Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былая кіраўніца справаў прэзыдэнта Галіна Жураўкова заявіла, што невінаватая ў крадзяжы 3.5 мільёнаў даляраў


Алег Грузьдзіловіч, Менск Былая кіраўніца справаў прэзыдэнта Галіна Жураўкова адмовілася ад ранейшых паказаньняў і ў судзе не прызнала сябе вінаватай у крадзяжы больш як 3,5 мільёна даляраў. Галіна Жураўкова абвінаваціла сьледзтва ў незаконных дзеяньнях і правакацыях. Сьледзтва лічыць, што доказаў віны Галіны Жураўковай дастаткова.

У строгім чорным строі, са звыклай высокай белай фрызурай паўстала сёньня Галіна Жураўкова перад судзьдзямі Вярхоўнага суду, якія вядуць працэс над ёю і кіраўнікамі фірмы “Белая Русь”. Непасрэдна Галіну Жураўкову абвінавачваюць у крадзяжы больш як 3,5 мільёна даляраў. Падчас сьледзтва яна прызнавала сваю віну, але сёньня ад усіх паказаньняў адмовілася. Цяпер яна кажа, што сама зьдзівілася, калі ў матэрыялах сваёй крымінальнай справы ўбачыла ўласныя прызнаньні.

“Я агаварыла сябе пад ціскам сьледчых, а паперы падпісала ў непрытомным стане”, — заявіла Галіна Жураўкова суду. Паводле яе, ціск на яе і яе сям’ю працягваецца і цяпер. Яна распавяла пра людзей у цывільным, якія дзяжураць ля яе дома і суправаджаюць яе нават у краму.

(Жураўкова: ) “Па 3–4 чалавекі ходзяць. Я ведаю іх у твар, магу графік дзяжурства кожнага назваць. Можа, гэта так і трэба? Тады я маўчу”.

Галіна Жураўкова прызнала, што яе сваякі й сябры ўнесьлі ў бюджэт 709 тысяч даляраў, каб арышт для яе быў зьменены на падпіску аб нявыезьдзе. Паводле былой кіраўніцы справаў прэзыдэнта, сьледчыя патрабавалі ад яе заплаціць 3 мільёны даляраў, але ў яе “такіх грошай няма”. Паходжаньне 709 тысяч даляраў Жураўкова патлумачыла гэтак: “Сабралі сваякі, сябры з Цюмені, ды аддала грошы за раней прададзеную кватэру ў Менску. Кватэра каштавала 39 тысяч даляраў”.

Між тым, паводле сьледзтва, каб кампэнсаваць нанесеныя страты, за Жураўкову заплацілі 1 мільён 633 тысячы даляраў. Калі ў перапынку я зьвярнуўся да Галіны Жураўковай па тлумачэньні, яна толькі прыклала палец да вуснаў і азірнулася вакол. Між тым, на судзе пра ціск на сябе Галіна Жураўкова распавядала больш ахвотна. У прыватнасьці, яна паведаміла, што за час арышту з 95 кіляграмаў схуднела да 69 кіляграмаў. Таксама Галіна Жураўкова называла прозьвішчы старшыні КГБ Леаніда Ерына і старшыні Камітэта Дзяржкантролю Анатоля Тозіка. Да іх яе прывялі адразу пасьля арышту. Паводле Жураўковай, у іх ужо быў расклад сумаў, якія яна нібыта накрала разам з кіраўнікамі “Белай Русі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG