Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сэксафобія па-беларуску


Сьвятлана Курс, Менск Паводле апытаньня Незалежнага інстытуту сацыяльных і палітычных дасьледаваньняў, сёлета ў чэрвені толькі 11 % беларусаў назвалі сэкс важным чыньнікам сямейнага жыцьця. Пры тым, што прыкладна кожны пяты беларускі мужчына мае паталёгіі ў сэксуальнай сфэры, колькасьць тых, хто зьвяртаецца са сваімі праблемамі да сэксолягаў, невялікая. На ўсю Беларусь толькі 12 такіх лекараў і ніводнага легальнага сэкс-шопу. Тэмы сэксу няма ў дзяржаўных праграмах і на ўзроўні публічнага абмеркаваньня. Сэксафобію па-беларуску дасьледавала наша карэспандэнтка.

Паводле спэцыялістаў, сэксафобія – гэта страх перад сэксуальнай актыўнасьцю і прадухіленьне сэксуальных сытуацыяў. Традыцыяў публічнага абмеркаваньня сэксуальнай сытуацыі ў краіне няма, лічыць сэксоляг Дзьмітры Капусьцін. Як няма й разуменьня таго, што гэтая сытуацыя важная для краіны. Лічыцца, што паняткі “краіна” й “сэкс” зьмяшчаць у адзін кантэкст – вульгарна.

Аднак праблема існуе. Гаворыць псыхоляг Павел Урбановіч:

(Урбановіч: ) “Гэта здароўе нацыі. А здароўе нацыі – ня тая рэч, якую варта абмяркоўваць алькоўна. Большая частка гэтых захворваньняў ідзе ад галавы”.

У грамадзтве, дзе адсутнічае вольны дыялёг на гэтую “саромную” тэму, усталяваны рэжым, пры якім геніталіі сталі сымбалем “нізкага” гумару. Гэта рэпрэсуе цела й яго патрэбы.

Гаворыць культуроляг Вацлаў Арэшка:

(Арэшка: ) “Мне здаецца, вельмі вялікая сувязь ёсьць паміж свабодай і сэксам. Чым больш вольны будзе чалавек у палітычным пляне, тым больш вольным ён ёсьць і ў сэксе. У нас грамадзтва ў значнай ступені яшчэ сялянскае. А сялянская сэксуальная культура спэцыфічная. Яе добра выразіў спадар Пазьняк, калі сказаў, што сэксу ў беларусаў няма. Маўляў, напрацуюцца да ўпаду, і ім нічога ўжо ня трэба. Тут патрэбная больш тонкая арганізацыя сьвядомасьці”.

(Карэспандэнтка: ) “Адны кажуць, што сэкс – адна з праяваў свабоды чалавека, і, маўляў, пры аўтакратыі або таталітарызьме, калі няма адкрытага грамадзкага дыялёгу, жыцьцё чалавека зьбядняецца і ў гэтай сфэры. Іншыя, як расейскі паэт Саша Чорны, наадварот, цьвердзяць, што ў часы дыктатуры “чалавек уцякае ў полавую сфэру”. Што бліжэйшае да рэальнасьці?”

(Урбановіч: ) “Ісьціна недзе пасярэдзіне. Людзі ўспрымаюць уладу, як кепскае надвор’е. Яны больш займаюцца сабою. Першае пытаньне – як знайсьці чалавека і ўступіць зь ім у сувязь. Другая праблема ў нас – далёка ня кожная жанчына мае задавальненьне”.

Сэксуальныя дасьледаваньні ў нашай краіне не праводзіліся аж да 1990-х, калі былі створаныя сэксалягічныя цэнтры й кабінэты, якія фінансаваліся дзяржаваю. Потым служба скарацілася. Цяпер у ёй толькі 12 сэксапатолягаў. Дый наведвальнасьць сэксалягічнага цэнтру ў Беларусі ў 100 разоў меншая за наведвальнасьць на Захадзе. Пры тым, што, паводле сэксоляга Дзьмітрыя Капусьціна, кожны пяты беларускі мужчына мае паталёгіі, якія не дазваляюць яму жыць устойлівым сэксуальным жыцьцём.

Жанчыны ж, зьвяртаючыся да спэцыяліста, скардзяцца на адсутнасьць лібіда, аргазму, сямейнае згвалтаваньне або абыякавасьць партнэра. Якасьць жыцьця перастала для многіх мець значэньне. І грамадзтва пра гэта не гаворыць. Адна з прычынаў – у беларусаў няма “сэксуальнай мовы”. Ёсьць мэдычныя тэрміны й стылістычна зьніжаны слэнг. Сэкс загнаны ў падзямельле, там ён і выпацкаўся. Слова Вацлаву Арэшку.

(Арэшка:) “Тэмы не разьвіваем у сваім жыцьці, не разьвіваецца й слоўнік. У цэлым Усходняя Эўропа бедная на гэтыя словы, варта хаця б паглядзець на суседнія мовы – польскую, украінскую, тым больш расейскую. Маёй марай было б убачыць беларускі “Playboy”.

