Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юры Хашчавацкі прапануе скласьці “чорны сьпіс” тых, хто актыўна садзейнічаў фальсыфікацыі вынікаў выбараў і рэфэрэндуму


Уладзімер Глод, Менск Неверагодная паводле сваіх маштабаў фальсыфікацыя вынікаў рэфэрэндуму й выбараў у Палату прадстаўнікоў падштурхнула дэмакратычны рух да адпаведных дзеяньняў. Знакаміты кінарэжысэр Юры Хашчавацкі прапануе скласьці своеасаблівы “чорны сьпіс” тых, хто актыўна садзейнічаў фальсыфікацыі. У яго мяркуюць уключыць ня толькі сябраў Цэнтрвыбаркаму, але й прадстаўнікоў ідэалягічнай вэртыкалі, а таксама найбольш актыўных супрацоўнікаў акруговых і ўчастковых выбарчых камісіяў. Наколькі гэтая ініцыятыва можа мець юрыдычны грунт, наколькі яна рэалістычная?

Са сваёй прапановай спадар Хашчавацкі выступіў на сходзе прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі, і там яна атрымала моцную падтрымку. Што тычыцца палітычнай часткі справы, то тут ніякага сумневу няма. Іншая справа, наколькі такія дзеяньні могуць быць абгрунтаваныя з прававога боку? За тлумачэньнямі на гэты конт я зьвярнуўся да заслужанага юрыста краіны Мечыслава Грыба, які лічыць, што тут існуе юрыдычная пэрспэктыва.

(Грыб: ) “Гэта крымінальныя злачынствы, якія тычацца вырашэньня палітычных пытаньняў. І тэрміну даўнасьці яны ня маюць. Сёньня ці заўтра, але за гэта прыйдзецца адказваць. Калі прытрымлівацца Выбарчага кодэксу й ўсё рабіць адпаведна зь ім, то зрабіць усё за 50 хвілінаў: і правесьці паседжаньне, і палічыць бюлетэні з трох скрынак па двух накірунках, рэфэрэндум і выбары – немагчыма. І калі назіральнік гаворыць: я складу пратакол аб парушэньнях і накірую ў Цэнтарвыбаркам, то старшыня камісіі адказвае: калі ласка, складай і давай мне, я сам туды аднясу. Людзі з выбарчых камісіяў нічога не баяцца – ім гарантаваная бясьпека ў парушэньні заканадаўства. Яны за сябе ўпэўненыя, бо яны парушаюць закон на карысьць улады”.

Вядома, што бюлетэні ды іншыя прыналежнасьці рэфэрэндуму ды выбарчай кампаніі доўга не захоўваюцца. Кажуць, што праз паўгода іх проста зьнішчаюць. Ці магчыма ў адсутнасьці гэтых дакумэнтаў дазнацца пра ўсё тое, што рабілася падчас выбарчых кампаніяў? Гэтае пытаньне я задаў спадару Грыбу.

(Грыб: ) “Калі гэтая справа зрушыцца зь месца, то тады яны пачнуць паказваць адзін на аднаго. Гэта будзе цэлы клубок. Але я думаю, што сябры гэтых камісіяў уведзеныя ў зман, яны запалоханыя, яны прымушаныя. Я не лічу, што яны – вялікія злодзеі. Яны апынуліся ў пэўны момант ня ў тым месцы, дзе ім трэба было быць. Але ж, з другога боку, яны займаліся парушэньнем заканадаўства. Разглядацца гэтая справа будзе, прыцягнутыя да адказнасьці будуць. Зразумела, ня ўсе. Гэта ня будзе мэтай дэмакратычнага ўраду, калі ён прыйдзе. Але пакараньне патрэбнае, бо фальсыфікацыя цяпер укаранілася ў Беларусі. А гэта вельмі небясьпечна”.
XS
SM
MD
LG