Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У пракуратуры Беларусі спынілі крымінальную справу прадпрыемства “Унідрагмэт” – Казулін чакае на прабачэньні


Алег Грузьдзіловіч, Менск З прычыны гэтай крымінальнай справы быў вызвалены ад пасады рэктара Белдзяржунівэрсытэту Аляксандар Казулін. Аляксандар Казулін не чакае аднаўленьня на працы, але спадзяецца хаця б на прабачэньні.

Спыненая крымінальная справа прадпрыемства “Унідрагмэт” Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, у якой фігуравалі кіраўнікі гэтага прадпрыемства Георгі Корзун і Вячаслаў Саньнікаў, а ад пачатку завядзеньня справы таксама і былы рэктар БДУ Аляксандар Казулін. Пра гэта сьледчыя паведамілі фігурантам справы.

Нагадаем, восеньню 2003 году Аляксандар Лукашэнка сваім загадам зьняў Аляксандра Казуліна з пасады рэктара на той падставе, што ён быццам датычны да зьнікненьня некалькіх кіляграмаў золата. Як тады сьцьвярджалі сьледчыя пракуратуры, гэтае золата праз розныя махінацыі нібыта скралі падначаленыя Казуліну кіраўнікі прадпрыемства “Унідрагмэт”. Цяпер сьледчыя прыйшлі да высновы, што іх абвінавачаньні былі беспадстаўнымі.

(Казулін: ) “Справядлівасць перамагла. Тое, што ёсьць на самой справе, тое і высьветлена”, — гэтак Аляксандар Казулін пракамэнтаваў Радыё Свабода рашэньне пракуратуры аб спыненьні справы.

Што да далейшых плянаў Аляксандра Казуліна, ён іх ставіць у залежнасьць ад далейшых крокаў улады.

(Казулін: ) “Калі нехта кагосьці ўвёў у зман, а гэта відавочна, і хутчэй за ўсё, у зман увялі прэзыдэнта, трэба паглядзець, якія высновы будуць зробленыя ў дачыненьні да іх”.

Ужо амаль год Аляксандар Казулін не працуе. Дагэтуль, паводле ягоных словаў, ён чакае добрых прапановаў аб працаўладкаваньні, але найперш спадзяецца пачуць прабачэньні за тое, што зь ім адбылося.

У 2001 годзе падчас прэзыдэнцкіх выбараў студэнты БДУ ў асноўным галасавалі супраць Аляксандра Лукашэнкі. Пазьней гэта было пастаўленае ў віну рэктару Аляксандру Казуліну.

Паводле некаторых крыніцаў, з гэтай прычыны не адбылося ягонае прызначэньне ў Нью-Ёрк прадстаўніком Беларусі ў ААН. Адначасова зьявіліся зьвесткі, што Аляксандар Казулін нібыта мае намер у 2006 годзе вылучацца на прэзыдэнта. Неўзабаве пасьля зьяўленьня гэтых чутак узьнікла справа “Унідрагмэту”, і Аляксандар Казулін быў накіраваны ў адстаўку.
XS
SM
MD
LG