Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кааліцыя "Пяцёрка+" узнаўляе паездкі па рэгіёнах


Уладзімер Глод, Менск Адпаведнае рашэньне было прынятае на паседжаньні лідэраў блёку, якое адбылося 27 кастрычніка ў Менску. Рэгіянальныя сустрэчы маюць дзьве мэты: далейшае зьяднаньне ўсіх апанэнтаў рэжыму Лукашэнкі й распаўсюд інфармацыі пра сапраўдныя вынікі рэфэрэндуму й выбараў.

Старшыня Аб''яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, які таксама ўдзельнічаў у сёньняшняй сустрэчы, гаворыць, што трэба, перадусім, мацаваць супольнасьць і сумесную працу ў рэгіёнах:

(Лябедзька: ) “Мы застанемся АГП – АГП, ПКБ – ПКБ, але мы хацелі, каб гэта былі ўсё ж такі каманды, якія працуюць на наступны год яшчэ больш шчыльна, чым гэта было цяпер”.

Кіраўнікі палітычных партыяў і грамадзкіх структураў, што ўваходзяць у "Пяцёрку+", хочуць пашыраць склад кааліцыі. Дзеля гэтага, як казалі яны сёньня, патрэбна пайсьці на разумны кампраміс і прыцягваць да сябе тыя сілы, якія падчас рэфэрэндуму аказалі пасіўны супраціў рэжыму. Паездкі ў рэгіёны як раз і дапамогуць вызначыць новых патэнцыйных партнэраў, лічыць спадар Лябедзька:

(Лябедзька: ) “Гэта чарнавая праца. Яна не кладзецца на фотааб''ектыў, на камэру. Той станоўчы досьвед, які быў у нас у тых акругах і рэгіёнах, дзе мы працавалі зь людзьмі ад дзьвярэй да дзьвярэй, трэба захаваць. Мы хацелі б знайсьці такую ж матывацыю, каб працягваць гэтую працу. Гэта таксама вынік нашага сёньняшняга абмеркаваньня”.
XS
SM
MD
LG