Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Хачу сказаць пра “Акт аб дэмакратыі”, што прыяцеля ў няшчасьці спазнаеш”


RFE/RL Водгукі слухачоў – 27 кастрычніка. Кожны дзень з 21:00 вечара да 09:00 раніцы вы можаце затэлефанаваць на менскі нумар 229-22-71 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку.

(Спадарыня: ) “Магчыма, што на рэфэрэндуме не было падтасовак. Гэта маё асабістае меркаваньне. Асабіста я ішла выкрэсьліць усіх кандыдатаў, у тым ліку й апазыцыйнага спадара Вячорку, што і зрабіла. Але форма бюлетэня “за” альбо “супраць” Лукашэнкі выклікала міжвольную рэакцыю. Там прысутнічалі толькі “за” альбо “супраць” і не было сярэдняга-сацыяльнага “ўстрымаўся”. Нашае насельніцтва ўсё, так бы мовіць, лягічнае, і яны прачыталі кантэкст з сэнсам: “Паспрабуй не прагаласаваць “за!” Вось таму і большасьць прагаласавала “за”, бо не было гэтай сярэдзіны “ўстрымаўся”.

(Спадар: ) “Добры дзень, Свабода! Я зьдзіўлены, што малая колькасьць людзей слухае вашую перадачу, вашую радыёстанцыю. Мусіць таму, што большасьць мае старыя прымачы, якія ўжо зламалася, не працуюць, а новых немагчыма знайсьці.

Вось я шукаў у г.Менску і зь цяжкасьцю знайшоў на радыёрынку Ждановічы. Месцы №№ 24, 40, 22, 25 прадаюць кішэнныя прыгожыя прымачы, вельмі якасныя, і там у адрозьненьні ад нашых савецкіх ня 5 дыяпазонаў, а 10, з 11 да 75-ці мэтраў. Зь іх добры прыём”.

(Тацяна Варэль, пэдыятар з Асіповічаў: ) “Дарагія суайчыньнікі за мяжой! Выратуйце, калі ласка, нашых дзетак. Вельмі многія зь іх маюць зьмены ў сэрцы. Я і мае калегі просім вас дапамагчы набыць нам апарат ультра-гукавага дасьледаваньня сэрца. Калі вам здасца, што мы просім зашмат, то перадайце яго ў Бабруйск, туды нашым дзеткам было б зручней дабірацца, чым у далёкі Магілёў. Кантактныя тэлефоны: галоўны ўрач: 26-6-67, урач-пэдыятар: 24-5-36, мой тэлефон працоўны: 23-7-76”.

(Мінчанка Валянціна: ) “Паважаныя слухачы Свабоды! Па загаду, які прагучаў 6 кастрычніка на сустрэчы з вэртыкальлю, выбарчыя камісіі ўчынілі разбой 17 і скралі нашыя галасы, тым самым падараваўшы загадчыку, як ён адзначыў, ашаламляльную перамогу. Таму ўсіх апрабаваных я запрашаю ў нядзелю 31 кастрычніка прыйсьці да гадзіньнікавага заводу ў 10:30 на санкцыянаванае шэсьце на Курапаты, і тым самым не дазволіць гісторыі паўтарыцца, як гэта адбывалася падчас сталінскіх рэпрэсіяў.

Людзі! Будзьце пільнымі! Кажуць, што гісторыя адбываецца спачатку як трагедыя, а паўтараецца як камэдыя. Але ж якая гэта камэдыя, калі пасьля 17-га на плошчы льецца кроў? Прыходзьце, людзі, я вас запрашаю!”

(Канышка Юры, Ворша: ) “Я б гнаў паганай мятлой з тэлебачаньня Яўгена Новікава, вядучага праграмы “Правы чалавека”. Ён кажа аб датэрміновым галасаваньні ў Злучаных Штатах, але ж у ЗША ня гоняць пад жудасным страхам на выбарчыя ўчасткі і не ўцягваюць алькаголем і іншым. Таксама гнаў бы паганай мятлой расейскіх назіральнікаў, старшыню ЦІК Аляксандра Вішнякова, дэпутатаў думы Мікалая Кандраценка, Сьвятлану Савіцкую, Паўла Барадзіна, Уладзімера Рушаева. Яны ў Чачэніі ня здолелі сумленна і легітыўна правесьці выбары. Мы бачым, якія вынікі пасьля іх.

