Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Афіцыйны Менск незадаволены тым, што прадстаўнікам беларускай амбасады не далі паназіраць за выбарамі ў ЗША


Юры Дракахруст, Прага Беларускае Міністэрства замежных справаў выказвае занепакоенасьць фактамі адмовы ўладамі некаторых штатаў ЗША супрацоўнікам амбасады Беларусі ў магчымасьці назіраць за прэзыдэнцкімі выбарамі.

Гэта сталася тэмай сёньняшняй сустрэчы намесьніка міністра замежных справаў Беларусі Аляксандра Сычова з амбасадарам ЗША ў Беларусі Джорджам Кролам.

Беларускае МЗС лічыць, што гэткае рашэньне ЗША несумяшчальнае зь іх абавязкамі ў межах АБСЭ, а штучныя перашкоды міжнароднаму назіраньню за выбарамі выклікаюць сумневы ў празрыстасьці выбарчага працэсу ў ЗША – адзначаецца ў заяве прэсавай службы МЗС Беларусі.

Сёньня ж сталы прадстаўнік Беларусі ў АБСЭ Віктар Гайсёнак выступіў на пасяджэньні сталай рады гэтай арганізацыі, дзе заявіў, што ўлады некаторых штатаў ЗША, адмовіўшы незалежным беларускім назіральнікам, паведамілі, што міжнароднае назіраньне ў шэрагу штатаў забароненае на заканадаўчым ўзроўні.

Спадар Гайсёнак заклікаў бюро дэмакратычных інстытутаў АБСЭ паінфармаваць краіны-сябры, у якіх амэрыканскіх штатах заканадаўства забараняе міжнароднае назіраньне.
XS
SM
MD
LG