Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

За 10 месяцаў у Беларусі памерла 200 хворых на сухоты


Галіна Абакунчык, Менск Беларускія мэдыкі распачалі падрыхтоўку да эпідэміі грыпу, якая неўзабаве чакаецца ў краіне: гэтымі днямі праводзіцца штогадовая супрацьгрыпозная вакцынацыя жыхароў. Аднак для большасьці ахвочых умацаваць імунітэт свайго арганізму праз прышчэпку давядзецца выдаткоўваць на гэта ўласныя сродкі: за бюджэтныя сродкі набыта 450 тысячаў дозаў вакцыны для дарослых і 150 для дзяцей.

Калі мэдыкі прагназуюць эпідэмію грыпу – якой сілы яна мае быць і наколькі эфэктыўнымі ёсьць сродкі прафіляктыкі захворваньняў? Паводле афіцыйнай інфармацыі, максымальная колькасьць хворых на грып мае быць у студзені, але ў камэрцыйных мэдычных цэнтрах кажуць, што эпідэмія здарыцца ўжо у лістападзе-сьнежні, ў сакавіку мае быць так званы веснавы ўсплёск.

Мэдыкі не прагназуюць надзвычайных маштабаў захворваньняў альбо нехарактэрных формаў грыпу. Паводле афіцыйнай статыстыкі, у такія гады парог захворваньняў звычайна не сягае дзесяці адсоткаў насельніцтва, але, паводле практыкі, насамрэч хварэе палова жыхароў краіны. Адмыслоўцы тлумачаць гэта фактычнай безабароннасьцю людзей перад грыпам: 600 тысячаў дозаў вакцыны не забясьпечваюць нават неабходны мінімум. А з практыкі мінулых гадоў вядома, што па платную прышчэпку ў камэрцыйныя структуры прыходзяць каля 300 тысячаў чалавек, бо 24 тысячы беларускіх рублёў за адзін укол могуць выдаткаваць далёка ня ўсе.

Яшчэ адна акалічнасьць – гэта эфэктыўнасьць прышчэпкі: Міністэрства аховы здароўя набывае вакцыну ў расейскіх вытворцаў – яна больш танная. А мэдычны цэнтр “Ладэ”, які гэтаксама праводзіць імунізацыю, мае францускую вакцыну. Да прыкладу, вось што паведаміла лекарка гэтага цэнтру, якая папрасіла не называць сваё імя:

(Лекарка: ) “Гэта француская вакцына, якая распрацоўваецца з улікам вірусу, што разьвіваецца апошнімі гадамі. І гэтая прышчэпка – ад вірусаў найбольш небясьпечных, якія будуць менавіта сёлета. А ў дзяржаўных паліклініках застаюцца прышчэпкі, якія распрацаваныя сто гадоў таму”.

А што адносна эфэктыўнасьці працы афіцыйнай мэдыцыны кажуць дзяржаўныя чыноўнікі? Тое, што афіцыйная мэдыцына мае праблемы ў лячэньні нават такіх распаўсюджаных і вядомых інфэкцыяў, як сухоты, прызнаюць і дзяржаўныя чыноўнікі. Вось, да прыкладу, што паведаміў намесьнік міністра аховы здароўя Міхаіл Рымжа.

(Рымжа: ) “У нас няма непраблемных інфэкцыяў: Толькі за дзесяць месяцаў памерла больш за 200 чалавек, хворых на сухоты. Хворых ня шмат, але іх шмат памірае. Таму для нас актуальна ўсё”.

Што менавіта выклікае вялікую сьмяротнасьць – недасьледаванасьць хваробаў ці неэфэктыўнасьць лячэньня – спадар Рымжа не патлумачыў.

Паводле яго, цяпер стаіць пытаньне аб вакцынацыі насельніцтва ў зьвязку з ростам захворваньняў на дыфтэрыю. Гэтаксама Міністэрства аховы здароўя намерваецца ўзмацніць працу службаў мэдычнага кантролю ў аэрапортах, на чыгуначных і аўтавакзалах, каб папярэдзіць магчымы завоз у краіну эпідэміі нетыповай пнэўманіі. Гэтая хвароба ў сьвеце яшчэ не пераадоленая й тым больш актуальная падчас эпідэміі грыпу, бо сымптомы абедзьвюх хваробаў вельмі падобныя. Але гэта толькі пляны. У сваю чаргу, мэдыкі-навукоўцы настойваюць на распрацоўцы сродкаў абароны ад так званага птушынага грыпу, аднак грошай на фінансаваньня гэтай праграмы ў Міністэрства аховы здароўя няма.
XS
SM
MD
LG