Яны ня ведаюць, як я на сабе выпрабаваў у 2001 годзе лукашэнкаўскую чэснасьць і легітымнасьць па ягонай канстытуцыі, фабрыкаванай з дапамогай Расеі. Мяне выштурхоўвалі з выбарчага ўчастку №48, дзе я быў назіральнікам, а на выбарчым участку №1 дырэктар пэдкаледжу Хмяліцкі спрабаваў сарваць значок з надпісам “Байкот!”, а потым пагражаў. На гэтым участку за Лукашэнку прагаласавалі 37%. Мяне за тыдзень 6 разоў забірала міліцыя, усё было ў рамках лукашэнкаўскіх законаў. Скардзіўся ў пракуратуру – бессэнсоўна. У 2003-м за плякат на пікеце аштрафавалі, Вярхоўны суд пакінуў у сіле, а “Касамольская праўда” на Беларусі сказала: “Ні за што далі штраф”.

Існуе фашысцкая тактыка: пад страхам гнаць народ як быдла на выбарчыя ўчасткі. Гэтак, начальнік цэху Юранаў В.А. прымусіў амаль што шэрагам ісьці на датэрміновае галасаваньне на выбарчы ўчастак 48 пад асабістую адказнасьць кожнага галасуючага.

На канчатак – анэкдот. У 2001 годзе прыходзіць Ярмошына пасьля прэзыдэнцкіх выбараў Лукашэнка й кажа: “Ёсьць дрэнная і добрая навіна”. – “Давай з дрэннай!” – “За вас прагаласавала абсалютная меньшасьць. А добрая: віншую! Вы сталі прэзыдэнтам!”

(Віктар Бутто: ) “Прайшлі чарговыя парлямэнцкія выбары і такі самы рэфэрэндум. Яны паказалі, што выканаўчыя ўлады зь іх прызначэнцамі моцна перастараліся й выцерлі свае ногі аб народ, каб Менск і Беларусь заставаліся найбольш небясьпечнымі ў Эўропе і сьвеце для пражываньня.

Выбары праходзілі бяз выбараў на маім 587 выбарчым участку ў школе 177 па вуліцэ Шугаева, бо два кандыдаты, якія мяне найбольш задавальнялі, былі проста зьнятыя пры датэрміновым галасаваньні. А пра аднабаковы рэфэрэндум нават і казаць ня варта. Зь вялікай павагай. Дзякуй”.

(Казіноўскі: ) “Я хачу зьвярнуцца да спадарыні Ярмошынай. Як Вам сьпіцца? Ці не прасьледуюць Вас кашмары? Бо гэта было б натуральна пасьля ўчыненага Вамі злачынства над беларускім народам. Цяпер Вы ў стане эйфарыі ад бліскуча праведзенай фальсыфікацыі вынікаў выбараў. Нават Лукашэнка не чакаў такога, адным словам, перастараліся. Але за ўсякае злачынства рана ці позна прыйдзецца адказваць і перад народам, і перад Богам. А пакуль сьпіце спакойна, спадарыня Ярмошына!”

(Зіноўеў: ) “У рамках актаў дэмакратыі прадугледжаныя тэлевізійныя праграмы на Беларусі. Я думаю, што ёсьць сэнс на Берасьці й Горадні паказваць нешта альтэрнатыўнае. І зрабіць гэта трэба на адным з польскіх тэлевізійных каналаў, якія ў Берасьці й Горадні прымаюцца. То бок, трэба арэндаваць там час і паказваць людзям альтэрнатыўную панараму, альтэрнатыўныя навіны пра Беларусь.

