Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік Праграмы разьвіцьця ААН патрабуе вызваліць Ільлю Мафтэра


Юры Сьвірко, Менск Кіраўнік Праграмы разьвіцьця ААН Марк Мэлак-Браўн запатрабаваў ад беларускіх уладаў вызваліць з-пад арышту грамадзяніна ЗША Ільлю Мафтэра, якога КГБ Беларусі абвінавачвае ў крымінальных махінацыях у галіне сувязі й нанясеньні стратаў больш як на 100 тысяч даляраў.

Як паведамілі зь Нью-Ёрку агенцтвы “Ройтар” і “Франс Прэс”, спадар Мэлак-Браўн накіраваў пратэст прадстаўніцтву Беларусі ў ААН, патрабуючы вызваліць Ільлю Мафтэра на падставе дыпляматычнага імунітэту, якім ён карыстаўся падчас працы на Праграму разьвіцьця ААН. “Паводле дыпляматычнага імунітэту й прывілеяў ПРААН, сорасаўскі экспэрт мусіць быць вызвалены”, — заявіў Марк Мэлак-Браўн.

Ён таксама сказаў на прэсавай канфэрэнцыі ў Нью-Ёрку: “Мы змагаемся ў Беларусі, каб скарыстаць усю даступную для нас прастору й дапамагчы грамадзкай супольнасьці знайсьці крыху больш кіслароду”.

Кіраўнік аддзелу мэдыяў Праграмы разьвіцьця ААН Ўільям Ормэ сказаў Радыё Свабода пра Ільлю Мафтэра:

(Ормэ: ) “Ён прыехаў у Беларусь як супрацоўнік Інстытуту адкрытага грамадзтва працаваць у праекце, які супольна кіруецца й фінансуецца праз ПРААН. Таму ў аўторак беларускаму ўраду была перададзеная фармальная пэтыцыя ад ПРААН, дзе гаварылася, што імунітэт, які распаўсюджваецца на ўсе дзеяньні ААН, павінен тычыцца таксама яго, бо ён быў там дзеля працы на гэты падтрыманы ААН праект”.

Прадстаўнікі ААН спасылаюцца на дамову 1946 году, якую пацьвердзіла Беларусь, аб імунітэце ад арышту й затрыманьня для ўсіх штатных супрацоўнікаў ААН і экспэртаў, якія прыяжджаюць па справах ААН. Імунітэт Ільлі Мафтэра можа быць скасаваны толькі генэральным сакратаром ААН Кофі Ананам, калі Беларусь прадставіць доказы яго незаконнай дзейнасьці па-за межамі ягонай аанаўскай камандзіроўкі, паведаміла агенцтва “Ройтар”.

Аднак прэсавы сакратар беларускага КГБ Аляксандар Базанаў заявіў, што спадар Мафтэр ня мае ніякага дачыненьня да дыпляматычнай службы й не валодае ніякім імунітэтам. Спадар Базанаў спаслаўся на заяву прадстаўніцтва ААН у Беларусі ад 19 кастрычніка, дзе падкрэсьлівалася, што Ільля Мафтэр “ня ёсьць супрацоўнікам ААН або экспэртам, які працуе паводле кантракту ПРААН”. У менскім прадстаўніцтве ААН Радыё Свабода пацьвердзілі, што тая заява застаецца ў сіле, аднак ад далейшых камэнтароў устрымаліся.

15 кастрычніка грамадзяніна ЗША Ільлю Мафтэра затрымалі ў гатэлі “Менск” і зьмясьцілі ў сьледчы ізалятар КГБ. Пра гэта паведаміў старшыня КГБ Леанід Ерын. Паводле КГБ, супрацоўнік Інстытуту адкрытага грамадзтва Ільля Мафтэр падазраецца ў злачынствах, прадугледжаных двума артыкуламі Крымінальнага кодэксу: групавое ўчыненьне маёмаснай шкоды без прыкметаў крадзяжу ў буйным памеры ды прадпрымальніцая дзейнасьць без рэгістрацыі ці дазволу. Страты беларускіх апэратараў сувязі, у тым ліку дзяржаўнага “Бэлтэлекаму”, ад незаконнай дзейнасьці Ільлі Мафтэра склалі, паводле КГБ, каля 100 тысяч даляраў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG