Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёлета на Берасьцейшчыне ужо 10 тысячаў здарэньняў з удзелам п’яных кіроўцаў


Алег Супрунюк, Берасьце На Берасьцейшчыне сёлета зарэгістравана ўжо амаль 10 тысячаў здарэньняў, калі за рулём аўтамабіля знаходзіліся нецьвярозыя кіроўцы. Чакаецца, што паводле вынікаў году у вобласьці можа быць усталяваны своеасаблівы рэкорд падобных здарэньняў.

Нават лічба ў 10 тысячаў выпадкаў, калі за рулём знаходзіліся кіроўцы ў нецьвярозым стане, не адлюстроўвае ўсёй сутнасьці праблемы. Самі супрацоўнікі дзяржаўтаінспэкцыі згодныя з тым, што далёка ня ўсе выпадкі яны фіксуюць, асабліва ў сельскай мясцовасьці.

Цягам гэтага году адбылося ўжо шэсьць адмысловых прафіляктычных апэрацыяў, што мелі назву “Алькаголь”. Міліцыянты мяркуюць, што ўсе апэрацыі далі плён і прымусілі многіх кіроўцаў, хаця б часова, адмовіцца ад звычкі сядаць за руль п’янымі. Што тычыцца тых, каго ўсё ж затрымлівалі ў часе кіраваньня транспартным сродкам у нецьвярозым стане, дык іх пачалі караць не штрафам, як гэта часта было раней, а пазбаўленьнем правоў кіроўцы. Гэта пацьвердзіў супрацоўнік аддзелу прапаганды абласной дзяржаўтаінспэкцыі Аляксандар Мартынюк.

(Мартынюк: ) “Адназначна цяпер такая практыка – пазбаўляюцца на даволі доўгі тэрмін. На тры гады адразу і ўсё”.

У Берасьцейскай службе ДАІ таксама паведамілі, што яны прапануюць узмацніць пакараньне за кіраваньне транспартам у нецьвярозым стане. У прыватнасьці, у тых, хто будзе затрыманы ў другі-трэці раз, зьбіраюцца канфіскоўваць транспартны сродак. Але пакуль гэта толькі прапанова.

Наколькі можна меркаваць па публікацыях у мясцовых сродках масавай інфармацыі на гэты конт, ня ўсе падтрымліваюць захады міліцыянтаў. Тут варта зьвярнуць увагу на тое, што Берасьцейшчына – вельмі багатая на аўтамабілі і матацыклы. Агулам у вобласьці, дзе жыве паўтара мільёна чалавек, зарэгістравана больш за паўмільёна транспартных сродкаў. І ня ўсе людзі гатовыя пакуль успрымаць прапанову, паводле якой яны могуць пазбавіцца сваёй машыны за знаходжаньне за рулём у нецьвярозым стане.

Некаторыя кіроўцы таксама лічаць, што супрацоўнікі ДАІ змагаюцца з п’янствам выбарачна і амаль не караюць уплывовых чыноўнікаў. Дагэтуль на Берасьцейшчыне ўзгадваюць гісторыю, як пад коламі машыны былога старшыні аблвыканкаму Васіля Даўгалёва загінуў чалавек.

Паводле неафіцыйных зьвестак, кіроўца машыны перавысіў хуткасьць і ў той час быў п’яны. Але вінаватага ў гэтым здарэньні пазьней прызналі памерлага пешахода, які, быццам бы, пераходзіў дарогу ў нявызначаным месцы.

Дарэчы, афіцыйная статыстыка на Берасьцейшчыне фіксуе таксама павялічэньне колькасьці здарэньняў з удзелам п’яных пешаходаў.
XS
SM
MD
LG