Увогуле, хачу сказаць пра “Акт аб дэмакратыі”, што прыяцеля ў няшчасьці спазнаеш. Вось маскоўская яма і ня пікне нават, калі тут палову Беларусі пасадзяць. Таму ўдзячнасьць за тое, што не пакінулі ў няшчасьці – гэта фундамэнт будучага маральнага саюзу беларускага й амэрыканскага народу, а таксама фундамэнт сяброўскіх і партнэрскіх Беларусі й ЗША ў Эўраатлянтычным альянсе – зразумела, канечне, пасьля падзеньня дыктатуры. Дзякуй прэзыдэнту Бушу”.

(Спадарыня: ) “Паважаныя грамадзяне! Перш за ўсё хачу даць вам такую інфармацыю. 31 кастрычніка ў нядзелю ў 10:30 атрыманы дазвол на шэсьце ў Курапаты ў знак ушанаваньня сьвята Дзядоў, памяці нашых продкаў. Але я хачу яшчэ зьвярнуцца пра выбары. Некалькі разоў я тэлефанавала на Свабоду і зьвярталася да тых грамадзянаў і да тых, хто аб’явіў аб удзеле ў выбарах, каб мы адмовіліся ад думкі ісьці й галасаваць супраць зьмены Канстытуцыі. Быў зроблены зварот да кожнага кандыдата зь “5+”, каб зьнялі свае кандыдатуры й далучыліся да байкоту. Ім было вядома, якія будуць вынікі гэтага ўдзелу ў выбарах. Таму зараз ня трэба ліць несапраўдныя кракадзілавы сьлёзы. Адказнасьць за фальсыфікацыю ў такіх памерах павінны ўзяць і ўдзельнікі ў незаконным рэфэрэндуме, тыя што звалі прыйсьці і прагаласаваць супраць. Яны аказаліся здраднікамі. Яшчэ за тыдзень да выбараў Латыпаў па тэлебачаньні сказаў, што за рэфэрэндум прагаласуе нават і БНФ – канечне ж, мелася на ўвазе арганізацыя Вячоркі. Так, яны прагаласавалі за легітымнасьць рэфэрэндуму, прывялі на ўчасткі людзей. А Мясьніковіч у ток-шоў пасьля выбараў сказаў, што хто быў супраць рэфэрэндуму, той не прыйшоў. Гэта падкрэсьлівае яшчэ раз, што ўлады выкрэсьлілі для сваіх пратаколаў усіх, хто прыйшоў на гэты рэфэрэндум. Гэтыя пратаколы кантролю не падлягаюць. І гэта было вядома ўсім, і таму ж пацярпеламу Лябедзьку”.

(Спадар: ) “Добры дзень, Радыё Свабода! Наконт дзеяньняў апазыцыі пасьля так званых выбараў. Зянон Пазьняк, як выявілася, меў рацыю. Гэтая народная ўлада падманула нас яшчэ раз, як і ў іншыя разы. Таму мяркую, што хадзіць на выбары пры дыктатарскім рэжыму бессэнсоўна. Таму ў 2006-м годзе мы павінны прагаласаваць нагамі, то бок – проста не хадзіць. Народ яшчэ не гатовы. А ўлада ўсё роўна падмане. Дзякуй”.

(Валянцін Цішко: ) “Добры дзень! Я лічу, што апазыцыя не павінна здавацца, як выходзілі, так і выходзіць на Кастрычніцкую плошчу, і ўсіх зацікавіць. Дзякуй”.

(Спадар: ) “На пытаньне “што рабіць апазыцыі пасьля рэфэрэндуму і выбараў?” хачу сказаць наступнае. Трэба беларускім апазыцыянэрам спыніцца езьдзіць па замежжы выпрошваць грошы, а ўжо цяпер за 4 гады да выбараў трэба працаваць зь беларускім выбаршчыкам, а не як было цяпер – за тыдзень да выбараў. Калі бачыш Шушкевіча ці Лябедзьку ў дарагім касьцюме, пешчанага, за багата сэрвіраваным фуршэтным сталом у Брусэлі, Рызе альбо Варшаве, цяжка паверыць, што такому чалавеку неабыякавы лёс простага чалавека. Дзякуй”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG