Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Незаўважнае нашэсьце робатаў – прагнозы фантастаў пачынаюць збывацца


Сьвятлана Курс, Прага Адной з праблемаў 21 стагодзьдзя пісьменьнікі-фантасты 20 ст. называлі "незаўважнае нашэсьце робатаў". Падобна, іхныя прагнозы пачынаюць спраўджвацца. Да Сусьветнага сымпозыюму робататэхнікі эканамічная Камісія ААН сумесна зь Міжнароднай фэдэрацыяй робататэхнікі падрыхтавала даклад, зь якога вынікае, што за бліжэйшыя гады колькасьць хатніх робатаў павялічыцца ў 7 разоў і сягне некалькіх мільёнаў. Яшчэ адзін кірунак разьвіцьця высокіх тэхналёгіяў – дом будучыні, які сам думае і абслугоўвае чалавека.

“Да 2007 году выкарыстаньне робатаў у манатонных працах – такіх, як прыборка дому і касьба траўнікаў – вырасьце ў 7 разоў”, – паведамляецца ў дакладзе эканамічнай Камісіі ААН па справах Эўропы (UNECE).

Інтэлігентныя робаты-пыласмокі або касцы апрацоўваюць паверхню, самастойна абмінаючы перашкоды. Напрыканцы 2003 году ў хатніх гаспадарках ужо працавала 607 тысяч мэханічных хатніх гаспадынь. З таго часу попыт на хатніх робатаў вырас у некалькі разоў. Да канца 2007 году ў сьвеце будзе працаваць больш за 4 мільёны хатніх робатаў.

Для сотняў тысяч людзей гэта азначае пазбаўленьне ад манатоніі хатняй працы або ад неабходнасьці наймаць жывых служак, якія маюць усе чалавечыя недахопы.

Сотні тысяч робатаў працуюць у прамысловасьці і нават у хірургіі ў якасьці памочнікаў хірурга. У дакладзе камісіі ААН сьцьвярджаецца, што да 2010 г. робаты будуць дапамагаць старым і няпоўнаспраўным людзям, кантраляваць газаправоды, рабіць хірургічныя апэрацыі, тушыць пажары і абяззбройваць выбуховыя прылады.

"Інфармацыйныя тэхналёгіі разьвіваюцца па шляху вызваленьня чалавека ад неабходнай, але рутыннай працы – для таго, каб ён мог заняцца самарэалізацыяй і творчасьцю, а таксама камунікаваньнем зь іншымі людзьмі" – пішацца ў прэс-рэлізе адной зь фірмаў-стваральніцаў электроннага дома.

Швэдзкія, амэрыканскія й японскія фірмы прадставілі дом будучыні, які сам думае і абслугоўвае чалавека. У Стакгольме ўжо ёсьць два такія дамы. Жывы дом сам рэгулюе асьвятленьне, кандыцыянаваньне, тэмпэратуру вады й паветра, па гусьце асобнага жыхара купляе прадукты і гатуе ежу, сам сябе ахоўвае. Дзьверы дома адкрываюцца толькі ягоным гаспадарам. Дом мерае ціск і тэмпэратуру цела жыхароў, ровень цукру ў крыві, спраўджвае стан сэрца і пры неабходнасьці выклікае доктара. Кватэра ў такім доме каштуе ад 249 да 400 тысяч даляраў.

Аднак у дамоў будучыні зьявіліся і праціўнікі. Яны сьцьвярджаюць, што цяпер чалавек зусім аблянуецца, расьпесьціцца і ня здолее супрацьстаяць зьнешнім пагрозам і выклікам.
XS
SM
MD
LG