Многія людзі ўспрымаюць сэкс як нешта “негігіенічнае й несымпатычнае” з рэлігійных перакананьняў. А між тым у Бібліі сэкс апісаны проста й прыгожа: умелі некалі людзі любіць каханьне. Гаворыць перакладчык Бібліі на беларускую Васіль Сёмуха:

(Сёмуха: ) “У гэтай праўдзе няма нічога, што супярэчыла б волі Божай, закладзенай у чалавеку. Я са сваімі дзецьмі (у мяне сын і дачка) заўсёды гаварыў адкрыта пра гэтыя рэчы”.

Аднак спадар Сёмуха парушыў клятву перакладчыка Бібліі – не сказіць ні слова – і даў волю эўфэмізмам пры перакладзе гісторыі каханьня караля Салямона й Суляміты.

(Сёмуха:) “Там ёсьць мясьціны, якія нашаму сучаснаму вуху здаюцца грубымі й адкрытымі. Грамадзкасьць таго часу ўспрымала ўсё нармальна, як гэта й павінна быць у жыцьці. Я глядзеў шмат якія пераклады на розных мовах, усе перакладчыкі ўжывалі эўфэмізмы. У гэтым сэнсе саграшыў і я”.

Спадар Сёмуха згодны з думкаю культуроляга Вацлава Арэшкі, што менавіта сялянскасьць беларускага грамадзтва не дае магчымасьці гаварыць свабодна.

(Сёмуха: ) “Беларусы ў адрозьненьне ад нашых усходніх суседзяў заўсёды былі менш цынічныя. Не было брыдкай расейскай лаянкі. У нас захавалася дзіцячая цнатлівасьць. Ува ўсёй нацыі. Вельмі цнатлівая менавіта вёска. Я памятаю, як быў я малы, а жанчыны сядзелі ў хаце і пілі па кропельцы. “Ну, Ганна, будзь здарова!” А тая адказвае: “Ну, пі здарова!” Такая датклівасьць!”

Якасьць сэксуальных перажываньняў і рэакцыяў зь цяжкасьцю апісваецца ў беларускай мове. А вось у нашых заходніх суседзяў шырокі інтымны слоўнік. Прыкладам, у вугорцаў, як са зьдзіўленьнем даведаліся работнікі “Пінскдрэва”, ёсьць ня менш за 15 найменьняў геніталіяў. Пра адкрыцьці, зробленыя падчас сумеснай працы з вугорскімі мэблярамі, апавядае пінчанка Надзея Аўсіевіч.

(Аўсіевіч: ) “Адрас “Пінскдрэва” – вул. Чуклая, 1. А сам горад стаіць на рацэ Піна. “Піна” па-вугорску – похва. А “чукла” – клітар. Вугорцы радаваліся, што завязаліся з такім прадпрыемствам”.

Немата беларусаў у спальнях паходзіць і з сэксафобіі савецкага часу. Гісторыя савецкай культуры складалася з ідэалягічных кампаніяў, у якіх сэксафобія грала заўважную ролю. Паводле кнігі Марка Папоўскага “Ён, яна й савецкі рэжым. Трэці лішні”, у СССР не было дзе любіцца.

У 1981 г. трэць маладых сем’яў жыла з бацькамі. Пасяліцца ў гатэлі з чалавекам другога полу было немагчыма. У інтэрнаты мужчыны лазілі па прасьцінах і трубах. Санаторыі й дамы адпачынку набывалі характар бардэляў. Цяпер праблема знайсьці месца вырашаная. У менскіх рэклямных газэтах да 400 абвестак “здам кватэру на суткі й гадзіны”. А вось падлеткі, у якіх няма грошай на арэнду, часам поначы займаюцца сэксам проста на дварэ, засыпаючы гарады скарыстанымі прэзэрватывамі. Для непаўналетніх сэкс зьяўляецца табуяваным з волі дарослых, таму яны робяць гэта нелегальна.

(Урбановіч:) “Успрымаць сэкс як добрую, чыстую й сьветлую зьяву дзеці будуць тады, калі ім казаць, што гэта нармалёва, так, як у сьвеце і ёсьць, спакойна, безь непатрэбных эмоцыяў. Я лічу, што ўсе сэксалягічныя праблемы, якія паўсталі перад нашым грамадзтвам, вынікаюць зь дзьвюх процілеглых пазыцыяў: што сэкс – гэта файна і яго павінна быць як мага болей, і што сэкс – гэта кепска і яго павінна быць як мага меней. А сэкс – неабходная рэч, як памыцца зранку ці паесьці. І ня трэба зь яго рабіць культу ні ў станоўчым, ні ў адмоўным сэнсе”.

Паводле культуроляга Вацлава Арэшкі, “нас не вучылі выбіраць і любіць, нас вучылі працаваць”. Палітыка беларускай дзяржавы ў сфэры адукацыі і ў сродках масавых камунікацыяў застаецца пурытанскай. Прыхільнікі цьвёрдага парадку й нясхібнай маральнасьці блытаюць свабоду й распусту – як у грамадзкім, гэтак і ў сэксуальным жыцьці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG