Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Назіральнікі зафіксавалі парушэньні й на другім туры выбараў у Наваполацку


Вінцэсь Мудроў, Наваполацак Са 110-ці крэслаў у Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу вакантнымі заставаліся толькі два: дагэтуль не абраныя дэпутаты ў 52-й гарадзкой Гарадзенскай акрузе ды ў 25-й наваполацкай. У Горадні мусяць адбыцца паўторныя выбары, а ў Наваполацку першы тур ня выявіў пераможцы, і ўчора там прайшоў другі тур выбараў.

Практычна паўсюдна дэпутатаў абралі з першага заходу. Чаму ў Наваполацку спатрэбіўся другі тур? Навапалачане, наагул, ня любяць хадзіць на выбары. Пэнсіянэраў тут адносна няшмат, а працаздольнае насельніцтва перакананае, што ад заканадаўчай улады нічога не залежыць, таму, прынамсі ў мінулым, не было масавага памкненьня ісьці да выбарчых скрыняў. У Наваполацку гадамі абіралі дэпутатаў усіх узроўняў.

Сёньня, у пару масавай кантрактызацыі і, адпаведна, страху згубіць працу, з такой вольніцай скончана, і на апошнім рэфэрэндуме на ўчасткі прыйшло 82 адсоткі выбарцаў. Зрэшты, нават пры такім раскладзе незалежныя назіральнікі сачылі за выбарчым працэсам, а некаторых зь іх, як, скажам, спадара Балонкіна, міліцыя выдаляла з участку гвалтам: назіральнік трымаўся за ножку стала.

Выбарчы двубой быў паміж прадстаўнікамі ўладных структураў: галоўным лекарам дзіцячай паліклінікі Інай Антонавай ды генэральным дырэктарам ААТ “Нафтазаводмантаж” Пятром Саламухам. Пры гэтым, назіраньнем займаліся толькі прадстаўнікі грамадзянскай ініцыятывы “Партнэрства”, якія прысутнічалі на палове выбарчых участкаў.

Ці заўважылі назіральнікі якія парушэньні? Пытаньне да старшыні абласнога аддзелу “Партнэрства” Алега Пашкевіча:

(Пашкевіч: ) “Ажыцьцяўляючы назіраньне ў 2-м туры, мы хацелі паглядзець – як будуць паводзіць сябе арганізатары выбараў пры адсутнасьці дэмакратычных кандыдатаў. Як высьветлілася, парушэньні назіраліся і сёньня. Толькі што на 4-м участку сябры камісіі падпісалі пяць пустых блянкаў выніковых пратаколаў. Зараз наш назіральнік зьвяртаецца па гэтым пытаньні ў пракуратуру. Процьма і іншых, больш дробных парушэньняў”.

А ці быў ужыты славуты адміністрацыйны рэсурс?

(Пашкевіч: ) “Ужо з 8-мі гадзінаў раніцы на ўчастках было шмат выбаршчыкаў, што нас зьдзівіла. Потым даведаліся, што на некаторых прадпрыемствах, прыкладам, на ЦЭЦ, праца пачалася а 10-й гадзіне, і людзям прапанавалі адранку прагаласаваць. У студэнтаў з гэтай нагоды адмянілі заняткі. У выніку, ужо а палове 12-й па акрузе прагаласавала блізу 20-ці адсоткаў выбаршчыкаў”.
XS
SM
MD
LG