Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рабочыя Барысаўскага крышталёвага заводу папрасілі “Барысаўскі кур’ер” абвергнуць непраўдзівыя зьвесткі афіцыйных СМІ пра становішча на заводзе


Падрыхтаваў Міхал Стэльмак Агляд незалежнага друку

“Беларуская дзелавая газэта” ў сёньняшнім нумары вяртаецца да тэмы мінулых выбараў і рэфэрэндуму. Пытаньне вынікаў гэтых палітычных кампаній, паводле выданьня, працягвае заставацца надзённым для беларускага грамадзтва, паколькі па гэтым пытаньні ўлада і апазыцыя ня прыйшлі да згоды. У прыватнасьці, “БДГ” зьвяртае ўвагу сваіх чытачоў на той факт, што спраўдзіліся некаторыя выніковыя зьвесткі пра выбары й рэфэрэндум, якія прадстаўнікі апазыцыі абнародавалі яшчэ да галасаваньня. І гэта, як вынікае з публікацыі ў “Беларускай дзелавой газэце”, робіць вэрсію фальшаваньня вынікаў гэтых палітычных кампаній праўдападобнай.

“Завод у агні”– пад такім загалоўкам газэта “Кур’ер з Барысава” друкуе ў сьвежым нумары журналісцкае дасьледаваньне пра эканамічную драму, якая разгортваецца на Барысаўскім крышталёвым заводзе. Ініцыявалі гэтую публікацыю, як паведамляе газэта, рабочыя прадпрыемства, якія завіталі ў рэдакцыю і папрасілі абвергнуць сфальшаваныя, на іх думку, зьвесткі пра становішча на гэтым заводзе ў афіцыйных сродках масавай інфармацыі. Паводле рабочых, тут “капеечныя” заробкі і адсутнасьць эканамічнага прагрэсу. Як вынікае з дасьледаваньня “Кур’ера”, у многім гэтыя зьвесткі спраўдзіліся. Барысаўскі завод, насамрэч, у даўгах як у шаўках. Для фінансавага аздараўленьня патрэбныя замежныя інвэстыцыі. Аднак, як зазначае газэта, разьлічваць сёньня на іх па зразумелых прычынах прадпрыемству ня варта.

Івянецкая газэта “Сутокі” распавядае пра дабрачынную акцыю “Памяці продкаў дзень прысьвяці”, якая напярэдадні Дзядоў адбылася ў гэтым мястэчку Валожынскага раёну. Ініцыяваная мясцовай суполкай Партыі БНФ акцыя, паводле выданьня, атрымала шырокую падтрымку жыхароў мястэчка. Цягам трох дзён многія зь іх працавалі на тутэйшых каталіцкіх могілках. Пілавалі старыя дрэвы, выкарчоўвалі кусты, вывозілі сьмецьце. Бліжэйшым часам івянчукі мяркуюць з дапамогай гэрбіцыдаў вынішчыць на могілках і пустазельле. Арганізатары акцыі спадзяюцца, што ў Івянцы яна стане традыцыйнай. “Добраўпарадкаваныя, дагледжаныя могілкі – прыкмета цывілізаванасьці нацыі”, сьцьвярджае ў “Сутоках” аўтар публікацыі Вінцэнт Солтан.

Прыемную вестку для сваіх чытачоў, якія займаюцца літаратурнай творчасьцю і якія жывуць на Берасьцейшчыне, паведамляе ў сёньняшнім нумары “Камсамольская праўда ў Беларусі”. Пчаляр з Пружан Мікола Папека заснаваў для іх незвычайную прэмію. Лепшых паэтаў гэтага рэгіёну ў якасьці ўзнагароды чакае пуд мёду. Сёлетні ляўрэат – творца зь Пінску Валеры Грышкавец. Пчаляр Папека за перамогу ў паэтычным спаборніцтве ўручыў яму аж цэлае вядро мёду.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG