да ўкраінскіх выбараў у Беларусі?

Цікава, што ні ў афіцыйнага Менску, ні ў беларускай палітычнай апазыцыі няма адзінага погляду на тое, за каго перажываць. Мабыць таму і ўлады, і апазыцыя вытрымліваюць пэўны такт, адзначаючы, што абраньне прэзыдэнта – гэта ўнутраная справа грамадзянаў Украіны.

Напрыклад, прэзыдэнт Беларусі называе і Януковіча, і Юшчанку “вельмі моцнымі людзьмі”. Між тым, палітолягі адзначаюць, што, з аднаго боку, Аляксандру Лукашэнку ёсьць сэнс падтрымліваць Віктара Януковіча. Маўляў, адна ўлада заўжды бліжэй да другой, чым да апазыцыі, да таго ж, дзед Януковіча паходзіць зь Віцебску. Але, з другога боку, існуе думка, што для кіраўніка Беларусі больш выгодная перамога Віктара Юшчанкі: у апошнім выпадку Крэмль будзе вымушаны шмат займацца ўкраінскімі справамі, а гэта азначае, што ў Лукашэнкі будуць разьвязаныя рукі, каб раз за разам праводзіць прэзыдэнцкія выбары з заплянаванай “элегантнай” перамогай.

Пазыцыя афіцыйнага Менску – зразумелая. Але чаму раптам падзялілася апазыцыя? Здаецца, ёй ёсьць сэнс падтрымліваць выключна спадара Юшчанку, погляды якога значна больш пасуюць ёй, чым праграма спадара Януковіча?

Частка апазыцыі менавіта так і ставіцца да гэтай праблемы: маўляў, з абраньнем Юшчанкі Ўкраіна пойдзе шляхам новых дэмакратычных пераўтварэньняў, пашырэньня рынкавых адносінаў. З цягам часу людзі тут пачнуць жыць больш заможна, і гэта стане яскравым прыкладам для Беларусі.

А вось тая частка апазыцыі, якая больш спадзяецца на дапамогу Беларусі з боку Масквы, даказвае, што лепш было б, каб перамог Януковіч. Маўляў, тады Крэмль будзе спакойны за Ўкраіну й зможа заняцца зьменай улады ў Беларусі. Учора я размаўляў на гэтую тэму зь першым намесьнікам старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) Уладзімерам Нісьцюком, і вось што ён сказаў:

(Нісьцюк: ) “Я стаўлюся з большай цікавасьцю да другога варыянту. Калі прыйдзе Януковіч – чалавек прарасейскі, які прадэманстраваў разам з Кучмам сваю здольнасьць супрацоўнічаць з Пуціным, то Расея і Ўкраіна будуць пашыраць эканамічнае супрацоўніцтва. Мы ведаем, што ўжо зараз падпісаныя адпаведныя газавыя дакумэнты, Расея будзе прапускаць максымум транзыту газу праз Украіну. Таму Беларусь у тым сэнсе, у якім яна цяпер патрэбная й неабходная Расеі, ужо ня будзе патрэбнай Маскве. Цяпер да ўсіх беларускіх праблемаў Пуцін і ягоная каманда будуць ставіцца больш спакойна. І ёсьць шанец, што яны будуць даваць больш аб’ектыўную й рэальную ацэнку таму, што ў нас адбываецца. І спрабаваць уплываць на яе”.

А як паўплываюць вынікі прэзыдэнцкіх выбараў ва Ўкраіне на адносіны зь Беларусьсю? Днямі я размаўляў на гэтую тэму з былым першым намесьнікам міністра замежных справаў Украіны, цяпер кіраўніком назіральнай рады Міжнароднага цэнтру палітычных дасьледваньняў Аляксандрам Чалым, які працаваў і зь Віктарам Юшчанкам, і зь Віктарам Януковічам у той час, калі яны ўзначальвалі ўрад краіны. Спадар Чалы гаворыць пра тое, што яны абодва цудоўна разумеюць важнасьць адносінаў з суседняй Беларусьсю. Таму, на думку спадара Чалага, незалежна ад таго, хто стане новым прэзыдэнтам Украіны, гэты чалавек будзе шанаваць добрыя сувязі з Беларусьсю.

(Чалы: ) “Нашая стратэгічная пазыцыя (кожнага ўкраінскага лідэра) – не паставіць Беларусь у поўную ізаляцыю. Мы вельмі чуйныя да гэтага, паколькі Беларусь ёсьць нашым стратэгічным суседам. І мы выразна адрозьніваем беларускі народ ад тых пытаньняў, якія зьвязаныя з кіраўніцтвам краіны. Таму, на мой погляд, беларуска-украінскім адносінам прэзыдэнцкія выбары не пагражаюць. Яны захаваюцца ў тым стане, які існуе сёньня”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG