Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Францыя адхіляе "справаздачу Долфэра"


Алеся Сёмуха, Вашынгтон Справаздача Чарльза Долфэра, спэцыяльнага дарадцы дырэктара ЦРУ ЗША, была падрыхтаваная адмыслова сфармаванай групай абсьледаваньня, у якой працавалі аўстралійскія, брытанскія і амэрыканскія вайскоўцы і аналітыкі. Іхняй задачай было сабраць і прааналізаваць дакумэнты, пакінутыя рэжымам Садама Хусэйна, сьведчаньні былых супрацоўнікаў рэжыму і праінспэктаваць аб”екты, што маглі мець вайсковае прызначэньне

Пасьля апублікаваньня справаздачы Францыя, якая ня раз згадваецца ў дакумэнтах, заявіла, што прадставіць сакрэтныя дакумэнты сьледчым па справе махінацый з праграмай “Нафта ў абмен на харчаваньне”, каб абвергнуць абвінавачваньні згаданыя ў справаздачы да французскіх кампаній. Французскі бок лічыць, што абвінавачваньні ў махінацыях не пацьверджаныя. Мы зьвярнуліся па камэнтар пра аўтэнтычнасьць матар’ялаў да ЦРУ ЗША. Прэсавая прадстаўніца ЦРУ вось як пракамэнтавала гэта: “Перш за ўсё я ня буду камэнтаваць справаздачу, якая належыць ня нам, а Чарльзу Долфэру. Ён апублікаваў яе і справаздача сама за сябе гаворыць, у сэнсе інфармацыі, якая ў ім прыведзена, як яна была атрымана і як прэзэнтаваная. Дакумэнты, якія ён выкарыстоўвае ў справаздачы былі здабытыя ў Іраку. Гэта Ірацкія дакумэнты”. У прадмове справаздачы Долфэра гаворыцца, што інфармацыя, атрыманая ад былых супрацоўнікаў рэжыму фармуе вельмі важкую частку справаздачы, але мусіць разглядацца асьцярожна, таму што аспэкт судовага перасьледу неўмінуча паўплываў на іх паказаньні. Мэта справаздачы – даць інфармацыю і факты для далейшага разгляду.

Частка справаздачы, што апісвае мэханізмы працы праграмы “Нафта ў абмен на харчаваньне” ў значнай частцы базуецца на дакумэнтах атрыманых з ірацкага Міністэрства па нафце і дзяржаўнай нафтавай маркетынгавай арганізацыі. Гэтыя матар’ялы маюць на мэце прадэманстраваць толькі тактыку і стратэгію ірацкага рэжыму. Справаздача ня мае намеру аналізаваць наступствы для іншых краін. Удзел у праграме ваўчараў “Нафта ў абмен на харчаваньне” мог быць цалкам законны і правільны, у залежнасьці ад акалічнасьцяў. “Іншыя асобы, - гаворыцца ў справаздачы, - мусяць прааналізаваць гэтыя зьдзелкі. Але відавочна, што рэжым Хусэйна спрабаваў уплываць і ўзнагароджваць, ужываючы гэты мэханізм”.
XS
SM
MD
LG