Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Так, я сябраваў з братам Садама і сынам ірацкага лідэра Ўдэем Хусэйнам, аднак не магу сказаць, што адчыняў іхныя дзьверы нагою”


Юры Сьвірко, Менск Згаданыя ў справаздачы Долфэра на сайце ЦРУ асобы абвяргаюць справаздачу або адмаўляюцца ад камэнтароў. МЗС Беларусі заяўляе, што публікацыі на гэтую тэму ня маюць нічога агульнага з рэчаіснасьцю. А былы першы намесьнік старшыні ЛДП Аляксандар Рабатай заявіў, што факты атрыманьня камісійных удзельнікамі ўгодаў з Іракам даказаць практычна немагчыма.

Прэсавы сакратар МЗС Андрэй Савіных прачытаў публікацыі на тэму справаздачы Долфэра на сайце ЦРУ пра сувязі беларускага рэжыму з Іракам часу Садама Хусэйна, і ахарактарызаваў іх гэтак:

(Савіных: ) “Гэта незразумелыя публікацыі, якія мы разглядаем як чыста спэкуляцыйныя ды якія камэнтаваць ня будзем. Абсалютна відавочна, што гэта зусім тэндэнцыйныя публікацыі, якія ня маюць нічога агульнага з рэчаіснасьцю”.

Беларускі “Інфабанк”, які ўжо некалькі разоў быў абвінавачаны ў незаконных сувязях з Іракам, таксама адмаўляецца ад камэнтароў.

Новаабраны дэпутат Палаты прадстаўнікоў, кіраўнік Фэдэрацыі прафсаюзаў і былы сустаршыня беларуска-ірацкай урадавай камісіі Леанід Козік ухіляецца ад размоваў на ірацкую тэму, хаця раней гучна заяўляў, што падасьць у суд на амэрыканскі часопіс “Newsweek”, які летась пісаў пра незаконныя сувязі спадара Козіка з рэжымам Садама Хусэйна.

Пра намер падаць у суд на ЦРУ заявіў і былы першы намесьнік старшыні Лібэральна-дэмакратычнай партыі Аляксандар Рабатай, які дадаў, аднак, што пакуль ня мае грошай на тое, каб судзіцца, бо атрымлівае цяпер толькі вайсковую пэнсію падпалкоўніка. Ён абвергнуў тое, што меў нейкае дачыненьне да КГБ ці іншых спэцслужбаў, але пацьвердзіў, што цягам васьмі гадоў адказваў у ЛДП за сувязі з Іракам.

“Так, я сябраваў з братам Садама Аль-Маджыдам і сынам ірацкага лідэра Ўдэем Хусэйнам, аднак не магу сказаць, што адчыняў іхныя дзьверы нагою”, — заявіў Аляксандар Рабатай. Пра абвінавачаньні, якія ўтрымваюцца ў справаздачы, ён сказаў:

(Рабатай: ) “Я трапіў туды? Узнагароджаньне за зброю? Зусім кепска з “дахам” ці што? Мы езьдзілі афіцыйна па партыйнай лініі. Як я мог — чалавек, які атрымліваў ад спадара Гайдукевіча мізэр, працуючы ў яго першым намесьнікам і зьяўляючыся ідэолягам ЛДП, — пракручваць такія справы?”

Аднак спадар Рабатай дадаў, што чуў ад найвышэйшых ірацкіх чыноўнікаў, што пэўныя палітыкі маглі зьвярнуцца да іх і паўплываць на тое, каб нейкая кампанія трапіла ў сьпіс квотаў у межах праграмы “Нафта ў абмен на харчаваньне”. Аднак Аляксандар Рабатай падкрэсьлівае, што факты атрыманьня камісійных удзельнікамі такіх угодаў даказаць практычна немагчыма.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG