Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Масква па ранейшаму ня ведае, дзе ёй шукаць альтэрнатыву Лукашэнку”


Юры Дракахруст, Прага Чым можна патлумачыць супярэчлівасьці расейскай пазыцыі – МЗС і Дзярждума ўхваляюць вынікі беларускага рэфэрэндуму, расейскія мэдыі, у тым ліку й дзяржаўныя, распавядаюць пра падзеі ў Беларусі вельмі крытычна? Чаму Крэмль дэзавуяваў прапанову Паўла Барадзіна правесьці ў Расеі рэфэрэндум, падобны да таго, што адбыўся ў Беларусі 17 кастрычніка? Ці ня пойдзе Лукашэнка ў сытуацыі ціску з боку Захаду на значныя саступкі Маскве? На гэтыя тэмы разважаюць у “Экспэртызе Свабоды” намесьнік галоўнага рэдактара расейскага часопісу “Новое время” Вадзім Дубноў і кіраўнік аналітычнага аддзелу кампаніі БелаПАН Аляксандар Класкоўскі.

(Дракахруст: ) “Пазыцыя Расеі пасьля беларускага рэфэрэндуму і выбараў выклікае зьдзіўленьне сваёй супярэчлівасьцю. Празь дзень пасьля галасаваньня МЗС Расеі абвясьціла, што волевыяўленьне адбылося дэмакратычна і транспарэнтна. Пасьля таго, як Злучаныя Штаты канчаткова прынялі Акт аб дэмакратыі, міністар замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў выказаў незадавальненьне гэтым рашэньнем. Нарэшце, днямі Дзярждума Расеі прыняла пастанову ўхвалы беларускага галасаваньня. Прычым за гэтае рашэньне прагаласавалі ня толькі заўсёдныя сябры беларускіх ўладаў камуністы, але і крамлёўская “Единая Россия”.

З другога боку, расейскія мэдыі дастаткова крытычна камэнтавалі і рэфэрэндум, і выбары, і падзеі, што адбываюцца пасьля галасаваньня. Тон гэтых камэнтароў такі, што расейскім тэлеканалам адключаюць перагон матэрыялаў зь Менску ў Маскву, днямі ў Беларусі была цэнзураваная перадача РТР. Пры гэтым варта прыгадаць, што РТР – дзяржаўная тэлекампанія, якой кіруюць наўпрост з Крамля. Што ж гэта азначае, калі кіраваная з Крамля Дума прымае адны рашэньні, а кіраваная з таго ж Крамля РТР дае зусім іншыя камэнтары? Спадар Дубноў, што гэта азначае?”

(Дубноў: ) “Гэта азначае ранейшы падыход Масквы да беларускай праблемы. Лукашэнка, зразумела, ёй не падабаецца, але альтэрнатываў яна ня бачыць. Адсюль вынікаюць усе яе даволі супярэчлівыя рухі. Расея ўпершыню за ўсе 10 гадоў не аказвала аніякай падтрымкі Лукашэнку. З аднаго боку, праз падкантрольныя мэдыя яна яго асуджае. З другога боку, што тычыцца Думы, то Крэмль, відаць, працягвае лічыць, што яму неабходна ўлічваць інтарэсы тых слаёў насельніцтва, якім Лукашэнка падабаецца, дзе ён папулярны. Таму Дума, як псэўдапрадстаўнічы орган, атрымлівае загад прыняць тую пастанову, якую яна і прыняла.

Справа ў тым, што Масква па ранейшаму ня ведае, дзе ёй шукаць альтэрнатыву. Альтэрнатываў у апазыцыі яна ня бачыць. Гэтым разам апазыцыі ў Маскве казалі прыкладна тое ж самае, што і 3 гады таму: “Вы ўсе вельмі сымпатычныя людзі, але мы разумеем, што справу прыйдзецца мець усё роўна зь ім”. Што тычыцца альтэрнатывы намэнклятурнага кшталту, то тут варта прыгадаць спробу зь Міхаілам Марынічам. Па-першае, Масква гэтую спробу бяздарна праваліла, а па-другое, зусім непрыстойна кінула яго ў турме, не паварушыўшы і пальцам. Гэта паказала, што і тут Маскве шукаць няма чаго.

У прынцыпе, некаторая настойлівасьць у рэалізацыі “намэнклятурнага бунта” магла б прывесьці да нейкіх вынікаў – па меншай меры, разгойдаць “вэртыкаль” яна была б здольная. Але мы маем справу з той Масквой, якая па традыцыі не жадае прымаць рашэньні. Ёй прасьцей цярпець некаторыя нязручнасьці, якія стварае ёй Лукашэнка, чым нешта прынцыпова мяняць. Ну і, да слова, да Лукашэнкі яна ўжо прыцярпелася, і гэтыя нязручнасьці яна ўжо навучылася цярпець”.

(Дракахруст: ) “Спадар Класкоўскі, якую лёгіку, пасьлядоўнасьць Вы бачыце ў гэтай непасьлядоўнасьці расейскай пазіцыі? Магчыма, гэтая так бы мовіць пасланьні – і заявы МЗС і Думы з аднаго боку, і тон расейскіх мэдыяў зь іншага – маюць розных адрасатаў?”

(Класкоўскі: ) “У мяне склалася ўражаньне, што з боку Масквы ўсё ў гэтай сытуацыі выглядае даволі лягічна, усё “раскладзена па палічках”. Думаць, што гэта стыхійныя паводзіны, “хто ў лес, а хто па дровы” – не выпадае. Гэта некалі казалі, што Крэмль, маўляў, шматвежавы й г.д. А зараз усё скаардынавана й разьлічана.

Што тычыцца афіцыйнага прызнаньня вынікаў рэфэрэндуму, то іншага, шчыра кажучы, не выпадала чакаць. Сёньня Крэмль і сам апынуўся пад цэлым градам абвінавачваньняў у “зацісканьні гаек”, звужэньні дэмакратычнай прасторы і г.д. Пра трэці тэрмін Пуціна аналітыкі таксама разважаюць зусім будзённа. І ў гэтай сытуацыі кідаць камяні ў беларускага саюзьніка было проста неабачліва. З другога боку, калі напрыклад аналізаваць заяву Лаўрова, то няцяжка ўбачыць яе падвойнае дно. Ён гаворыць: “Санкцыі не вырашаюць праблемаў”. Тут падтэкст – праблемы з афіцыйным Менскам ёсьць. Ці іншая заява, што калі ўжо ўжываць санкцыі, то трэба скарыстоўваць мэханізм Рады бясьпекі ААН.

Я згодны, што “бамбаваньне” афіцыйнага Менску дзяржаўнымі расейскімі мэдыямі мае некалькі адрасатаў. Па-першае, гэта Захад: “Вось бачыце, мы абараняем ідэалы дэмакратыі”. Па-другое – гэта прагрэсіўная частка беларускага грамадзтва, каб не было расчараваньня, што Расея здала беларускую дэмакратыю на канчатковае здушэньне, каб не было ўрэшце росту антырасейскіх настрояў, якога гэтак баяцца ў Крамлі. І па-трэцяе – гэта сам беларускі кіраўнік, каб ня надта ён трыюмфаваў і адчуваў, што рука Масквы можа быць і жорсткай. Усё разьлічана, і ў гэтай сытуацыі нявызначанасьці, пра якую казаў калега Дубноў, Крэмль не такі наіўны, каб класьці ўсе яйкі ў адзін кошык”.

(Дракахруст: ) “Спадар Класкоўскі ўжо закрануў тэму працягу паўнамоцтваў Пуціна, што беларускі досьвед можа стаць экспэрымэнтальнай пляцоўкай для Беларусі. Але вядомы Павал Барадзін, які ў Беларусі захапляўся тым, як прайшоў рэфэрэндум, у інтэрвію радыё “Эхо Москвы” прапанаваў правесьці аналягічны плебісцыт у Расеі. На гэта была даволі адмоўная й грэблівая рэакцыя прэсавага сакратара Пуціна Аляксея Громава. Гэты дыялёг Барадзіна і Громава – гэта пробны шар ці сьведчаньне дурасьці Барадзіна? Можа, Пуцін і не зьбіраецца браць прыклад з Лукашэнкі? У рэшце рэшт, досьвед ізгоя сьвету – наўрад ці салідны прэцэдэнт для Пуціна. Спадар Дубноў, як Вы мяркуеце?

(Дубноў: ) “Справа ў тым, што дзяржава, пабудаваная ў гэтым стылі, дзейнічае паводле непахісных законаў. Тут усе далейшыя дзеяньні амаль запраграмаваныя. Калі дзяржава пабудаваная ў рэжыме вэртыкалі ўлады, гэта значыць, калі гэта – бюракратычная дзяржава, то набор магчымых мерапрыемстваў перадачы ўлады даволі вузкі.

Але тым ня менш, ёсьць пэўныя нюансы. Барадзін сапраўды выказаўся даволі буфанадна, але я б не скідаў з рахункаў тое, што нават буфанадная заява цалкам можа быць пробным шарам. Калі Вы заўважылі, прэсавы сакратар Пуціна не сказаў, што ў Уладзіміра Ўладзіміравіча і ў думках няма анічога такога, што ён, маўляў, з абурэньнем такую пэрспэктыву адхіляе. Справа ў тым, Крэмль зараз не адхіляе анічога, ён напрацоўвае нейкі досьвед на 2008 год.

Ёсьць істотная розьніца паміж Беларусьсю, Украінай і Расеяй. У Беларусі размова ідзе пра пераемнасьць улады адной асобы. У Расеі і на Ўкраіне размова ідзе пра пераемнасьць элітнай улады. У 2008 годзе праблема будзе не ў захаваньні ўлады Пуціна, а ў захаваньні ўлады эліты, якая за гэтыя гады сфармавалася. На гэтую тэму ёсьць распрацаваная апэрацыя “пераемнік”, ёсьць апэрацыя “рэфэрэндум”, магчыма, у бліжэйшы час мы даведаемся пра нешта ў Кіеве. Там ёсьць даволі шырокая прастора варыянтаў, уключна з увядзеньнем надзвычайнага становішча і адменай выбараў, што яшчэ тэарэтычна магчыма, і працягам канстытуцыйнай рэформы зь перадачай улады прэм’еру. Ёсьць шмат спосабаў уратавацца, і рэфэрэндум – толькі адзін зь іх. Таму я б не стаў ставіцца да таго, што адбылося ў Беларусі, як да генэральнай рэпэтыцыі”.

(Дракахруст: ) “Напярэдадні рэфэрэндуму рэдактар “Советской Белоруссии” Павал Якубовіч, удзельнічаючы ў перадачы нашага Радыё, сказаў, што амэрыканскі “Акт аб дэмакратыі” пакідае Беларусі адзіны шлях – на Ўсход. Але варта прыгадаць, што, ізноў жа, напярэдадні рэфэрэндуму Аляксандар Лукашэнка, выступаючы перад расейскімі журналістамі, фактычна дэзавуяваў усе інтэграцыйныя абяцаньні, якія даваў Пуціну ў Сочы. Лукашэнка сказаў “не” і пераходу на расейскі рубель, і канстытуцыйнаму акту. Некаторыя лічаць, што пасьля рэфэрэндуму Лукашэнка, прыціснуты з Захаду, пачне прадаваць Расеі, так бы мовіць, “сямейнае срэбра”. Спадар Дубноў, а як Вы лічыце – ці адбудзецца гэта?”

(Дубноў: ) “Я мяркую, што не. Я мяркую, што зараз “сямейнае срэбра” спатрэбіцца Лукашэнку болей, чым калі-небудзь, таму што ягоны рэжым абсалютна стабілізаваўся. Ён стабілізаваўся ва ўсіх адносінах. Ён стабілізаваўся ў палітычным пляне. У нейкай пэрспэктыве ён стабілізаваўся нават у эканамічным пляне. Як заўважыў выбітны беларускі эканаміст Леанід Заіка, нават Лукашэнка ня можа нічога зрабіць з законамі эканомікі. Зараз Лукашэнка ўжо можа не аглядацца на Маскву. Масква ўжо ведае, што аніякіх кантрольных пакетаў Лукашэнка не аддасьць. Масква часам згаджаецца нават на 49%, як гэта зрабіў кіраўнік МТС Уладзімер Еўтушэнкаў. Гэта дапамагае Лукашэнку і адначасна дастаткова выгадна Еўтушэнкаву.

Захад нічога ня можа зрабіць з Беларусьсю, бо “Акт аб дэмакратыі ў Беларусі” – крок, з майго гледзішча, дастаткова рытуальны. З апошняй рэдакцыі гэтага закона зьнікла нават згадка пра канкрэтную суму, якую выдаткоўвае Вашынгтон, там гаворыцца толькі пра сумы, якія палічыць патрэбным выдаткаваць прэзыдэнт ЗША.

Акрамя таго, наколькі я разумею, амэрыканцы ўжо ня вельмі вераць у апазыцыю. Пры ўсёй маёй павазе да беларускай апазыцыі, яна ўжо выклікае пачуцьцё прыкрасьці ў тых, хто ў Вашынгтоне прымае рашэньні па Беларусі. Лукашэнка гэта выдатна ведае. Ніякіх перадумоваў для таго, што ягонаму рэжыму можа нешта пагражаць, як гэта здавалася ў 2001 годзе, ужо няма. Іншая справа, што ёсьць нейкія прычыны, пра якія мы яшчэ ня ведаем”.

(Дракахруст: ) “Спадар Класкоўскі, а як Вы лічыце, ці будзе вымушаны Лукашэнка ва ўмовах больш глыбокай ізаляцыі ад Захаду ісьці па шляху ў Маскву, калі карыстацца выразам Паўла Якубовіча?”

(Класкоўскі: ) “Усё ж я думаю, што заходнія санкцыі наўрад ці настолькі прыціснуць беларускі рэжым да сьценкі, што ён, як некалі сказаў Аляксандар Лукашэнка, “папаўзе ў Расею на каленях”. Пра гэта сьведчыць увесь папярэдні досьвед санкцыяў адносна Беларусі. А зараз, я згодны з калегам Дубновым, беларускі рэжым перажывае ня горшыя часы ў эканамічным і іншых плянах. У той “фартэцыі”, якую збудаваў Лукашэнка, ён пачуваецца дастаткова ўпэўнена. У гэтай сытуацыі ён адчувае, што Расея пакуль ня будзе яго даціскаць, і ён з сытуацыі пэўнага абвастрэньня стасункаў з Захадам возьме роўна столькі, колькі яму трэба: лішні раз зробіць сабе піяр “абаронцы заходніх межаў”, можа, выгандлюе ў Расеі нейкія ўзбраеньні, можа, пару зэнітных комплексаў, можа – эканамічныя прэфэрэнцыі. Зь іншага боку, і Расея ўжо шмат даваць ня будзе, таму што там сапраўды збольшага зразумелі, што гэта ўсё як у прорву, і што Беларусь – гэта ўжо адрэзаная луста.

Таму казаць, што Захад жорсткай палітыкай нібыта падштурхоўвае Беларусь да інкарпарацыі – гэта некарэктна, і такія заявы з афіцыйнага боку робяцца, каб зьбянтэжыць заходнікаў, спарадзіць у іх нейкую нерашучасьць. Напэўна, поўнай ізаляцыі ня будзе, а Масква будзе працягваць сваю падвойную гульню зь беларускім рэжымам – гэта значыць, ня будзе даводзіць справу да надта жорсткіх захадаў, і будзе пакрысе ўшчуваць, каб беларускі лідэр не лічыў, што ён ўжо схапіў Бога за бараду. Афіцыйны Менск таксама будзе весьці падвойную гульню, якую мы ўжо бачылі шмат гадоў – гэта значыць будзе манэўраваць паміж дастаткова жорсткімі выпадамі на адрас Масквы і рэвэрансамі ў бок “нашай Расеі”.
XS
SM
MD
LG