Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ці будзе забароненае клянаваньне па ўсім сьвеце – дэбаты ў ААН


Кастусь Бандарук, Прага Прадстаўнікі краінаў-сяброў Арганізацыі Аб’яднанаых Нацыяў падзяліліся ў пытаньні глябальнай забароны клянаваньня. Эўразьвяз і азіяцкія краіны выступаюць за тое, каб дазволіць паасобным краінам самім вырашаць, ці дазволіць у сябе клянаваньне ў тэрапэўтычных мэтах, аднак краіны на чале са Злучанымі Штатамі лічаць, што клянаваньне ў любой форме – неэтычнае і патрабуюць ўвядзеньня поўнай забароны на такія дзеяньні.

Генэральная Асамблея ААН аднавіла дэбаты ў тэме клянаваньня, якія пачаліся яшчэ летась.

Праект глябальнай канвэнцыі, прапанаваны ў ААН Бэльгіяй, прадугледжвае, што клянаваньне ў рэпрадуктыўных мэтах было б забароненае, а клянаваньне ў тэрапэўтычных мэтах – дазволенае ўрадамі паасобных краінаў. Сярод тых, хто падтрымаў гэты законапраект: амаль усе краіны Эўразьвязу, Турэччына, Паўдзённая Карэя, Японія і Беларусь.

Амбасадар Вялікай Брытаніі ў ААН Джонс Пэры заявіў, што клянаваньне ў тэрапэўтычных мэтах можа дапамагчы вылечыць шэраг хваробаў, у тым ліку хваробы сэрца і дыябет, і таму ягоная краіна настойвае на тым, каб дазволіць кантраляванае клянаваньне.

(Пэры: ) “Мы ня можам падтрымаць любую спробу забароны альбо бяздумную забарону клянаваньня ў навуковых мэтах, гэта значыць тэрапэўтычнага клянаваньня. Мы лічым, што тэрапэўтычнае клянаваньне шматабяцальнае ў сэнсе пасьпяховага лячэньня сур’ёзных хваробаў, якія пакуль – невылечныя”.

Аднак супрацьлеглы праект рэзалюцыі прадставіла Коста-Рыка. Прадстаўнік гэтай краіны заявіў, што клянаваньне ў любой форме, гэта атака на чалавечую годнасьць. Коста-Рыку падтрымалі Злучаныя Штаты Амэрыкі, Аўстралія, Італія, Грузія і чатыры сярэднеазіяцкія былыя савецкія рэспублікі.

Амбасадар Ватыкану, які мае ў ААН статус назіральніка, архіепіскап Чэлестына Мільёрэ рэзка асудзіў спробы дазволіць клянаваньне.

(Мільёрэ: ) “Так званае “тэрапэўтычнае клянаваньне”, стварэньне чалавечых эмбрыёнаў дзеля іх пазьнейшага зьнішчэньня, нават калі гэта ў будучыні можа дапамагчы хворым, падаецца несумяшчальным з павагай для чалавечай годнасьці, паколькі ператварае адно чалавечае жыцьцё ўсяго толькі ў інструмэнт іншага жыцьця”.

Прадстаўніца Турэччыны Гокчэн Тургул заявіла ад імя Арганізацыі ісламская канфэрэнцыя, што ісламскія краіны падтрымліваюць поўную забарону клянаваньня, аднак трэба, каб такую рэзалюцыю падтрымала большая колькасьць краін дзеля таго, каб быў дасягнуты кансэнсус.

Паўдзённая Карэя, якая найбольш прасунулася наперад у дасьледаваньнях над камлёвымі клеткамі, прапанавала ўстрымацца ад прыняцьця рэзалюцыі, і заміж гэтага правесьці ў наступным годзе міжнародную канфэрэнцыю на тэму клянаваньня.

Што тычыцца Злучаных Штатаў, дык клянаваньне там афіцыйна забароненае. Кандыдаты на пасаду прэзыдэнта ЗША разыходзяцца таксама ў пытаньні дасьледаваньняў над камлёвымі клеткамі, што сталася адным з элемэнтаў у барацьбе за прэзыдэнцкую пасаду. Джон Кэры падтрымлівае дасьледаваньні над гэтымі клеткамі, узятымі з чалавечых эмбрыёнаў, а Джордж Буш рашуча выступае супраць такіх дасьледаваньняў.
XS
SM
MD
LG