Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апублікаваньне справаздачы выкліча нэгатыўнае стаўленьне да беларускіх уладаў у сьвеце, лічыць М.Грыб


Алесь Дашчынскі, Менск Апублікаваныя на сайце ЦРУ абвінавачаньні на адрас беларускіх уладаў у незаконных пастаўках вайсковага абсталяваньня і тэхналёгіяў у Ірак – гэта, на думку некаторых беларускіх палітыкаў, першае сур’ёзнае наступства прынятага Злучанымі Штатамі “Акту аб дэмакратыі ў Беларусі”. Палітыкі ўважліва знаёмяцца з гэтымі матэрыяламі й робяць свае высновы.

Уражвае той аб’ём паставак зброі зь Беларусі для Іраку, аб якіх гаворыцца ў справаздачы, а таксама вялікая колькасьць высокапастаўленых чыноўнікаў, якія замешаны ў гэтых парушэньнях міжнародных абавязацельстваў. Ад гэтага робіцца страшна, падкрэсьлівае былы старшыня Вярхоўнага Савета Мечыслаў Грыб:

(Грыб: ) “Калі мы ўваходзім у сусьветную супольнасьць, там ёсьць пэўныя правілы, пэўныя адносіны паміж дзяржавамі. Мы павінны гэтага прытрымлівацца. Але ж беларускія ўлады, калі чуюць пах вялікіх грошай, яны шукаюць дзе можна прадаць даражэй, не зьвяртаючы ні на што ўвагі. Гэта так ці інакш павінна было скончыцца, і яно скончылася. Апублікаваньне гэтых зьвестак у сьвеце выкліча вельмі нэгатыўнае стаўленьне да беларускіх уладаў ня толькі з боку Злучаных Штатаў Амэрыкі, але і іхных саюзьнікаў па Іраку. Гэта павінна так быць”.

Паводле Мечыслава Грыба, Беларусь можа гандляваць зброяй, але гэты тавар не павінен ісьці ў краіны, якія парушаюць правы чалавека ці рыхтуюць напады на іншыя дзяржавы. Спадар Грыб згадаў, што калі ён быў яшчэ на пасадзе старшыні Вярхоўнага Савету, паступалі прапановы прадаць проціпаветраную ўстаноўку С-300.

(Грыб: ) “Нават неафіцыйна былі прапановы, калі мы згодзімся, то хопіць грошай і на нас, і на нашых дзяцей, і на нашых унукаў. Але я сказаў, што мы на гэта ня пойдзем, і тут катэгарычна выступіў тагачасны міністар абароны Павал Казлоўскі, і мы далі адлуп Савету міністраў і спадару Кебічу асабіста, і больш гэтыя пытаньні ўжо не ўздымаліся. А потым, улада зьмянілася, і С-300 прадалі, і ўсё іншае прадалі, і куды гэта пайшло, і куды гэтыя грошы пайшлі? – ніхто ня ведае. Колькі было зароблена грошай, на якіх рахунках яны аселі? Таму што ў бюджэце іх няма”.

Гэтае ж пытаньне задае і былы старшыня Савета рэспублікі Аляксандар Вайтовіч, камэнтуючы справаздачу Дуэлфэра адносна Беларусі.

(Вайтовіч: ) “Вельмі шкада, што гэта рабілася нашай краінай, якая цудоўная, спакойная, міралюбівыя людзі, спакойныя, а краіна рабіла гэта – значыць, улады рабілі, тут людзі ні пры чым. Спадар Лукашэнка заявіў, што ў яго ёсьць нейкая асабістая кармушка, і ўзьнікаюць пытаньні, як гэтая кармушка папаўняецца фінансамі. Магчыма, што гэтыя незаконныя апэрацыі са зброяй фармавалі кармушку спадара Лукашэнкі. Гэтую кармушку трэба перадаць у бюджэт, народу. Але нічога добрага для краіны тут няма”.

Лідэр ЛДП, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Гайдукевіч абяцае зьвярнуцца ў ЦРУ за больш падрабязнай інфармацыяй.

(Гайдукевіч: ) “Вось няхай хоць па любым пункце нешта будзе прыкладзена, ну хоць што-небудзь. Таму што я хачу быць абсалютна аб’ектыўным. Я хачу, каб мяне паважалі і Злучаныя Штаты, і ў Эўропе, і ў краіне. Не хачу выбіраць ніякіх бакоў, я хачу быць аб’ектыўным”.

Былы судзьдзя Канстытуцыйнага суда Міхаіл Пастухоў выказваецца адносна апублікаваных ЦРУ матэрыялаў як прафэсійны юрыст.

(Пастухоў: ) “Калі праваахоўныя органы знойдуць, што гэтая інфармацыя заслугоўвае даверу і ўтрымлівае ўказаньні на прыкметы нейкіх злачынстваў, то яны павінны па гэтым пытаньні пачаць вытворчасьць”.

Паводле Міхаіла Пастухова, далейшае разьвіцьцё падзей залежыць ад стаўленьня праваахоўных органаў да апублікаваных ЦРУ матэрыялаў. Як жа прагназуе разьвіцьцё сытуацыі спадар Пастухоў?

(Пастухоў: ) “Я думаю, што ніякіх канкрэтных дзеяньняў, прыцягненьня да адказнасьці кагосьці, узбуджэньня спраў хутчэй за ўсё ня будзе. Калі адрэагуюць, то чыста ў прапагандысцкім пляне”.

Дырэктар незалежнага Інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў прафэсар Алег Манаеў разглядае факт публікацыі справаздачы Дуэлфэра ў сьвятле прынятага Акта аб дэмакратыі ў Беларусі. Паводле прафэсара Манаева, гэта пацьверджаньне таго, што гэты закон пачынае рэальна працаваць, асабліва ў частцы санкцыяў адносна рэжыму.

(Манаеў: ) “Я радасна вітаю гэты факт. Гэта сьведчаньне таго, што гэты закон – гэта рэальны мэханізм, які пачне мяняць узаемаадносіны ЗША і Рэспублікі Беларусь на карысьць разьвіцьця нашай краіны, разьвіцьця дэмакратыі, умацаваньня яе сувэрэнітэту й незалежнасьці”.
XS
SM
MD
LG