Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапарлямэнт прызнаў беларускі рэфэрэндум і выбары нелегітымнымі


Юры Дракахруст, Менск Абмеркаваньне беларускай сытуацыі, якое адбылося ўчора ў Эўрапарлямэнце, прадэманстравала пэўную разгубленасьць эўрапейскіх палітыкаў у пытаньні палітыкі адносна Беларусі. Візавыя санкцыі не даюць плёну, магчымыя эканамічныя санкцыі некаторыя лічаць “двухбаковавострым мячом”, дапамога грамадзянскай супольнасьці ўскладнена. Якія вынікі дыскусіі ў Эўрапарлямэнце?

Выступаючы перад эўрадэпутатамі, міністар эўрапейскіх справаў Галяндыі Атса Нікалаі і ўпаўнаважаны Эўразьвязу ў адносінах з новымі суседзямі Гюнтэр Фэргойгэн рэзка асудзілі парадак правядзеньня рэфэрэндуму і парлямэнцкіх выбараў у Беларусі.

Яны таксама скрытыкавалі жорсткае падаўленьне апазіцыі, якое адбылося ў Менску пасьля галасаваньня.

Аднак у пытаньні, якую палітыку пераводзіць адносна Беларусі, Нікалаі і Фэргойгэн не былі нагэтулькі катэгарычнымі. Галяндзкі міністар адзначыў, што ранейшыя візавыя забароны для высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў не далі плёну і дадаў:

(Фэргойгэн: ) “Адзіная зона ўзьдзеяньня, якая засталася – гэта эканоміка і гандаль. Але палітыка санкцыяў відавочна адбілася б на насельніцтва і далей ізалявала б Беларусь. Лукашэнка заяўляў бы, што насельніцтву стала горш з прычыны крокаў Эўразьвязу, а не ягонай уласнай палітыкі. І простаму чалавеку сапраўды стала б горш. Я баюся, што гэта – двухбаковавостры меч. Мы павінны быць надзвычай асьцярожнымі, разглядаючы такія крокі”.

Гюнтэр Фэргойгэн адзначыў, што галоўныя накірункі ўплыву Эўразьвязу на беларускую сытуацыю – дапамога і пашырэньне кантактаў з грамадзянскай супольнасьцю – сутыкаюцца зь вялікімі цяжкасьцямі. Беларуская дзяржава праз падатковую сыстэму, а тое і непасрэдна ўжываючы сілу, кантралюе патокі дапамогі.

Упаўнаважаны Эўразьвязу падкрэсьліў, што кантакты Эўразьвязу з грамадзянскай супольнасьцю Беларусі зараз павінны адбывацца ў большай ступені за межамі краіны. Гюнтэр Фэргойгэн папярэдзіў, што Эўразьвяз можа скасаваць для Беларусі існую сістэму гандлёвых прэфэрэнцыяў, калі беларускія ўлады будуць працягваць ціснуць на незалежныя прафсаюзы.

Падчас дэбатаў у Эўрапарлямэнце шэраг дэпутатаў – пераважна ад Польшчы і Літвы крытыкавалі пазіцыю Расеі адносна беларускай улады. Галяндзкі міністар Нікалаі пагадзіўся, што Масква магла б рабіць значна больш.

(Нікалаі: ) “Мы павінны супрацоўнічаць з Расеяй, якая здаецца, ёсьць адзінай краінай, якая мае нейкі ўплыў на Беларусь. Мы абмяркоўвалі сытуацыю ў Беларусі падчас міністэрскай нарады ў Люксэмбургу на мінулым тыдні з расейскім міністрам замежных справаў Сяргеем Лаўровым. Пакуль расейскі ўрад падзяляе нашую занепакоенасьць сытуацыяй у Беларусі, але мы, на жаль, ня маем згоды наконт шляхоў яе вырашэньня. Расейцы ня хочуць падтрымліваць жорсткую палітыку, якую праводзіць Эўразьвяз. І гэта сапраўды выклікае шкадаваньне”.

На думку шмат каго з удзельнікаў дыскусіі найлепшым шляхам уплыву на Беларусь застаецца прапанова Менску ўзяць удзел у эўрапейскай палітыцы суседства.

У межах гэтай палітыцы ужо існуюць распрацаваныя пляны супрацоўніцтва з Украінай і Малдовай.

Фэргойгэн прапанаваў паўторна зьвярнуцца да беларускіх уладаў з тлумачэньнем, якія выгоды Беларусь магла б атрымаць ад супрацоўніцтва, аднак для гэтага Менск павінен пайсьці на дэмакратызацыю. Упаўнаважаны Зьвязу ў адносінах з суседзямі сказаў:

(Фэргойгэн: ) “Эўразьвяз гатовы выконваць свой доўгатэрміновы абавязак падтрымліваць дэмакратычныя працэсы ў Беларусі. Калі ў Беларусі адбудуцца фундамэнтальныя палітычныя й эканамічныя рэформы, гэта краіна можа быць цалкам далучаная да Эўрапейскай палітыкі суседства, з усімі перавагамі, якія гэтая палітыка ўтрымлівае. Але ў цяперашніх умовах ня можа быць аніякага пэўнага пляну дзеяньняў ў межах гэтай праграмы для Беларусі”.

Дэпутаты Эўрапарлямэнту прапанавалі, каб Эўразьвяз павялічыў фінансавую дапамогу няўрадавым арганізацыям Беларусі, зьмякчыў візавы рэжым, прафінансаваў стварэньне радыё і тэлестанцыяў, якія б вяшчалі на Беларусь.

***

Па выніках дыскусіі дэпутаты Эўрапарлямэнту прынялі рэзалюцыю, у якой рэфэрэндум, што адбыўся ў Беларусі, быў ахарактарызаваны, як нелегітымны. Паводле рэзалюцыі парлямэнт, абраны ў Беларусі 17 кастрычніка, не атрымаў дэмакратычнага мандату.

Паводле эўрадэпутатаў, абодва галасаваньня, што адбыліся ў Беларусі, не адпавядалі стандартам дэмакратычных выбараў, і таму ня могуць разглядацца як свабодныя і справядлівыя.

У рэзалюцыі адзначаецца, што абраны ў Беларусі парлямэнт не валодае дэмакратычным мандатам прадстаўляць народ Беларусі, а прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка ня мае канстытуцыйнага права ўдзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах 2006 году.

Дэпутаты Эўрапарлямэнту таксама асудзілі рэпрэсіі беларускіх уладаў супраць студэнтаў, апазыцыйных лідэраў і журналістаў падчас мірных палітычных дэманстрацыяў у Менску.
XS
SM
MD
LG