Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Цытаты мінулага – 28 кастрычніка


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Беларуская прэса розных гадоў 28 кастрычніка

“Савецкая Беларусь”, 1924 год:

“У №249 “Савецкай Беларусі” на 3-й старонцы укралася памылка: пад карэспандэнцыяй з Воршы надрукован загаловак “Нас не разбудзілі!” Трэба чытаць “Нас разбудзілі!”

“Беларуская крыніца”, 1934 год. Чытач напярэдадні Дзядоў піша:

“Маю на думцы надпісы на магільных памятніках. У беларускім народзе справа з гэтым зусім дрэнная. Чужынцы заваладалі душой беларуса ня толькі пры жыцьці яго, але пячаць свайго над ім валадараньня налажылі на яго таксама і па сьмерці. На сялянскіх могілках нашых ад польскіх і маскоўскіх надпісаў на памятніках аж у ваччу роіцца. Крыўдныя для нас і ня маючыя нічога супольнага з праўдай гэныя чужацкія надпісы, здаецца, сьмяюцца з беларуса нават па сьмерці яго”.

“Віцебскі рабочы”, 1944 год. З вызваленага ад фашыстаў Дуброўна:

“Жадаючы хутчэйшай перамогі над ворагам, калгаснікі раёна на адбыўшыхся сходах аднадушна абавязаліся выканаць да 1 лістапада натурплату за работу МТС, вярнуць насенныя ссуды, як мага больш даць Радзіме, Чырвонай Арміі хлеба. Перавыканаўшы план хлебапаставак, калгаснікі арганізавалі масавую здачу хлеба ў фонд Чырвонай Арміі. Дзесяткі нагружаных падвод са збожжам штодзённа накіроўваюцца на ссыпныя пункты. За два дні тут здана больш 1470 пудоў зярна ў фонд Чырвонай Арміі”.
XS
SM
MD
LG