Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

28 кастрычніка 1523 году ў Кракаве выйшла з друку “Песьня пра зубра”


Ул. інф. Што адбывалася ў Беларусі і ў сьвеце 28 кастрычніка

28 кастрычніка 1523 году ў Кракаве выйшла з друку паэма Міколы Гусоўскага “Песьня пра зубра” – хрэстаматыйны твор беларускае літаратуры Сярэднявечча.

28 кастрычніка 1939 году ў Беластоку пачаў працу Народны Сход Заходняй Беларусі, які прыняў Дэклярацыю пра ўключэньне Заходняе Беларусі ў склад БССР. Папярэднічалі сходу выбары, на якіх былі абраныя 926 дэпутатаў. Народны сход меў фармальны характар, бо праводзіўся пад поўным кантролем уладаў, хоць і спрычыніўся да аб’яднаньня беларускага народу ў адно дзяржаўнае ўтварэньне.

28 кастрычніка 1999 году ў Беларусі была заснаваная Археаграфічная камісія, задача якой – зьбіраць і вывучаць старажытныя архіўныя дакумэнты. Сваімі папярэдніцамі новая арганізацыя называе Віленскую Археаграфічную камісію, якая працавала ў 19 стагодзьдзі, і Археаграфічную камісію пры Інстытуце беларускае культуры, што была створаная ў Менску ў 1927 годзе, але праіснавала нядоўга. Галоўная праблема сёньняшняй камісіі – гэта недаступнасьць многіх архіваў, у першую чаргу – архіву КГБ, дзе хаваюцца многія таямніцы беларускай гісторыі савецкага пэрыяду.

28 кастрычніка 1884 году ў Менску прыйшоў на сьвет Фларыян Ждановіч, адзін з заснавальнікаў прафэсійнага тэатру, актор, рэжысэр і грамадзкі дзеяч. Тэатральную адукацыю ён атрымаў у Варшаве, быў мастацкім кіраўніком Першага беларускага таварыства драмы й камэдыі. Ждановіч зрабіў шмат першых пастановак клясыкі беларускае драматургіі – Купалы, Коласа, Аляхновіча, Галубка, Каганца. Ён сам перакладаў на беларускую творы польскай, расейскай і ўкраінскай клясыкі. У 1930 годзе яго арыштавалі й засудзілі на тры гады катаргі, якую ён адбываў на Беламорканале. Але й пасьля яму не далі вярнуцца ў Беларусь. У 1938 годзе Ждановіча арыштавалі ізноў. На тым ягоная біяграфія абарвалася.

Сярод славутых людзей, што нарадзіліся 28 кастрычніка ў розныя гады, згадаем сёньня галяндзкага пісьменьніка і філёзафа Эразма Ратэрдамскага, ангельскага мастака Фрэнсіса Бэкана і амэрыканскага бізнэсоўца Біла Гейца, кіраўніка кампаніі “Майкрасофт” і найбагацейшага чалавека плянэты. Сёньня Гейцу спаўняецца 49 гадоў.

А яшчэ 28 кастрычніка ў 1945 годзе на пустэчы вакол Камсамольскага возера ў Менску быў закладзены парк Перамогі. На плошчы ў 60 гектараў было высаджана 58 тысячаў дрэваў і кустоў. Сёньня тут – адно з самых папулярных месцаў адпачынку ў беларускай сталіцы.
XS
SM
MD
LG