Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паводле коштаў на харчы Менск паступова набліжаецца да аднаго з найдаражэйшых гарадоў сьвету – Масквы


Юлія Шарова, Менск Кошты на харчы ў Менску набліжаюцца да маскоўскіх. Амаль за тыя ж грошы, што і ў адным з самых багатых гарадоў сьвету, у менскіх крамах можна набыць яйкі, муку й ялавічыну. Прычым у сталіцы небагатай Беларусі кошты будуць расьці й надалей даволі шпаркімі тэмпамі.

Калі глянуць на параўнальныя статыстычныя дадзеныя па коштах на асобных віды харчоў, то робіцца бачна, што цэны ў менскіх крамах сапраўды даганяюць маскоўскія. У сьнежні 2003 году сярэдні кошт ялавічыны першай катэгорыі ў Менску складаў больш за 67 адсоткаў ад кошту ў Маскве, а ў верасьні гэтага году – ужо больш за 79 адсоткаў. Скарацілася розьніца ў коштах на вараную каўбасу, алей, муку, сыр; зраўняліся кошты на яйкі. Толькі цукар і чорны хлеб у параўнаньні з коштамі ў Маскве патаньнелі.

Варта заўважыць, што сёлета ў жніўні сярэднестатыстычны масквіч атрымліваў 482 даляра, а сярэдні мянчук – 218 даляраў. Як жыхары Менску ставяцца да таго, што харчы тут даражэюць хутчэй, чым растуць заробкі? Гэтая пытаньне я задавала мінакам ля Камароўскага рынку.

(Пэнсіянэрка: ) “Станоўча. А што рабіць – такая абстаноўка…”

(Спадарыня: ) “Калі кошты растуць і калі заробак не пасьпявае за коштамі, канечне ж, гэта адмоўная зьява”.

(Яшчэ адна пэнсіянэрка: ) “Канечне ж, лепей хацелася б жыць, але я не галадаю”.

(Студэнтка: ) “Я жыву з бацькамі. Яны пакуль зарабляюць, і мяне пакуль гэтае пытаньне на дадзены момант не турбуе”.

(Дзяўчына: ) “Мы нічога ня можам зрабіць. Што мы…”

(Спадар: ) “Не, я на ўсё цяпер плюнуў. Я праз паўгода зьяжджаю ў Амэрыку, таму тут мне ўсе абыякава”.

Такое скарачэньне розьніцы ў коштах – далёка ня скрайняя мяжа, лічыць эканаміст Леанід Злотнікаў. Зь ягоных словаў, праблема палягае ў занадта вялікіх вытворчых выдатках, якія не акупаюцца. Дзяржава па-ранейшаму субсыдуе сельскую гаспадарку, але нехта за гэта павінен расплачвацца: у выніку гэта робяць пакупнікі, якім даводзіцца ўскосна выплачваць дзяржаве тое, што яна аддала занядбаным калгасам.

(Злотнікаў: ) “У сілу таго, што там вытворчыя выдаткі ніжэйшыя, а ў нас выдаткі вельмі высокія – бо ніхто ж ня лічыць, колькі нам каштавала тона збожжа гэтым летам. Гэта галоўная прычына. І пакуль у нас ня будзе рэформаў, то розьніца ў выдатках і розьніца ў коштах будзе расьці не на карысьць Беларусі”.

У Расеі ж вытворчасьцю харчоў займаюцца шматлікія прыватныя фірмы, фэрмэрскія гаспадаркі, а ва ўмовах канкурэнцыі кошты маюць уласьцівасьць зьніжацца.
XS
SM
MD
LG